Выбрать главу

У левай руцэ вершнік трымаў шчыт. Трохі пазней на шчыце з’явіўся шасціканцовы крыж. Ён быў падобны да крыжа, што некалі зрабіў для асветніцы Еўфрасінні полацкі майстар Лазар Богша. Крыж гэты беларусы надта шанавалі, а таму ў жорсткай сечы ён дадаваў мужнасці слабейшаму, а моцнага ваяра рабіў яшчэ мацнейшым.

Згодна з законамі дзяржавы, «Пагоню» выразалі на пячатках, што цяпер па ўсёй Беларусі знаходзяць археолагі. Герб упрыгожваў гарадскія брамы і вежы, а таксама сцягі ваяводстваў, на якія дзялілася Вялікае Княства Літоўскае, як цяпер нашая краіна дзеліцца на вобласці.

«Пагоня» была і на гербах некаторых беларускіх гарадоў.

Пра што гавораць колеры

Дзяржаўныя гербы заўсёды каляровыя, прычым кожны колер абавязкова нешта значыць.

Герб старажытнай беларускай дзяржавы выглядаў як чырвоны ці, дакладней, пурпуровы шчыт з белай або срэбнай выяваю рыцара. Шасціканцовы крыж на рыцарскім шчыце быў залатога колеру.

Цяпер паглядзім, што зашыфраванае ў гэтых колерах, пра што яны нам гавораць.

Чырвоны колер нашыя прадзеды лічылі самым высакародным. Ён азначаў агонь, мужнасць, смеласць у бітве. Белы ці срэбны — гэта чысціня, дабро, свабода і незалежнасць. Золата крыжа казала пра жыццё, святло, надзею.

Трэба дадаць, што белы і чырвоны колеры беларусы асабліва любяць. Гэта відаць і ва ўзорах нашых дзівосных ручнікоў, і ў даўнейшым народным адзенні, якое, магчыма, яшчэ насілі вашы дзядулі і бабулі.

У беларускіх казках асілкі едуць бараніць свой народ ад злыдняў абавязкова на белым кані, што пасецца на запаведных лугах.

А цяпер паслухайце, як прыгожа пісаў пра «Пагоню» адзін стары беларускі часопіс: “Белы конь — гэта вобраз сілы, красы і здатнасці, адраджэння і ўваскрэсення да новага жыцця. Ваяка на белым кані азначае перамогу. Белы колер вельмі пашыраны на Беларусі, згэтуль, магчыма, паходзіць і яе назва — белая, чыстая, вольная, як святло сонца”.

Як нарадзіўся беларускі сцяг

Спачатку сцяг Вялікага Княства Літоўскага быў чырвоны з вышытымі на ім «Пагоняй» і Багародзіцаю з яе маленькім сынам Ісусам. Іншыя еўрапейскія краіны тады таксама мелі сцягі з рознымі складанымі выявамі. Але прыкладна пяцьсот гадоў таму сталі з’яўляцца сцягі больш простыя і зручныя. Найчасцей яны ўтвараліся так.

Гербавы малюнак змяшчалі на шчыце. Дык вось колер малюнка рабіўся галоўным колерам сцяга, а колер шчыта — дадатковым. Рыцар «Пагоні», як мы ведаем, быў белы, а шчыт, на якім ён намаляваны, — чырвоны.

Так і ўтварыўся беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Ягоныя колеры расшыфроўваюцца гэтаксама, як і колеры герба.

Даўней бел-чырвона-белыя сцяжкі развяваліся на дзідах у ваяроў, якія баранілі незалежнасць нашай краіны.

Калі вы пойдзеце з бацькамі ў царкву, дык убачыце бел-чырвона-белыя стужкі на адзенні ў святароў. Тут белы колер азначае чыстую душу чалавека, а чырвоны кажа пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста, які сваёй крывёю пасеяў у людскіх душах слова праўды.

Два стагоддзі забароны

Дзвесце гадоў, з таго часу, як Беларусь захапілі расейскія цары, а потым бальшавікі, «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг былі пад забаронаю.

Захопнікі хацелі, каб мы забылі нашую слаўную гісторыю. Людзей, якія не ведаюць свайго мінулага, лягчэй прыгнятаць і рабаваць. Іх можна прымусіць забыць родную мову. Можна лёгка навучыць шанаваць не сваіх, а чужых герояў.

Быў час, калі за малюнак «Пагоні» бальшавікі маглі на ўсё жыццё кінуць чалавека ў турму або за калючы лагерны дрот.

Але і ў часы прыгнёту беларусы бераглі памяць пра свае сапраўдныя сцяг і герб. Мастакі малявалі нашую святую «Пагоню» на карцінах, паэты пісалі пра яе вершы і паэмы. Смелыя людзі захоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі.

У 1991 годзе Беларусь абвясціла ўсяму свету, што яна вярнула сабе незалежнасць.

«Пагоня» і старажытны сцяг зноў зрабіліся дзяржаўнымі адзнакамі. Па іх нашую краіну адрознівалі ад іншых.

Бел-чырвона-белыя сцягі вольна залуналі над Домам урада ў Менску, над кожным беларускім горадам. Нашыя сцягі ўпрыгожвалі вуліцы ў час святаў. Пад імі адбываліся вайсковыя парады. Іх узнімалі ў пасольствах Беларусі за мяжой, на міжнародных спартыўных спаборніцтвах.

Даведаўшыся гісторыю нашага старажытнага сцяга, наступны раз пагаворым пра атрыманыя пад ім выдатныя перамогі.

Пытанні і заданні

1. Колькі гадоў нашаму старажытнаму гербу?

2. Чаму наш герб называюць «Пагоняй»?

3. Пра што гавораць нам колеры «Пагоні»?