Выбрать главу

Францішак Скарына пазнаёміўся з дасведчанымі друкарамі і ўзяўся старанна вывучаць іхняе майстэрства. Ён напісаў на Бацькаўшчыну лісты і папрасіў багатых людзей дапамагчы яму грашыма, каб набыць паперу, фарбу ды іншыя патрэбныя рэчы. Пачаць выданне сваіх кніг ён намерыўся ў сталіцы Чэхіі горадзе Празе, сярод блізкага па мове і прыязнага да беларусаў народа.

6 жніўня 1517 года Францішак Скарына выдаў сваю першую кнігу. Яна называлася «Псалтыр». Услед за ёю ён надрукаваў у Празе яшчэ дваццаць дзве кнігі. Усе яны былі часткамі старажытнай кнігі — Бібліі. Скарына сам перакладаў яе на зразумелую беларусам мову.

Да сваіх кніг доктар Францішак пісаў прадмовы і пасляслоўі. Ён тлумачыў, што Біблія — не толькі святая кніга пра Бога, але яшчэ і каштоўны падручнік у самых розных навуках.

У творах, што выходзілі з-пад ягонага пяра, Скарына вучыў землякоў любіць радзіму так аддана, як птушкі любяць свае гнёзды, і бараніць яе, як пчолы бароняць свае вуллі.

Кнігі Францішка Скарыны былі першымі друкаванымі выданнямі не толькі ў беларусаў, але і ў іншых усходнеславянскіх народаў. Таму вучонага палачаніна называюць беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром.

Першая друкаваная кніга ў расейцаў з’явілася амаль на пяцьдзесят гадоў пазней за нашую.

Партрэт першадрукара

Надзвычай цікава разглядаць цудоўныя малюнкі-гравюры Скарынавых кніг. На іх — біблійныя героі, але яны апранутыя так, як апраналіся тым часам беларусы. Сённяшнія гісторыкі вывучаюць па гэтых ілюстрацыях побыт нашых продкаў, іхняе адзенне, тое, як яны працавалі, як будавалі дамы і палацы.

Некаторыя вучоныя лічаць, што Скарына сам рабіў да кніг малюнкі. На адным мы бачым партрэт першадрукара.

Скарына працуе ў кабінеце сярод кніг і навуковых прыладаў. Цішыню і глыбокі роздум вучонага вартуюць скульптуры львоў. Пясочны гадзіннік нагадвае пра тое, што час ляціць вельмі хутка і чалавек не павінен траціць яго на пустыя і нявартыя справы. А вось — пчала. Гэта напамінак, што трэба браць прыклад з яе працавітасці. На партрэце можна знайсці кошыкі для збору лекавых раслінаў, якія Францішак добра ведаў.

Сам першадрукар у доктарскай мантыі і ў барэтцы сядзіць за рабочым столікам. У руках у яго пяро, перад ім — сшытак, а справа — вялікая разгорнутая кніга. Скарына перакладае Біблію.

На гэтым партрэце змешчаны і герб першадрукара — сонца і месяц у час зацьмення. Яго тлумачаць па-рознаму, але можна беспамылкова сказаць, што герб сцвярджае перамогу святла над цемраю, ведаў над невуцтвам, жыцця над смерцю. Якраз гэтаму і прысвяціў Скарына жыццё.

Жыццё, поўнае прыгодаў

Жыццё першадрукара было напоўненае падарожжамі, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі.

З Прагі ён вярнуўся на радзіму, у Вялікае Княства Літоўскае, і з дапамогаю заможных землякоў заснаваў друкарню ў Вільні. Францішак Скарына працаваў лекарам, удзельнічаў у складанні законаў дзяржавы.

Сябры, баючыся за жыццё першадрукара, адгаворвалі яго ад задуманай паездкі ў Маскву. Аднак Скарына ўсё ж паехаў туды і прапанаваў тамтэйшым уладарам таксама наладзіць друкаванне кніг. Вялікі князь маскоўскі адмовіўся і загадаў спаліць прывезеныя палачанінам кнігі. Маскоўскія валадары не хацелі, каб у іхняй дзяржаве сярод народа пашыралася кніжная мудрасць. У Маскоўшчыне простыя людзі павінны былі быць цёмнымі і непісьменнымі рабамі.

Шмат бедаў і цяжкасцяў выпала Скарыну і на радзіме. Ён быў смелы чалавек і адступаў ад правілаў выдання Бібліі, што былі зацверджаныя царквою. Гэта лічылася злачынствам, за якое першадрукара маглі не менш як трынаццаць разоў прысудзіць да спалення на вогнішчы.

Скарыну давялося і пасядзець у турме. Туды яго кінулі за братавы даўгі. Даведаўшыся пра гэта, сам вялікі князь Жыгімонт загадаў вызваліць вучонага палачаніна і даў яму вечную ахоўную грамату.

Гэта было прызнаннем вялікіх заслуг доктара Францішка перад народам і дзяржавай.

Апошнія гады жыцця Скарыны прайшлі ў Празе. Там ён працаваў садоўнікам у чэшскага караля і набыў славу добрага лекара.

Апрача кніг, якія захоўваюцца цяпер у розных краінах, наш выдатны зямляк пакінуў пасля сябе шмат таямніцаў. Дагэтуль дакладна невядома, ні калі ён нарадзіўся, ні калі памёр. Невядома, хто стварыў да ягоных кніг цудоўныя гравюры. Вучоныя спрачаюцца пра час яго паступлення ў Кракаўскі універсітэт і нават пра тое, як правільней называць Скарыну — Францішак або Францыск...

Калі вы захочаце стаць гісторыкамі і вывучаць жыццё Скарыны, вас могуць напаткаць важныя навуковыя адкрыцці.