Беларускі ваявода ніколі не выходзіў насустрач татарскім аддзелам, калі яны пачыналі набег. Ён чакаў, пакуль ворагі будуць вяртацца са здабычаю назад. Выведнікі сачылі за імі і паведамлялі Астрожскаму, дзе арда рабаўнікоў спынілася на адпачынак.
Князь загадваў сваім коннікам загадзя нарыхтаваць харч, каб не распальваць уначы вогнішча. У цемры ваяры асцярожна абкружалі татарскі стан. Захопнікі ў гэты час рэзалі бараноў, смажылі мяса, спакойна балявалі і клаліся спаць. А як толькі ўзыходзіла сонца, на сонных татараў віхураю наляталі нашыя ваяры.
Канстанцін Астрожскі ваяваў так удала, што вялікі князь прызначыў яго найвышэйшым гетманам — начальнікам над усімі войскамі дзяржавы. Тады ваяводу было толькі 37 гадоў. Ніхто дагэтуль не атрымліваў гэткай важнай пасады ў такім маладым веку.
Тыя, хто верыў у незвычайны ваярскі талент новага гетмана, не памыліліся. Князь Канстанцін адолеў ворага ў шасцідзесяці трох бітвах.
Астрожскі не толькі бараніў Айчыну са зброяй у руках. Ён будаваў замкі, манастыры і цэрквы, адчыняў на свае грошы школы і шпіталі для хворых. Пра Астрожскага пісалі, што ён быў узорам таго, як трэба жыць і працаваць, каб быць пераможцам.
Найбольшую ж славу прынесла беларускаму гетману перамога над маскоўцамі пад Воршай.
Маскоўскі князь Васіль III абвясціў Вялікаму Княству новую вайну. Ягоным ваяводам удалося авалодаць Смаленскам. Крамлёўскаму ўладару здавалася, што ён без цяжкасцяў зойме ўсю Беларусь. Ён нават загадаў сваім падначаленым прыгнаць беларускае войска пугамі, як статак жывёлы, да маскоўскае брамы.
Сеючы на нашай зямлі смерць, ворагі захапілі Крычаў, Амсціслаў, Дуброўну і рваліся да Менска. Насустрач непрыяцелю выступіў гетман Астрожскі.
Маскоўскія ваяводы сабралі ўсю сваю збройную сілу на беразе рэчкі Крапіўны недалёка ад Воршы. У іх было 80 тысяч коннікаў. Гетман вёў з сабою толькі 30 тысяч конных і пешых ваяроў. Ведаючы гэта, чужынцы не сумняваліся, што здабудуць лёгкую перамогу.
Уначы перад бітваю Астрожскі падышоў да Дняпра і пераправіў свае аддзелы на другі бок ракі, дзе, расцягнуўшыся на некалькі вёрстаў, яго чакала расейскае войска. Частка конніцы перайшла раку ўброд. Для астатняга войска нашы майстры хутка навялі масты са звязаных, добра зашпакляваных бочак.
На досвітку 8 верасня 1514 года палкі Канстанціна Астрожскага ўжо стаялі ў баявым парадку насупраць ворага.
Зірнуўшы направа, найвышэйшы гетман бачыў беларускую конніцу. Пасярэдзіне са стрэльбамі-рушніцамі напагатове чакала пяхота, а злева рыхтаваліся да бою польскія конныя дружыны. Пяхоту прыкрывала частка гарматаў. Астатнія свае гарматы князь Астрожскі схаваў у засадзе.
Загрымелі баявыя бубны, гучна заспявалі трубы-сурмы з турыных рагоў, і крывавая сеча пачалася.
Ваяры Канстанціна Астрожскага лёгка адбілі першую атаку маскоўскай конніцы. Гетман лётаў на сваім даўганогім жарабцы наперадзе і аддаваў загады. Пасля абмену атакамі маскоўскія ваяводы паспрабавалі абкружыць войска Вялікага Княства, аднак князь Канстанцін адразу разгадаў гэтую задуму.
Нарэшце гетман ускінуў над галавой булаву і павёў сваю конніцу ў рашучы наступ. Вершнікі з налёту ўрэзаліся ў варожыя шыхты і пачалі працаваць шаблямі і дзідамі. Астрожскі, як і раней, быў навідавоку, натхняючы сваіх.
Раптам адбылося нешта нечаканае. Коннікі Вялікага Княства развярнулі коней назад і па камандзе гетмана сталі паспешліва адыходзіць. Маскоўская конніца з радасным крыкам кінулася ў пагоню.
Вершнікі Астрожскага на ўсёй хуткасці несліся да блізкага лесу. І тут гетман зноў узмахнуў булавой. Ягоная конніца крута павярнула на два бакі і паімчала далей, а расейцы апынуліся перад пакінутымі ў засадзе гарматамі.
Артылерысты ўдарылі па разгубленых ворагах трапнымі стрэламі. Тыя ў паніцы кінуліся ўцякаць, але палкі Астрожскага ўжо былі гатовыя да пагоні. Пяць міляў яны гналі і секлі непрыяцеля, спыніўшыся толькі тады, як надышла ноч. Шмат хто з чужынцаў патануў у Дняпры і Крапіўне, загінуў у балотнай дрыгве ды густых лясах.
У летапісах занатавана, што пад Воршай сустрэлі сваю смерць 40 тысяч захопнікаў. Дзесяць варожых ваяводаў і колькі тысяч ваяроў трапіла ў палон.
Вестку пра страшны разгром свайго войска маскоўскі князь Васіль III пачуў у Смаленску. Ён загадаў павесіць на гарадскіх валах усіх жыхароў, якія хацелі вярнуць свой горад у Вялікае Княства Літоўскае, а сам уцёк у Масковію.
Так развеяліся ягоныя мары пугамі прыгнаць нашае войска пад маскоўскія сцены.