Выбрать главу

Аршанская бітва засталася ў гісторыі як адна з найбуйнейшых у Еўропе XVI стагоддзя. Пасля паразы царскіх ваяводаў на рэчцы Крапіўне амаль усе захопленыя імі гарады былі вызваленыя.

Даведаўшыся пра падзеі пад Воршай, крымскія татары некалькі гадоў баяліся нападаць на Вялікае Княства Літоўскае.

У гонар сваёй выдатнай перамогі гетман Канстанцін Астрожскі на ўласныя грошы пабудаваў у сталіцы нашай дзяржавы Вільні праваслаўныя храмы святой Тройцы і святога Мікалая, якія захаваліся дасёння.

Памяць пра перамогу

Неўзабаве пасля разгрому захопнікаў нехта з тагачасных мастакоў стварыў карціну «Бітва пад Воршай». Цяпер гэтая карціна знаходзіцца ў Польшчы, у адным з музеяў Варшавы. На ёй можна ўбачыць, як нашае войска перапраўляецца цераз раку Дняпро, як яно рыхтуецца да бітвы і як б’е ворага.

На сваіх доўгіх дзідах беларускія коннікі трымаюць бел-чырвона-белыя сцяжкі. Гэта першы вядомы малюнак нашага нацыянальнага сцяга.

У гонар выдатнай перамогі на рэчцы Крапіўне беларускі народ склаў песню, у якой услаўляў гетмана Астрожскага і ягоных смелых ваяроў. У гэтай песні ёсць такія словы:

Ой, у нядзельку параненька Ўзышло сонца хмарненька, Узышло сонца над борам, Па-над Сялецкім таборам. А ў таборы трубы йграюць, Да ваяцкае парады зазываюць, Сталі рады адбываці, Адкуль Воршы здабываці: А ці з поля, а ці з лесу, А ці з рэчкі невялічкі? А ні з поля, а ні з лесу Толькі з рэчкі невялічкі. А ў нядзельку параненьку Сталі хлопцы-пяцігорцы Каля рэчкі на прыгорцы: Гучаць разам з самапалаў, З сяміпалых ад запалаў. Б’юць паўсоткаю з гарматаў. Масква стала наракаці, Места Воршу пакідаці; А як з Воршы уцякалі, Рэчку невялічку пракліналі: “Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала, Як наша слава тутака прапала; Бадай высыхала да сканчэння свету, Што нашай славанькі ўжо нету”. Слава Воршы ўжо не горша. Слаўся, пан Астрожскі!

Прамінула ўжо амаль пяцьсот гадоў, а памяць пра бітву пад Воршай жыве ў нашым народзе.

У 1992 годзе ў дзень слаўнай перамогі войска Астрожскага над захопнікамі тысячы беларусаў сабраліся ў Менску на плошчы Незалежнасці. Яны далі ўрачыстую вайсковую прысягу мужна і самааддана бараніць Беларускую дзяржаву ад любых яе ворагаў.

Пытанні і заданні

1. Якія новыя ворагі з’явіліся ў нашых продкаў пасля разгрому нямецкіх рыцараў пад Грунвальдам?

2. Раскажы, як Вялікае Княства Літоўскае змагалася з татарамі. Каля якога беларускага горада была разгромленая варожая арда?

3. Што ты ведаеш пра Канстанціна Астрожскага? 

4. Якімі мірнымі справамі займаўся князь Астрожскі?

5. За што гаспадар Вялікага Княства прызначыў яго гетманам?

6. Колькі бітваў выйграў гетман Астрожскі? Дзе і калі ён здабыў самую славутую перамогу?

7. Раскажы пра Аршанскую бітву.

8. Якая вайсковая хітрасць дапамагла нашым прадзедам перамагчы ворагаў на беразе рэчкі Крапіўны?

9. Што адбылося ў дзень бітвы пад Воршай у 1992 годзе на менскай плошчы Незалежнасці?

Мікола Гусоўскі

У беларуса не трэба пытацца, што гэта за звер — зубр. Ты, вядома, таксама няраз бачыў яго і па тэлевізары, і на фотаздымках ды малюнках у сваіх кніжках. А калі табе пашанцавала пабыць на экскурсіі ў Белавежскай пушчы, дык паглядзеў і на жывых лясных волатаў.

У розныя стагоддзі беларускія пісьменнікі часта пісалі пра гэтага магутнага і прыгожага звера. А самы славуты твор, прысвечаны гаспадару нашых пушчаў, стварыў у далёкім XVI стагоддзі паэт Мікола Гусоўскі.

Сын паляўнічага

Звестак пра Міколу Гусоўскага захавалася надзвычай мала. Нарадзіўся ён прыкладна ў той самы час, што і Францішак Скарына, але дзе — невядома. Хутчэй за ўсё месцам нараджэння будучага паэта быў прыдняпроўскі край, дзе прайшло ягонае маленства.

Вучоныя мяркуюць, што Гусоўскі мог з’явіцца на свет у сям’і князеўскага лесніка-палясоўшчыка або паляўнічага. Хлопчыку з ранняга дзяцінства давялося дапамагаць бацьку ў ягоных нялёгкіх клопатах. У юнацтве ён і сам ужо быў добрым паляўнічым. Мікола цудоўна ведаў навакольныя лясы і пушчы, звярыныя сцежкі і звычаі. Узімку ён шпарка хадзіў на кароткіх і шырокіх паляўнічых лыжах-іртах, улетку пераплываў побач з канём раку. Ён выдатна страляў з лука і арбалета.