Але паэт не толькі апісваў велічнага валадара беларускіх лясоў. Ён усхвалявана і шчыра апавядаў пра родную зямлю, яе перамогі і яе няшчасці.
Мікола Гусоўскі добра ведаў мінулае Вялікага Княства Літоўскага. У «Песні пра зубра» ён з любоўю і захапленнем згадваў Вітаўта Вялікага. Паэт пісаў пра тое, што князь Вітаўт быў сапраўдным гаспадаром і абаронцам нашай дзяржавы. Падданыя яго паважалі, а ворагі баяліся, як чорт крыжа.
Гусоўскі з абурэннем уздымаў свой голас супраць войнаў і пакутаў простых людзей. Ён заклікаў еўрапейскія народы аб’яднацца, каб разам даць адпор жорсткім заваёўнікам на чале з турэцкім султанам:
Якраз тады, калі «Песня пра зубра» была гатовая, у Рым прыйшла страшная хвароба — чума. Лекаў ад яе людзі яшчэ не ведалі і тысячамі паміралі ў страшных пакутах. Чума забрала жыццё ў Эразма Вітэліюса, не пашкадавала і самога папу Лявона X.
Застаўшыся без магутных апекуноў, паэт не мог надрукаваць сваю паэму ў Рыме. Ён таксама мог заразіцца чумой і памерці. Але ў хвіліны роспачы яму дапамагалі думкі пра далёкую радзіму і пра свой твор, які не павінен быў загінуць.
Мікола Гусоўскі здолеў уратавацца ад смерці і вярнуўся ў Кракаў. Як найвялікшы скарб вёз ён па небяспечных дарогах рукапіс паэмы.
Польскай каралеваю і вялікай княгіняю тым часам была адукаваная італьянка Бона Сфорца. Дзякуючы яе падтрымцы ў 1523 годзе Гусоўскі выдаў у Кракаўскай друкарні сваю адзіную кнігу, куды ўвайшлі паэма «Песня пра зубра» і напісаныя ў Рыме вершы.
На пачатку кнігі паэт звяртаўся да каралевы з просьбаю ўзяць пад сваю апеку ўсіх таленавітых людзей навукі і мастацтва, каб яны маглі працаваць на карысць дзяржаве, не думаючы пра кавалак хлеба. Гусоўскі разумеў, што ад гэтых людзей таксама вельмі залежыць магутнасць краіны і яе будучыня.
На жаль, уладары не пачулі гэтага закліку. Як часта здараецца, кароль і прыдворныя хутка забыліся пра выдатнага песняра. Апошнія гады Мікола Гусоўскі пражыў у нястачы, пакутуючы ад хваробаў і адзіноты.
Сапраўдная слава прыйшла да яго толькі праз некалькі стагоддзяў. Паэма «Песня пра зубра» сёння перакладзеная на беларускую, польскую, летувіскую, расейскую ды іншыя мовы.
Беларускія мастакі стварылі некалькі партрэтаў знакамітага паэта. У двары Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Менску нядаўна пастаўлены помнік аўтару «Песні пра зубра».
Імем Гусоўскага названая адна з менскіх вуліцаў.
Яго натхнёная паэма зноў і зноў перавыдаецца. Яе вывучаюць школьнікі, студэнты і вучоныя. Яна дае кожнаму добры ўрок любасці да Бацькаўшчыны.
1. Што ты ведаеш пра дзяцінства і юнацтва Міколы Гусоўскага?
2. Якая небяспека пагражала тады еўрапейскім краінам?
3. Як паэт апынуўся ў Рыме?
4. Хто заказаў Гусоўскаму паэму пра паляванне на зубра? Чаму паэт згадзіўся на гэтую прапанову?
5. Як называецца галоўны твор Міколы Гусоўскага?
6. Прачытай урывак з «Песні пра зубра» і паспрабуй намаляваць сустрэчу чалавека з гэтым зверам.
7. Якога вялікага князя ўславіў Гусоўскі ў сваім творы?
8. Чаму паэт не змог надрукаваць паэму ў Рыме?
9. Хто дапамог Гусоўскаму выдаць ягоную «Песню»?
10. Як ушанаваная памяць Міколы Гусоўскага ў нашай краіне?
Полацкая вайна
Ты ўжо ведаеш пра бітву пад Воршай, дзе нашыя прадзеды разграмілі ўтрая большае войска ўсходніх заваёўнікаў. Але і пасля гэтага расейскія цары па-ранейшаму называлі беларускую зямлю сваёй і імкнуліся захапіць яе.
У сярэдзіне XVI стагоддзя новую крывавую вайну з Вялікім Княствам Літоўскім пачаў цар Іван Грозны.
Гэта быў чалавек з надта жорсткім сэрцам і дзікім норавам. У дзіцячыя гады ён любіў скідваць з высокіх дахаў катоў і здзекавацца з іншай дробнай жывёлы, а потым пачаў спіхваць з вышыні і таварышаў сваіх гульняў.
Зрабіўшыся царом, Іван з асалодаю мучыў людзей. Ён акружыў сябе кђтамі і даносчыкамі, сек галовы былым сябрам і нават забіў свайго сына.
Аднойчы цару прывезлі з Персіі падарунак — слана. Крамлёўскі ўладар закамандаваў яму апусціцца на калені, але няшчасная жывёліна, не разумеючы расейскае мовы, не паслухалася. Тады Іван загадаў сваім слугам пасекчы слана на дробныя кавалкі.