Гэтае зімовае свята беларусы адзначаюць і цяпер.
Улетку святкавалі Купалле. У Купальскую ноч скакалі праз вогнішча, пускалі па рацэ вянкі. Верылі, быццам гэтая ноч чароўная: з вечара да раніцы дрэвы могуць хадзіць, звяры — размаўляць, а людзі — разумець іхнюю мову. Лічылася, што такой парою найлепей шукаць схаваныя ў зямлі скарбы. Каля таго месца, дзе закапанае багацце, нібыта з’яўляўся блакітны агеньчык. Але здабыць гэты чароўны скарб нялёгка, бо ён загавораны: чым глыбей капаеш, тым глыбей хаваецца.
Нашыя прашчуры адзначалі шмат святаў. Светлым і радасным было гуканне вясны, калі людзі клікалі добрых духаў і прасілі іх ажывіць зямлю пасля зімовага сну. Былі таксама святы маладых усходаў, пачатку і заканчэння жніва.
Каляды і Купалле беларусы святкуюць і цяпер. Юнакі і дзяўчаты ладзяць таксама Гуканне вясны, адраджаюць іншыя прыгожыя звычаі прадзедаў.
Славяне здаўна шанавалі сваіх продкаў, якіх называлі дзядамі. Увесну хадзілі да іх на магілы з ежаю і пітвом, каб падзяліцца радасцю сонечнае цеплыні і зямнога абуджэння. Увосень дзядоў чакалі дома. Уся сям’я сядала за стол з багатым пачастункам, і гаспадар клікаў продкаў на гасціны. Людзі верылі, што болей за смачныя ласункі дзяды любяць паважную гаворку з успамінамі пра іх ды іхнія добрыя справы.
Мудрыя старажытныя святы ўшанавання продкаў захаваліся ў нас дасёння. Вясновы дзень сустрэчы з імі завецца Радаўніца, а восеньскі — Дзяды.
Духоўная энергія нашых прадзедаў не знікае бясследна. Яна жывіць і ўмацоўвае род і ўвесь народ, дапамагае выстаяць у цяжкія часіны. Таму мы заўсёды адчуваем хваляванне каля нашых старадаўніх сабораў і на палях славутых перамог, атрыманых старажытнымі беларусамі над іх ворагамі. Але прыток сілы ад гэтай энергіі адчувае не кожны, а толькі той, хто захаваў памяць пра сваіх продкаў.
Кожнае славянскае племя, што пасялілася на нашай зямлі, мела сваю назву. Вакол ракі Сож жылі радзімічы, паміж Прыпяццю і Бярэзінай — дрыгавічы, па Бугу — бужане.
У тых мясцінах, адкуль пачынаюцца Дзвіна, Дняпро і Волга, шырока рассялілася магутнае племя крывічоў. Частка крывічоў пабудавала свае гарадзішчы на берагах Дзвіны, дзе яна зліваецца з рэчкай Палатой.
Ад наймення рэчкі жыхары тых земляў сталі звацца палачанамі. Палата дала імя і нашаму першаму гораду — Полацку.
Полацак такі старажытны, што яго называюць бацькам беларускіх гарадоў.
Але пра гэта мы пагаворым ужо наступным разам.
1. Калі на нашай зямлі з’явіліся першыя людзі?
2. Паспрабуй намаляваць стаянку старажытнага чалавека.
3. Чым жалезны век адрозніваецца ад каменнага?
4. Што ты даведаўся з апавядання пра славянаў і балтаў?
5. Што павінен быў зрабіць у старажытнасці хлопец, каб яго лічылі сапраўдным мужчынам?
6. Як звалі галоўнага бога, у якога верылі нашыя продкі? Якія словы ў беларускай мове захавалі яго імя?
7. Якія ты ведаеш старажытныя беларускія святы? Раскажы пра іх.
8. Назаві даўнейшыя святы, якія беларусы адзначаюць і ў нашым часе. Як іх святкуюць у тваім горадзе або вёсцы?
9. Як называліся славянскія плямёны, што прыйшлі на нашу зямлю? Дзе яны пасяліліся?
10. Папрасі сваіх бацькоў расказаць, кім былі іх дзядулі і бабулі, іншыя продкі.
11. Запішы імёны і прозвішчы сваіх родзічаў, а таксама тое, чым яны займаліся ў жыцці.
Рагвалод і Рагнеда
Узрост старажытных гарадоў лічаць з таго года, калі пра горад упершыню паведамляе летапіс.
Летапіс — гэта кніга, у якую адукаваныя людзі запісвалі галоўныя падзеі: калі пачалася вайна, калі здарыўся вялікі пажар, калі быў добры ўраджай, а калі — голад... Гэтых адукаваных людзей звалі летапісцамі. Не думайце, быццам яны пісалі толькі пра тое, што здарылася ўлетку. Словам “лета” тады называлі цэлы год.
Дзякуючы летапісцам, мы ведаем, што Полацак у 862 годзе ўжо быў пабудаваны. Значыцца, яму амаль 1150 гадоў. А вучоныя-археолагі, зрабіўшы ў Полацку раскопкі, высветлілі, што ў сапраўднасці ён значна старажытнейшы. Людзі тут жылі яшчэ тады, калі не было летапісаў. Сваім узростам з Полацкам можа параўнацца хіба што Смаленск.
Уявіце, што на чароўнай машыне часу мы з вамі перанесліся на тысячу гадоў назад.
На месцы сённяшняга Полацка з ягонымі шматпавярховымі будынкамі, шырокімі вуліцамі і плошчамі мы ўбачым на беразе Палаты невялікі параўнальна з сучасным горад. Ён абнесены моцнымі драўлянымі сценамі, абкружаны земляным валам і глыбокім ровам.