Аблога Полацка была неверагодна цяжкая. Штодня ліло з неба, і па войску паўзлі чуткі, што дождж пасылаюць нанятыя царом маскоўскія чараўнікі. У сваім шатры-намёце не мог знайсці сухога месца нават сам кароль. Абозы з харчам вћзлі ў глыбачэзнай гразі, і ў каралеўскім стане запахла голадам.
У Сцяпана Батуры былі ваяры з розных краін, але найбольш стойка трымаліся беларусы. Ім надавала сілы жаданне адпомсціць за сваю абрабаваную, заняволеную зямлю.
Вялікакнязеўскія вяшчальнікі-герольды абвясцілі Батураў указ: хто падпаліць замак так, каб яго ўжо не патушылі, атрымае шчодрую ўзнагароду. Дзесяткі ваяроў узброіліся вязкамі сухой лучыны і падаліся да полацкіх сценаў. Шчасце ўсміхнулася майстру-медніку, які апрача лучыны цягнуў на плячах кацёл з гарачымі вугалямі. Ён падпаліў кутнюю вежу, адкуль агонь перакінуўся на сцены.
Галоўны царскі ваявода паведаміў, што ягоныя стральцы складуць зброю, калі Батура захавае ўсім жыццё. Вялікі князь паабяцаў адпусціць на волю ўсіх, хто захоча вярнуцца дахаты, і дазволіць жыць у Полацку тым, хто пажадае застацца. Іншыя маскоўскія ваяводы паспрабавалі ўзарваць замак, але самі ж іхнія стральцы не дазволілі гэтага.
31 жніўня 1579 года Полацак быў вызвалены.
Пасля вайны горад і ваколіцы так абязлюдзелі, што на адбудову ўмацаванняў бралі сялянаў за дзвесце вёрстаў, ажно з-пад Магілева. Пасля нападу маскоўцаў Полацак ужо ніколі не змог вярнуць сабе былога багацця і велічы.
1. Што ты ведаеш пра маскоўскага цара Івана Грознага? Чаму яго называлі Жахлівым?
2. Раскажы пра паход цара Івана на Полацак.
3. Як абараняўся горад ад захопнікаў?
4. Што зрабілі царскія ваякі ў захопленым горадзе?
5. Хто перамог у бітве каля Іванска? Раскажы пра яе больш падрабязна.
6. Якую клятву даў Сцяпан Батура, калі стаў вялікім князем?
7. Як Полацак быў вызвалены ад маскоўскіх заваёўнікаў?
Канцлер Леў Сапега
Цяпер мы пагаворым яшчэ пра аднаго з нашых славутых суайчыннікаў, які ўсё сваё жыццё самааддана служыў Бацькаўшчыне — Вялікаму Княству Літоўскаму і здабыў за гэта пашану і ўдзячную памяць народа.
Яго звалі Леў Сапега.
Род князёў Сапегаў быў у Беларусі адным з самых старажытных, і даў ёй багата вядомых людзей. Але найбольш праславіў яго Леў Сапега, які нарадзіўся ў вёсцы Астроўна, што недалёка ад горада Бешанковічы на Віцебшчыне.
Калі хлопчыку споўнілася шэсць гадоў, бацькі завезлі яго ў Нясвіж. Тады там была найлепшая ў Беларусі школа, адчыненая князямі Радзівіламі. Якраз тым часам вучоны і асветнік Сымон Будны, які працягваў справу Францішка Скарыны, выпусціў у Нясвіжскай друкарні беларускія кнігі. Па адной з іх князевіч Сапега і навучыўся чытаць на роднай мове.
У Нясвіжскім замку, дзе жыў хлопчык, працавала шмат запрошаных Радзівіламі вучоных, вядомых па ўсёй Еўропе. Тут яны пісалі свае творы, выкладалі ў школе, клапаціліся пра багацце Радзівілаўскай бібліятэкі. Гэтыя людзі ведалі старажытныя і сучасныя мовы. Беручы з іх прыклад, Леў Сапега ўжо ў дзяцінстве апрача беларускай мовы выдатна ведаў лацінскую, грэцкую, нямецкую і польскую. Ледзь не кожны дзень здольны да навукі хлопчык праводзіў у замкавай бібліятэцы. Ён чытаў старадаўнія рукапісы і друкаваныя кнігі і хутка назапашваў веды.
У трынаццаць гадоў Леў Сапега ўжо паступіў у знакаміты Ляйпцыгскі універсітэт у Нямеччыне. Там ён захоплена вывучаў гісторыю, філасофію і права — навуку пра законы, па якіх жывуць людзі. Ён ужо марыў пра тое, як будзе служыць роднай зямлі.
З дапамогаю сваіх апекуноў — Радзівілаў — Сапега быў прыняты на службу да караля і вялікага князя Сцяпана Батуры. Гаспадару дзяржавы спадабаўся адукаваны юнак, які старанна выконваў усе даручэнні.
Сапега меў выдатную памяць і бліскуча ведаў законы Вялікага Княства. Ён быў заўсёды ветлівы, сціплы і сумленны. Гледзячы на яго, кароль гаварыў, што Леў Сапега будзе дзяржаўным чалавекам. І ён не памыліўся.
Тым часам, як вы памятаеце, ішла вайна з Масковіяй, што хацела захапіць беларускія землі. Сапега за свае грошы, якія атрымаў у спадчыну ад бацькі, стварыў і ўзброіў цэлы полк, а сам стаў яго камандзірам.