Але гэта нам тагачасны Полацак здаецца невялікім. А ў ім жыло ўжо пяць тысяч жыхароў, і ён лічыўся адным з найбуйнейшых гарадоў на славянскіх землях.
Простыя людзі сяліліся вакол гарадскіх умацаванняў, а за моцнымі сценамі жыў князь са сваімі ваярамі — дружыннікамі. Полацкія дружыны хадзілі ў ваенныя паходы вельмі далёка, ажно на Царгорад. Так у той час называўся горад Канстанцінопаль, які цяпер знаходзіцца ў Турцыі. З летапісаў вядома, што пасля ўдалых паходаў Царгорад плаціў палачанам даніну. Сілу Полацка так паважалі, што аднаму замежнаму падарожніку нават здалося, быццам сцены вакол горада не драўляныя, а каменныя.
Найстаражытнейшы беларускі горад хацеў жыць вольна і незалежна. Ён стаяў на рацэ Дзвіне, па якой на караблях плылі з Чорнага мора ў Балтыйскае купцы. Яны вялі ў горадзе гандаль рознымі таварамі. Гэта дапамагала Полацку хутка багацець і рабіцца яшчэ мацнейшым. Нездарма тады казалі, што дно ў Дзвіны залатое, а берагі срэбныя.
За тысячу гадоў да нас у Полацку ўладарыў князь Рагвалод. Ягонае імя некаторыя вучоныя тлумачаць як валадар рога. Відаць, бацькі назвалі яго так, марачы, каб сын быў храбрым воінам і спрытным паляўнічым. У тыя часы сігналы на паляванне падавалі з рога.
Уладу князя Рагвалода прызналі навакольныя землі крывічоў.
Гэта значыць, што тады ўжо ўтварылася першая беларуская дзяржава — Полацкае княства.
З падуладных Полацку земляў у сталіцу ішла даніна — мяса і збожжа, мёд і воск, футры звяроў. Калі пагражалі напасці ворагі, сюды адусюль збіраліся ваяры.
Апрача Полацкага княства існавалі таксама Кіеўскае і Ноўгарадскае. У Кіеве кіраваў князь Яраполк, а ў Ноўгарадзе — Уладзімір. Абодва яны імкнуліся сябраваць з моцным Полацкам, а таму кожны хацеў, каб ягонай жонкаю стала дачка полацкага князя — прыгажуня Рагнеда.
Над Палатой магло шумець вяселле з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і клятвамі на ўзаемную вернасць. Але атрымалася іначай, і тое вяселле людзі назвалі крывавым.
Спачатку ў Полацак прыехалі сваты з Кіева. Рагвалод паразважаў і вырашыў, што выгадней будзе парадніцца з кіеўскім князем Яраполкам. Рагнедзе споўнілася толькі дванаццаць гадоў, але ў такім узросце князёўна ўжо лічылася нявестай. Выконваючы бацькаву волю, яна пачала рыхтавацца да вяселля і ад’езду ў Кіеў.
І тут у Полацак нечакана заявіліся сваты з Ноўгарада. Князь Рагвалод паклікаў дачку і перад гасцямі запытаўся, ці хоча яна пайсці за Уладзіміра. Ганарлівая Рагнеда адмовілася, ды яшчэ і дадала, што Уладзімір — сын рабыні, а такі жаніх ёй не патрэбны.
Даведаўшыся пра гэта, Уладзімір страшэнна ўгневаўся і з вялікім войскам рушыў на Полацак. Ён збіраўся адпомсціць за крыўду і захапіць крывіцкія землі.
Ворагі напалі раптоўна, і князь Рагвалод не паспеў сабраць сваё войска. У жорсткай сечы нашыя продкі былі разбітыя. Чужынцы спалілі Полацак, забілі Рагвалода і ўсю ягоную сям’ю. Рагнеду князь Уладзімір пад прымусам зрабіў сваёй жонкаю.
Напэўна, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачанаў закапаў вялікі скарб са срэбных манетаў. Ужо нашым часам яго знайшлі, гуляючы на ўзараным полі, полацкія хлапчукі. У скарбе было болей за сем з паловаю тысяч манетаў.
Ці ведаеце вы, што Беларусь па знойдзеных у зямлі старажытных скарбах займае першае месца ў Еўропе, а можа, і ва ўсім свеце? Вось толькі прычына ў гэтага рэкорду сумная. Хаваць сваё багацце людзей прымушалі войны, якія з часоў Уладзіміра і Рагнеды прыходзілі на беларускую зямлю вельмі часта.
Неўзабаве пасля перамогі над палачанамі жорсткі Уладзімір забіў свайго суперніка Яраполка і зрабіўся кіеўскім князем. Рагнеду ён пасяліў у вёсачцы каля Кіева і доўгімі месяцамі не пераведваў ні яе, ні малога сына Ізяслава.
Рагнеда кожны дзень думала пра захопленую ворагамі родную зямлю. Яна ўспамінала, як гарэў Полацак, як плакалі жанчыны і дзеці, якіх гналі ў палон. Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, яна ўзяла меч, каб адпомсціць за сваіх бацькоў і братоў. Але князь прачнуўся і перахапіў руку з мечам. Ён хацеў расправіцца з Рагнедай, аднак яе абараніў сын Ізяслаў, хоць яму і было ўсяго сем гадоў.
Багатыя людзі — баяры параілі князю не забіваць Рагнеду, а адправіць яе з Ізяславам назад, на бацькаўшчыну. Летапісцы паведамілі, што для полацкай князёўны і яе сына на загад Уладзіміра пабудавалі горад Ізяслаў. Цяпер ён называецца Заслаўе і знаходзіцца недалёка ад Менска. Заслаўю, як Полацку і Смаленску, болей за тысячу гадоў.