У тым жа часе на поўную сiлу загучаў голас другога беларускага песняра — Якуба Коласа. Гэта псеўданiм, а ў сапраўднасцi яго клiкалi Кастусём Мiцкевiчам.
Ён з’явiўся на свет у 1882 годзе ў прынёманскай вёсцы побач са Стоўбцамі. Колас скончыў настаўнiцкую семiнарыю ў Нясвiжы. Ён працаваў настаўнiкам на Палессi, а потым пад Менскам. Малады паэт удзельнiчаў у з’ездзе беларускiх настаўнiкаў. З’езд быў нелегальны — гэта значыць не дазволены расейскiмi ўладамi. Таму Коласа спачатку звольнiлi з працы, а потым засудзiлі на тры гады турмы.
Пісаць вершы Якуб Колас пачаў па-расейску. Але, як і Янка Купала, неўзабаве перайшоў на родную мову. Першую кнiгу вершаў Колас назваў «Песнi жальбы». Пасля яе ён узяўся пісаць паэмы «Новая зямля» i «Сымон-музыка». Яны сталi найлепшымi творамi паэта. Якуб Колас таксама пiсаў казкi, аповесцi, раманы. Ён быў аўтарам некалькiх падручнiкаў для школ.
Купалу i Коласа лiчаць аднымi з заснавальнiкаў нашай сучаснай лiтаратуры i беларускай лiтаратурнай мовы.
Побач з Максiмам Багдановiчам, Янкам Купалам i Якубам Коласам натхнёна i плённа працавалi iншыя таленавiтыя паэты i пiсьменнiкi: Цётка (Алаiза Пашкевiч), Максiм Гарэцкi, Змiтрок Бядуля, Алесь Гарун, Карусь Каганец. Дзякуючы iм беларуская паэзiя i проза хутка ўвайшла ў лiк найбольш багатых славянскiх лiтаратураў.
Беларускаму Адраджэнню спрыяла і тэатральнае мастацтва.
У 1910 годзе таленавiты актор i рэжысёр Iгнат Буйнiцкi стварыў беларускi нацыянальны тэатр. У ягоным тэатры былi не толькi акторы, якiя выконвалi п’есы, але таксама хор i танцоры. Разам са сваiмi артыстамi Буйнiцкi аб’ездзiў амаль усе беларускiя гарады i шмат якiя мястэчкi. Гледачы паўсюль сустракалi свой тэатр з радасцю.
Справу Iгната Буйнiцкага працягваў яшчэ адзiн адданы тэатру творца — Алесь Бурбiс. Ён кiраваў «Беларускiм музычна-драматычным гуртком» у Вільні. Акторы гэтага гуртка ўпершыню паставiлi п’есу Янкi Купалы «Паўлiнка».
Усіх людзей, якiя змагалiся за адраджэнне Бацькаўшчыны, аб’ядноўвала i гуртавала газета «Наша Нiва». Яе заснавальнiкамi былi браты Iван ды Антон Луцкевiчы i яшчэ адзiн сябар Грамады Аляксандр Уласаў.
«Наша Нiва» выдавалася ў Вiльнi i прыходзiла да чытачоў кожны тыдзень ад 1906 да 1915 года. Яна зрабiлася сапраўды народнай, агульнабеларускай газетай.
«Наша Нiва» змагалася за правы i свабоды беларусаў. На старонках газеты апавядалася пра падзеi ў нашых гарадах i вёсках, пра жыццё суайчыннікаў у iншых краiнах. «Нашу Нiву» выпiсвалi не толькі ў Беларусi. Яна iшла таксама ў Чэхiю, Украiну, Францыю, Бельгiю, Амерыку.
Надзвычай шмат зрабiла «Наша Нiва» для беларускай лiтаратуры. Дзякуючы газеце беларусы змаглi прачытаць мноства твораў нашых пісьменнікаў і паэтаў.
Апрача таго, рэдакцыя выдавала беларускiя кнiгi i календары. Супрацоўнiкi газеты лiчылi сваiм абавязкам вяртаць праўду пра гераiчную i слаўную мiнуўшчыну. Тут з нумара ў нумар друкавалася «Кароткая гiсторыя Беларусi» Вацлава Ластоўскага. «Наша Нiва» клапацiлася пра развiццё беларускага тэатру, музыкi, усёй нашай культуры.
Царскiя ўлады няраз канфiскоўвалi нумары газеты, але зачынiць яе не здолелi. «Наша Нiва» перамагала, а разам з ёю перамагала i Беларускае Адраджэнне.
1. Якi час нашай гiсторыi называецца Беларускiм Адраджэннем?
2. Што ты даведаўся пра Iвана i Антона Луцкевiчаў? Чаму iх называюць бацькамi нашага Адраджэння?
3. Як называлася першая беларуская партыя? За што яна змагалася?
4. Якiх беларускiх вучоных таго часу ты ведаеш? За што мы iх шануем?
5. Якую назву мела беларускае выдавецтва ў Пецярбурзе? Якiя кнiгi яно выпускала?
6. Раскажы пра жыццё i творчасць Янкi Купалы.
7. Што ты ведаеш пра Якуба Коласа?
8. Чаму мы памятаем пра Iгната Буйнiцкага?
9. Раскажы пра газету «Наша Нiва».
Беларуская Народная Рэспубліка
У 1917 годзе ў Расеi была скiнутая царская ўлада. Вызвалiўшыся з “турмы народаў”, беларусы атрымалi магчымасць стварыць сваю дзяржаву. Каб вызначыць, як далей будзе жыць нашая Бацькаўшчына, у снежнi таго ж года ў Менску сабраўся Усебеларускi з’езд.
На з’езд прыехалi 1872 дэлегаты з усёй Беларусi — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Тады ў свеце iшла вайна. Таму на з’ездзе прысутнiчалi і пасланцы тых беларусаў, якiя служылi ў войску, на флоце, а таксама тых, хто пакiнуў родную зямлю, ратуючыся ад ліхалецця. Такога вялiкага сходу тады не змог сабраць нiводны прыгнечаны народ былой Расейскай iмперыi.