Па дарозе дадому полацкія ваяры раптам убачылі наперадзе вялікую непрыяцельскую раць. Бітва паміж палачанамі і кіянамі адбылася на беразе ракі Судомы. Кіеўскія летапісцы напісалі, што Яраслаў перамог, а разбіты Брачыслаў нібыта ўцёк у родны горад. Але гэта была няпраўда. Як вельмі часта здаралася ў тыя далёкія часы, летапісец проста хацеў дагадзіць свайму князю.
Пераможцам з сечы на Судоме выйшаў Брачыслаў. А князь Яраслаў не толькі мусіў адступіць, але яшчэ і аддаў палачанам гарады Віцебск і Усвят. Гэтыя гарады стаялі на важным гандлёвым шляху. Цяпер купцы, праязджаючы праз іх, плацілі ўжо не Кіеву, а Полацку.
Бітва на рацэ Судоме была ў 1021 годзе. Пасля яе Полацкае княства зноў зрабілася незалежнай дзяржавай.
Полацкая дружына на чале з Брачыславам яшчэ няраз ваявала з ворагамі і вярталася дахаты з перамогай.
Полацак далучыў да сваіх земляў прыдняпроўскія гарады Воршу і Копысь. На поўначы Беларусі стаіць на беразе возера прыгожы горад Браслаў. У старажытнасці ён зваўся Брачыслаў — у гонар полацкага князя, які заснаваў яго ў часе аднаго з сваіх паходаў.
У той паход разам з бацькам мог хадзіць ужо і Брачыславаў сын Усяслаў. Пазней ён стаў самым славутым і магутным полацкім князем. Нашыя продкі называлі яго Чарадзеем і складалі пра свайго валадара быліны і паданні, што дайшлі дасёння.
Пра гэтага князя, якога людзі лічылі чараўніком, пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.
1. Раскажы пра жыццё князя Ізяслава ў Полацку.
2. Чаму ў Полацку доўга не любілі імя Уладзімір?
3. Каго называюць асветнікам? Чаму мы лічым князя Ізяслава першым беларускім асветнікам?
4. Раскажы, як вучыліся дзеці ў старажытнай школе.
5. Адкуль пайшло слова “азбука”?
6. Паспрабуй намаляваць старажытнага перапісчыка кніг. Раскажы пра ягоную працу.
7. Вывучы і раскажы на памяць верш Максіма Багдановіча «Перапісчык».
8. Чаму палачане бераглі свайго маленькага князя Брачыслава?
9. У якіх бітвах перамог князь Брачыслаў?
10. Якія гарады Брачыслаў далучыў да сваёй дзяржавы? Які беларускі горад названы ў яго гонар?
11. Якія ты ведаеш старажытныя беларускія імёны?
Усяслаў Чарадзей
Князь Усяслаў — не толькі самы славуты з валадароў Полацкай дзяржавы, але і самы загадкавы. Летапісы кажуць, што ён нарадзіўся ад чаравання.
Нашыя продкі верылі, што Усяслаў мог ператварацца ў шэрага ваўка, у яснага сокала або ў тура з залатымі рагамі. У адным старажытным творы, які называецца «Слова пра паход Ігаравы», напісана, што Усяслаў Чарадзей спрачаўся з самім богам сонца Хорсам.
Шмат чаго казалі людзі пра полацкага князя. З Кіева ён нібыта чуў, як у Полацку звоняць званы. Мог прадказаць будучыню. Мог, перакінуўшыся ў ваўка, за адну ноч абабегчы ўсю сваю вялікую дзяржаву.
Усе гэтыя быліны і паданні беларусы склалі таму, што Усяслаў сапраўды быў чалавек незвычайны: мудры, дужы і смелы. Ён часта трапляў у складанае становішча, але заўсёды ўдала выходзіў з яго.
У летапісах гаворыцца, што князь праліў шмат варожай крыві. Але большую частку свайго доўгага валадарання Усяслаў жыў з суседнімі княствамі ў згодзе і займаўся мірнымі клопатамі. Ён загадаў узвесці ў Полацку Сафійскі сабор. Хтосьці з вас, напэўна, бачыў яго на малюнках і фатаграфіях, а камусьці пашчасціла ўжо быць у Полацку і пабачыць наш славуты храм ва ўсёй ягонай прыгажосці.
Сабор называюць Сафійскім, бо яго збудавалі ў гонар святой Сафіі. У перакладзе з грэцкай мовы гэтае імя азначае “мудрасць”.
Велічны гмах на стромкім беразе Дзвіны будавалі ўсёй грамадой. Гэта быў першы каменны храм у Полацку, а магчыма, і ва ўсёй Беларусі. Ён меў сем купалаў з пазалочанымі крыжамі. Знадворку храмы тады не атынкоўвалі і не бялілі, а таму сцены ў сабора былі не белыя, як сёння, а паласатыя: пласты цэглы і камянёў чаргаваліся з пластамі будаўнічай рошчыны.
Следам за будаўнікамі ў сабор прыйшлі мастакі. Яны размалявалі сцены казачна багатымі колерамі: смарагдава-зялёным, залацістым, чырвоным... З гэтых малюнкаў, што называюцца фрэскамі, глядзелі святыя ва ўрачыстым адзенні.
Падлогу майстры выклалі з рознакаляровых плітак, і яна была падобная на дзівосны кілім. У высокія вузкія вокны лілося сонечнае святло, а са столі галоўнага купала пазіраў з фрэскі сам Ісус Хрыстос.