У Сафійскім саборы не толькі маліліся Богу. Палачане прымалі там замежных паслоў, абвяшчалі вайну і падпісвалі мір, захоўвалі бібліятэку, якую пачаў збіраць яшчэ князь Ізяслаў. Вучоныя манахі старанна выводзілі тут радкі Полацкага летапісу. Пад сценамі сабора гараджане збіраліся на свае агульныя сходы, што называліся вечам. Там вырашаліся галоўныя дзяржаўныя справы. Веча магло нават выгнаць князя і запрасіць іншага.
На землях усходніх славянаў Сафійскія саборы, апрача Полацка, былі яшчэ ў Кіеве і ў Ноўгарадзе — у трох найбольш буйных і магутных гарадах. Полацкі сабор можна назваць сэрцам старажытнай беларускай дзяржавы.
Ворагі Беларусі няраз хацелі разбурыць яго. Сабор давялося некалькі разоў перабудоўваць, і сёння ён зусім не такі, як за князем Усяславам. На пакладзеным у парозе храма вялікім камені старажытныя будаўнікі напісалі свае імёны: Давыд, Тума, Мікула, Копысь... Гэты камень знайшлі археолагі, і ён стаў музейным экспанатам.
Палачане з любоўю называюць Сафійскі сабор проста Сафіяй або Сафійкай, а пісьменнікі параўноўваюць з белым караблём, што плыве ў чыстым блакітным небе над Дзвіною.
Усяслаў Чарадзей праславіўся і сваімі ваеннымі подзвігамі. Сабраўшы моцную дружыну, ён перамог войска ноўгарадцаў, загадаў зняць з ноўгарадскай Сафіі званы і прывезці іх у Полацак. Потым Чарадзей зрабіў яшчэ адзін удалы паход на землі, дзе жыла літва.
Поспехі палачанаў страшэнна напалохалі іхніх ворагаў. Трое сыноў Яраслава Мудрага на чале з кіеўскім князем Ізяславам напалі на Менск. Горад быў спалены, усіх мужчынаў пасеклі, а жанчын і дзяцей забралі ў палон.
Усяслаў не мог дазволіць варожай дружыне прарвацца ў глыбіню Полацкай дзяржавы. Два войскі сышліся паблізу Менска на рацэ Нямізе. Цэлы тыдзень яны, ашчацініўшыся дзідамі, стаялі насупраць адно аднаго ў глыбокім снезе, а тады князь Чарадзей падняў над галавою руку з мячом, і закіпела бітва. Звінелі мячы, ламаліся ад смяротных удараў дзіды, застывала на снезе гарачая кроў. Старажытны паэт напісаў пра тую сечу:
Шмат Усяслававых ваяроў палегла, аднак палачане баранілі радзіму, і гэта прымнажала ім сілы. Яны не пусцілі чужынцаў на нашу зямлю і прымусілі сыноў Яраслава адступіць.
Бітва на Нямізе адбылася ў 1067 годзе. Апавядаючы пра яе, летапісцы ўпершыню прыгадалі ў сваіх запісах Менск. Ад гэтага года сучасная сталіца Беларусі і лічыць свой узрост.
Не спадзеючыся перамагчы ў адкрытым баі, ворагі Полацкага княства намерыліся дзейнічаць хітрасцю. Улетку таго самага года два войскі сустрэліся зноў пад горадам Воршай. Усяслаў стаяў з дружынаю на адным баку Дняпра, кіяне — на другім. Кіеўскі князь Ізяслаў запрасіў Чарадзея на перамовы і пакляўся, што не ўчыніць полацкаму валадару ніякай крыўды. На знак свае праўдзівасці ён перад усім войскам пацалаваў крыж.
Тым разам мудры Усяслаў памыліўся. Узяўшы з сабой двух сыноў, ён пераплыў на чоўне раку і без зброі і аховы зайшоў у шацёр да кіеўскага князя. Той крыва ўсміхнуўся і махнуў рукой. З усіх бакоў наляцелі дружыннікі, і палачане ўмомант ляжалі на доле, звязаныя вяроўкамі.
Знатных палоннікаў завезлі ў Кіеў, закавалі ў цяжкія кайданы і кінулі ў земляную турму.
Гэта была халодная і сырая яма, накрытая зверху трыма радамі бярвёнаў, з маленькім вакенцам, праз якое ледзьве тачылася паветра. У вакенца вязням прасоўвалі кавалак хлеба і збанок з вадою.
Усяслаў страшэнна пакутаваў ад знявагі і здзекаў. Ён баяўся, што сыны так і памруць, не ўбачыўшы болей сонца. Але трое палачанаў з роду Рагвалода мужна трывалі голад і холад. Ім дапамагала думка пра Бацькаўшчыну. Князь і ягоныя сыны ведалі, што іх чакаюць у Полацку.
Тым часам на Кіеўскую зямлю напалі качэўнікі-полаўцы. Войска князя Ізяслава было разбітае. У Кіеве пачалося народнае паўстанне. Людзі патрабавалі зброі і коней, каб самім ісці супроць полаўцаў.
Ізяслаў пабаяўся, што перад гэтым кіяне расквітаюцца з ім. Ён уцёк, а паўстанцы вызвалілі Усяслава Чарадзея і абвясцілі яго сваім князем.
Полацкі ўладар не збіраўся надоўга затрымлівацца ў чужым горадзе. Неўзабаве ён вярнуўся дадому і праз некалькі гадоў вызваліў беларускую дзяржаву ад захопнікаў.
За Усяславам Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Ягоную ўладу прызнавалі Віцебск, Браслаў, Заслаўе, Ворша, Копысь, Менск, Лукомль, Друцак, Лагойск, Барысаў, Крывічгорад, які стаяў на месцы цяперашняй Вільні... Полацку плацілі даніну продкі сучасных латышоў. Парадніцца з Чарадзеем хацелі самыя знакамітыя валадары з іншых дзяржаў. Усяславава дачка стала жонкаю імператара вялікай і багатай краіны Візантыі.