У тагачасным Полацку жыло дзесяць тысяч чалавек. Такіх буйных гарадоў тады на свеце было няшмат, а Масквы, напрыклад, яшчэ зусім не існавала.
Князь з сям’ёй займаў двухпавярховы драўляны хорам са святліцамі і спачывальнямі, з вялікай палатай, дзе магло сесці за стол сто гасцей. У княжых стайнях білі капытамі зямлю сотні коней. У сховішчах было багата харчовых прыпасаў і зброі.
Далёка ў свеце ведалі полацкіх купцоў. Часцей за ўсё яны везлі ў іншыя краіны воск, мёд і футра каштоўных звяроў: собаляў, гарнастаяў, баброў, вавёрак, лісаў... Іншаземныя купцы прадавалі нашым продкам соль, алей, віно, медзь, волава. Такіх грошай, як цяпер, не было, і людзі разлічваліся на рынках срэбнымі зліткамі або вязкамі футраў.
Шмат хто з гараджанаў займаўся рамяством. Вучоныя-археолагі падлічылі, што ў Полацкім княстве жылі майстры болей чым ста розных спецыяльнасцяў.
Ганчары рабілі з гліны міскі, талеркі, збаны, кубкі і ўсякі іншы посуд. Ткачы
ткалі з ільняных і ваўняных нітак тканіны. Краўцы шылі адзенне, а шаўцы — абутак. Гарбары выраблялі скуры. Ладзейнікі будавалі тагачасныя караблі — ладдзі і стругі. Жарнасекі высякалі з цвёрдага каменю жорны, а з мяккага — вастрыльныя брускі, абразкі ды крыжыкі.
Касцярэзы выразалі з косці грабяні, гузікі і шахматныя фігуркі, бо старажытныя беларусы надта любілі гэтую гульню. Бондары майстравалі бочкі, дзежкі і цэбры. У кузнях працавалі кавалі. Славіліся майстэрствам ювеліры. Яны забяспечвалі жанчын і дзяўчат рознымі ўпрыгожаннямі — пярсцёнкамі, бранзалетамі, карђлямі. Беларускам здаўна падабалася насіць бурштынавыя пацеркі. Людзі верылі, што гэта спрыяе здароўю і дапамагае ад бяссоння.
Сёй-той, магчыма, думае, што нашыя далёкія прашчуры хадзілі ў лапцях, але гэта не так. Абутак і ў гараджанаў, і ў вяскоўцаў быў тады скураны. Жаночыя і дзіцячыя чаравічкі вышывалі каляровымі ніткамі. Адзенне чалавека залежала ад ягонага багацця. У святочны дзень княгіня выходзіла з хорама ў вышываных золатам чаравічках і ў дзвюх падперазаных залатым поясам сукенках-залататканках — кароткай верхняй і доўгай ніжняй. Белую шыю песцілі шырокія каралі з каштоўных камянёў, а ў валасах ззялі на сонцы залатыя або срэбныя падвескі.
Сярод усіх майстроў князь і дружыннікі асабліва паважалі збройнікаў. Яны выкоўвалі незаменныя на вайне сякеры і мячы, прычым такія вострыя, што імі можна было галіцца. У баі ваяра абараняла ад варожага ўдару кальчуга. Яе рабілі з маленькіх жалезных кольцаў. Уявіце, што толькі на адну кальчугу іх часам патрабавалася ажно 60 тысяч.
Ішла слава пра полацкіх майстроў-лучнікаў. На блізкай адлегласці ад стралы з
жалезным гартаваным наканечнікам не ратавалі ні шчыты, ні кальчуга. Нават праляцеўшы сотню крокаў, такая страла лёгка прабівала дубовую дошку таўшчынёю з палец. Лук даставаў крокаў на 300—350. З ім не толькі ваявалі, але і смела хадзілі паляваць на буйнога звера, а па дарозе часам маглі зрэзаць стралою гусь, качку або чаплю.
Ад назваў старажытных майстроў утварылася шмат прозвішчаў. Калі ў вас ёсць знаёмыя хлопчыкі ці дзяўчынкі з прозвішчамі Ганчар, Ганчарык ці Ганчароў, значыцца, нехта з іхніх прадзедаў быў ганчаром. Няцяжка здагадацца, чым займаліся даўнія родзічы Кавалёў і Кавалёвых, Бондараў і Бондаравых, Шаўцовых, Краўцэвічаў і Жарнасекаў.
Прыехаўшы ў Полацак, на высокай гары, дзе стаіць Сафійскі сабор, вы ўбачыце вялізны камень. На ім высечаны шасціканцовы крыж і старадаўні надпіс. Гэта зроблена на загад старэйшага Усяслававага сына князя Барыса. Ідучы на вайну, князь прасіў Бога дапамагчы. Камень так і называюць — Барысаў.
Князь Чарадзей меў яшчэ пяцёра сыноў. Яны кіравалі рознымі гарадамі Полацкага княства, аднак, калі была патрэба, злучалі свае дружыны і разам адстойвалі незалежнасць. Сярод нашчадкаў Усяслава было нямала храбрых ваяроў і таленавітых палкаводцаў. Але найбольшую славу пасля князя Чарадзея прынеслі Беларусі не ваяры.
Гэта зрабіла ягоная ўнучка Еўфрасіння.
Адна старажытная кніга называе Еўфрасінню арлом, які праляцеў па небе ад захаду да ўсходу і, як прамень сонечны, прасвятліў усю зямлю Полацкую. За што ж заслужыла яна такія прыгожыя словы? Пра гэта — наша наступнае апавяданне.