I раптам невядома адкуль усхапілася мяцеліца. Крыштальнае марознае паветра заснудзілася мільярдамі снежных віхур. Яны, як вужакі, як брыдкія гадаўкі, акручвалі жанчыну, апляталі ногі і рукі, згіналі да долу, падбіваліся пад адзежыны, высякалі вочы — не давалі дыхнуць. А яна бегла, бегла далей ад Яўхіма, ад ягонага логава, ад жахлівай прапановы, якая больш за мароз студзіла кроў, сціскала, выкручвала сэрца. Забыцца на ўсё, выкінуць з галавы, як смецце з хаты. Але ж ведзьмаковы словы, што кароста, прысталі да жанчыны, здаецца, чапляліся да яе ласінымі кляшчамі.
«Божа мой светлы, адзіны і недзялімы, чаго ж мяне занясло ў праклятае месца? Дзетачкі мае, матулька родная, выбачайце неразумную, даруйце звар’яцелай. Як выбрацца з гэтай мяцеліцы, як не зблудзіцца, як дайсці да вас, мае дарагія людцы? Дапамажыце, сілы нябесныя, укажыце правільную сцежку на зямліцы, не заблытайце мяне».
Ганна ужо не памятавала, колькі часу ішла расхрыстаная праз няўшчукную мяцеліцу, праз пагусцелы лес. Пот з рассталым ад упаранага цела снегам раз’ядаў жанчыне твар, скочваўся па барадзе і шыі на грудзі. Прайшло гадзіны тры-чатыры, і Ганна ўбачыла праз густую снежную прасціну лёгкі прасвет між дрэў. Яна з апошніх сіл кінулася да яго.
— Будзь ты пракляты, нелюдзь! — выдыхнула Ганна. Яна зноўку стаяла перад Яўхімавым селішчам.— Толькі ж не стане па-твойму. Мая душа — мне, дзіцячая — дзецям! Можаш цела апаскудзіць, а душу — ніколі! Чуеш ты, звярына, ніколі!
Крыкнуўшы гэта, Ганна юлой крутнулася на месцы і зноў знікла ў гушчары... Дзе яна падзелася? Ніхто не ведаў і не ведае, акрамя Яўхіма-ведзьмака.
***
Стомленыя Марк і Варка, з поўнымі кошыкамі касцей, падыходзілі да Яўхімавых варотаў, калі яны з неймавернай сілай расчыніліся і адтуль, як куля з дубальтоўкі, выскачыла нейкая жанчына. У цемры цяжка было разгледзець яе твар, але Варка няведама чаму імгненна выцягнула да яе рукі. Ногі дзяўчыны стаялі на месцы, а тулава, ледзь не пераламваючыся, цягнулася ўперад, да невядомай жанчыны. Толькі ж, здаецца, яна не бачыла ні Варку, ні Марка.
— Мамка, матуля мая! — крыкнула Варка на ўсе грудзі. Толькі ж яе голас скруціла ў вязьмо незразумела адкуль наляцелая мацеліца. Жанчыну схавала густая сцяна са снегу. Вецер бязладна грукаў варотамі і, нібы жартаўліва забаўляючыся з хлопцам і дзяўчынай, падпіхваў іх да ганка хаты. Варка ўпіралася, на колькі хапала яе сілы, і ўсё цішэй і цішэй шаптала: «То мая маці, мая матуля. Я адчуваю гэта сэрцам. Навошта пакідаеш мяне? Вярніся, забяры! Я тута, мамка.
— Перастань вярзці лухту,— перапыніў дзяўчыну Марк.— Ты сама гаварыла, што не памятаеш, адкуль з’явілася і хто твае бацькі. А тут раптам ні з таго ні з сяго — маці. Ты нават твару жанчыны не бачыла, дурніца,— неяк ужо больш лагодна буркнуў Марк.— Пайшлі хутчэй у хату, а то мяцеліца зраўняе нас з зямлёю. Сцюдзёна дужа, Варка, пайшлі.
Яўхім сустрэў хлопца з дзяўчынай у сенцах. Стоячы над вялізным гліняным жбанам, ён бязладна ўзмахваў рукамі і выганяў праз дзірку ў столі густыя белыя пасмы, якія нагадвалі тлусты сцюдзень.
— Ляціце, з дарогі збіце. Куды б ні ішла, куды б ні бегла, назад вярніце. I крык яе змучаны, голас прытомлены на вякі вялікія ў грудзях забіце! — Яўхім ракатаў такім голасам і з такім падвываннем, што аж прабірала да касцей, валасы станавіліся на дыбкі.
— Чаго спыніліся?! Дапамагайце мне. Машыце рукамі і паўтарайце пачутыя словы. Не схацела шалёная баба аддаць душу нам, то аддасць яе іншым разам з целам! Не праціўцеся! Гэта ж цяпер і ваш лёс збіраць душы людскія для Уладара цемры. Мо прымусім яе шчэ і вярнуцца. Памагайце, мае наступнікі!
Марк паўтараў кожнае слова і pyx за Яўхімам-гарбуном. А Варка з апушчанымі рукамі стаяла быццам укопаная.
А мая мамка была такая добрая кабеціна, што свет цяперашні не бачыў. I нас гадавала, і ў хаце прыбірала, і татку дапамагала, шчыра гора гаравала. Да ўсяго здатная і ўвішная. Нацярпелася яна мукі ад бацькі нашага. Біў ён яе чым папала: і паленам, і капылом, дзягай і чыгуном — што ў рукі трапляла. Ані слова яна не казала: усё моўчкі ўздыхала ды нас гадавала! — Варка галасіла. Ліла слёзы, як над нябожчыцкай труной.
Ад голасу дзяўчыны супыніўся вядзьмарыць Яўхім, застыў на месцы Марк. Сцішыўся д’яблаў глёк. 3 яго ўжо цягнуліся танюткія, як валасінкі, пасмачкі. Чулася, як захлынаецца на вуліцы і мяцеліца. Пакуль тое ды сёе, зусім змоўк вецер.