Пачын зроблены дзеткамі. Перапарацца, перагараць костачкі, дык і будзе чым абсыпаць Варку і Марка. За дзесяцярых набудуць моц і сілу. От, звычка гаварыць сам з сабою. Старэю, мабыць. Трэба берагчыся гэтага. Я лык, як дзяркач, можа непатрэбнае смецце і залатое слова ў чужыя вушы ўкінуць.
Раптам Яўхім заўважыў пакінуты жанчынай вузельчык. Хуценька развязаў яго і выклаў падарункі на стол. Задаволена гмыкаючы, гарбун разглядаў закаты пярсцёнак, затым адкалупнуў пальцам кавалачак масла,
паспытаў.
— Нядрэнна. Дужа нядрэнна. Будзе чым памянуць яе душачку. След жа суперніцы няхай у вогнішчы гарыць, і цела яе з жыламі і паджылкамі без ушчуку баліць.— Вядзьмак кінуў Таццянін след у печ на жаркае полымя.— Во, здаецца, усё зрабіў. Абсыплю яшчэ хлопца з дзяўчынай сушанай піжмай, каб сілу ніхто іхнюю адабраць не мог, каб не баяліся добрага вока, ды і ў гарадах пазнавалі і адчувалі братоў сваіх. Марка абсыплю не шкадуючы, яму будзе сярод смуродных камяніц і заводаў цяжэй. Раней лепш было: усе служкі Уладара цемры па вёсках ды хутарах жылі, а вось прыйшоў час, і стаў наш брат па гарадах швэндацца, абжывацца там. I ўвесь бязглузды люд рынуўся туды, жыццёвай палёгкі і смакаты шукаючы. Цяпер асноўны здабытак наш там.
***
Марк прачнуўся ад сонечнага святла. У горле пяршыла, як быццам звечара сербануў ён кварту палыновага настою ці зжаваў пук прыдарожнага трыпутніку. Нейкую хвіліну хлопец няўцямна лыпаў вачыма, круціў галавою, пакуль не ўспомніў, дзе ён. Падымацца не хацелася, думаць пра нешта не хапала моцы. Ды яшчэ, як сухая асіна ад удару сякеры, гудзела правая рука, якую адляжаў. У хаце было цёпла, але не пахла ні хлебам, ні паранай бульбай. Наадварот: незразумелы смурод казытаў нос. Як быццам палілі нядаўна цабылкі ад гусіных пер’яў.
У памяшканні — акрамя Марка і соннай Варкі на печы — нікога не было. Шукаючы, за што б зачапіцца зрокам, хлопец засяродзіўся на куце. У ім, на трох негабляваных дошках, размешчаных адна над адной, ляжала некалькі пар жоўтых, як квітнеючыя адуванчыкі, чарапоў.
Успомніўшы ўчарашні паход на могілкі, Марк ніколечкі не здзівіўся. Дзед Гардзей вёў да Яўхіма яго яшчэ зусім хлапчуком, а цяпер, адчуваў Марк, што ён пасталеў і падцягваецца да юнака. А як жа інакш? Так яно і павінна быць.
«Але, нешта хачу ўспомніць. У га лаве круціцца адна-адзінюсенькая думка... Пра што яна? Чаму не можа прабіцца да мяне. Як быццам жалезны заступ падзяліў дзень сённяшні і мінулае. Маё мінулае. Нічога не магу ўспомніць. Пуста ў галаве, як вясною ў свірне ці пограбе... Я ўжо не баюся Яўхіма. Учора ж тросся перад ім, як канаплянік перад савою. Дзіўныя рэчы з чалавекам робіць ноч. Праспаў некалькі гадзін, а здаецца, мінула некалькі гадоў».
Марк падняўся, прайшоў паўз катлы да акна і зірнуў у мутную шыбіну. Ен наважваўся гукнуць Варку, але голас каменем застраў у горле.
На вуліцы ўсё было заліта яркім сонечным святлом. Зеляніва травы, лістоты на бярозках і клёнах апякала зрок, прымушала прыплюснуць вейкі.
«Во дык дзіва. У казцы і то не стрэнеш такога. Нядрэнна жыць: захацеў — зіма, назаўтра надакучыла — цешся летам...»
— Нарэшце падняўся, па-панску спіцца вам,— адагнаў Маркава здзіўленне голас Яўхіма.— Не захацеў турбаваць. Думаю, няхай адпачнуць, дзень будзе цяжкім. Спатрэбіцца і душэўная моц, і цялесная сіла.— Гарбун выйшаў з-за перагародкі, якую Марк адразу і не заўважыў.— Пакліч дзеўку. Хопіць і ёй брузаць. Я ўжо паспеў і крумкачоў у наваколле паслаць, каб разгледзелі і дазналіся, дзе якія хаўтуры будуць. Да палудня першыя з іх вернуцца. Тады і пачнем навучанне. А па-куль набярэшся граматы ад Варкі, як папярэдне я і казаў.
Пакуль размаўляў Марк з ведзьмаком, прачнулася і падышла да іх Варка. Яна ужо таксама не была учарашняй дзяўчынкай-стракатухай, паболынала, даўжэйшай стала каса, на пунцовых шчочках з’явіліся некалькі радзімак. Як быццам ноч рассыпала па іх шчапотку выспелага маку.
— Ну, бярыцеся за вучэнне,— крэкнуў Яўхім, распраўляючы гарбатыя плечы,— я ж пакуль займуся сваім. Памятаеш, Варка, тую кніжку? То і добра.
Яўхім патэпаў у сенцы. А дзяўчына прынесла з яшчэ адной каморы-бакавушкі шэрую старую кніжку. Марк і Варка селі поплеч за сталом.
— Ты зусім не ўмеш чытаць? — сарамліва запыталася яна ў хлопца.
— Хы,— усміхнуўся Марк.— Я чытаю не толькі гарызантальна, але і вертыкальна. Для гэтага не трэба вялікага розуму, і тым больш...
— Учора ж гаварыў, што не ўмееш,— здзіўлена перапыніла хлопца Варка.
— Табе прыснілася.
— Няхай будзе так. Адгорнем першую старонку.