— Супакойся, дзяўчо,— Яўхім нязграбна правёў даланёй па Варчыных валасах.— Нічога падобнага з табою не было. Гэта ўсё сон. Пусты, дрэнны сон, які адпраўлю я на багністыя балоты і сухастойны лес. I зноў будзе твая галава светлаю і яснай, як ліпеньскія вечары над нашай палянай.— Ты ж сама ведаеш, што вы з Маркам сіроты. Нікога няма ў вас, акрамя мяне.
Я яшчэ не паспеў сказаць Марку, што днямі пахаваў дзеда Гардзея. Адышоў ён ад нас. Цяпер яму вольна і спакойна. Нядрэнны быў ён чалавек, Марк. Калі цячэ ў табе ягоная крывіна — толк будзе.
Вестка пра дзедаву смерць хлопца ані кропелькі не кранула. Папраўдзе, дык Марк ужо і не помніў нейкага там дзеда Гардзея. Толькі недзе ў далёкай падсвядомасці на імгненне мільгануў воблік схуднелага старога і патух, як бліскавіца. Да таго ж Марк не пераносіў, калі яго шкадавалі. Ад саладжава заспакойлівых слоў і галасоў на душы станавілася брыдка, а сэрца, здавалася, гідліва сціскалася, як грэблівыя вусны чалавека, які пабачыў россып тлустых чарвякоў на смярдзючай падле. «Шкадаваннем сваім можаце падавіцца»,— гаварыў Марк заўсёды ў думках тым, хто пнуўся аблашчыць яго і прыгрэць, пагладзіць па галаве, як усё роўна хатняга катка, падатнага да кожнай рукі. Не, Марк не такі. Яму самому прыходзілася пераступаць праз памёрлых на тратуары жабракоў і не заўважаць гэтага. Глядзець на іх, як на пустое месца. I разам з гэтым ён не мог прайсці міма згаладалага шчанюка каля сметніц, каб не адламаць кавалак булкі і не кінуць жывёліне.
Так, ва ўсім ёсць унутраны сэнс, але як цяжка іншы раз яго разгледзець. А ўрэшце — навошта?..*
Усе ў хаце схамянуліся ў тую хвіліну, калі ў акно нехта моцна і настойліва пастукаў. У праёме шыбін мільгануў цень. Вядзьмак кінуўся да дзвярэй. Марк зірнуў на дзяўчыну з-пад ілба. Варка глядзела на растапыраныя пальцы сваіх рук, быццам чакала, што яны зараз ператворацца ў цяжкія крылы невядомай свету птушкі. Але нічога такога не адбылося.
— Хачу дахаты,— скрушна прагаварыла Варка.— Каб ты ведаў, як хачу дахаты.
— А тут табе што, не хата? — раздражнёна буркнуў Марк.
— Якая ж гэта хата... Не, тут гадзючае кубло. А родная хата там, дзе пыляцца твае рэчы, дзе ў шуфлядках ляжаць істужкі для кос, дзе кожную хвіліну цябе чакаюць. А тут...
— Збіраемся, дзеткі, збіраемся,— Яўхім ускочыў у хату ўспараны. На лбе, ад сонца, паблісквалі кроплі поту.— Прыляцелі мае пасланнікі з ваколіцы. Многа хаўтураў паўсюль, але далёка не пойдзем. На Узрэччы будуць хаваць кабеціну, во там і пастаім, паглядзім і прычасцімся. Не марудзьце. Варка, збірай клунак, я ў каморы ўсё расклаў на скрыні. Завяжы тыя рэчы ў хустку, яна на падаконніку. А ты ж, Марк, падыходзь вось сюды, да місак. Скінь да нагавіц верхнюю апратку і абмыйся ў кожнай місе па разочку. Цяпер можаш у іх не залазіць. Усё, што трэбака, і так цябе дойме, да цела і душы прыстане. Давай, хлопча, хутчэй мыйся ў місах пазнання.
О, Уладар, прымі гэта стварэнне чалавечае, як раба свайго, як сына, як правадніка дум і жаданняў тваіх.
Марк па чарзе абмываўся ў вялізных місах, а вядзьмак то напаўголаса, а то і на ўсю глотку гаварыў з нябачным Уладаром і ягонай сілаю.
Як толькі хлопец плёснуў на свой твар прыгаршчы вады з апошняй місы, адразу ж адтуль вырваўся слуп чырвеннага агню.
— О, дзякуй, Уладар! — знямогла выдыхнуў гарбун.Пакуль Марк апранаўся, выйшла з бакавушкі-каморы і Варка.
— Цяпер станавіцеся поплеч адно да аднаго,— загадаў Яўхім-вядзьмак.
Варка і Марк моўчкі падпарадкаваліся. Гарбун засіліў з вялізнага чыгуна жменю попелу і сыпануў яго на галовы, твар і адзенне хлопца з дзяўчынай. На нейкае імгненне ім аж заняло дых ад цяжкай пылавой завеі.
— Чаканне смерці — страшней за самую смерць,— адрывіста вымавіў вядзьмак. Марк і Варка паўтарылі ягоныя словы.— Дзе б вы ні хадзілі, каму б ні гадзілі, памятайце: у вашых руках людскія лёсы, над якімі вы ўладныя. А цяперака я кожнаму з вас даю па кніжцы, якія павінны пайсці з пакалення ў пакаленне: ад вас да вашых дзяцей, ад іх да наступных нашчадкаў. I гэтая нітачка ніколі не павінна абарвацца,— гарбун зняў, з недалёкай паліцы на сцяне, дзве гнёткіх чорных кнігі і саўгануў па адной у рукі Марку і Варцы.— Усё асноўнае тут, а чаго нямашка — тое месціцца ў вашых душах. Я дык дужа хацеў бы, каб ты, хлопец, пабраўся з гэтай дзяўчынай. Так лягчэй вам жылося б у тым часе, адкуль прыйшлі вы і куды пойдзеце. Але... тады атрымаецца адно гняздо з двума магутнымі птахамі і на адным дрэве... Мо б вы разляцеліся ў розныя бакі? — Яўхім запытальна глядзеў на Марка з Варкай. Яны ж маўчалі.— А, у рэшце рэшт, усё вызначыць час,— вядзьмак вяла махнуў рукою,— схавайце кнігі надзейна. Можаце згубіць усё, нават галовы, але толькі не гэтыя кнігі. Цяпер — у дарогу... I яшчэ памятайце: У недагаворанасці свой сэнс і асалода. Пайшлі...