Я міжволі заўважыў, як сцішылася моладзь на ўсіх падводах, насцярожылася. Толькі фыркалі коні ды парыпвалі павозкі. Падалося, што цямнейшым стала і неба, а яркія зоркі і месячык нібы зацягнуліся туманам. I дарога вузейшай стала між цёмных сцен лесу. Ад чаго б усё гэта так?
— Валя, а што здарылася? — ледзь чутна запытаўся я.— Чаму ўсе змоўклі?
Валя нейкую хвіліну маўчала. Мо думала: ці гаварыць, ці не. Але вось яна горача зашаптала мне на вуха:
— Зараз будзем праязджаць міма былога шклянога завода князя Крапоткіна. Тут жа побач і могільнік, на якім пахаваны сам князь і ўся яго старэйшая радзіна, ды і вяскоўцаў ранейшых там закопвалі. Ой, Максімачка, давай памаўчым, я пазней дакажу ўсё.
Коні беглі лёгкім трушком. Усе маўчалі, і толькі самотна, з нейкім надрывам шумеў лес. Было дзіўна, што хлопцы нават не курылі цыгарэтаў, а дзяўчаты не перашэптваліся і не хіхікалі, як зусім нядаўна.
Коля Перцаў надрыўна кашлянуў, Валя здрыганулася ўсім целам: моцна абхапіла мяне за плечы. Стаў бачны нейкі вэрхал і на папярэдніх дзаюх павозках.
I тут жа, у гэтую хвіліну, спыніліся коні, як быццам бы нехта нябачны заступіў ім дарогу. Хлопцы з усёй сілы шморгалі за лейцы, нокалі на жывёлін, пстрыкалі па іх спінах дзягамі, але коні толькі пераступалі з нагі на нагу, але ні кроку не зрабілі ні ўзад, ні ўперад.
Божачкі мае, што гэта такое? — Валін голас трымцеў, як асіна пад ветрам.
Нехта з першай павозкі злез на зямлю, Агледзеў каня і прысвіснуў.
— Хлопцы! — гукнуў ён.— Не ведаю, як у вашых, а ў майго Бурага ногі моцна перавязаны нейкімі ніткамі. Паглядзіце на сваіх.
— Ну і смяльчак Сашка Трыфановіч, а так бы сядзелі, як пні,— Валька заўважна паспакайнела, адсунулася ад мяне і скокнула з калёс на зямлю. Я злез таксама.
— I ў нашага ногі пераплецены,— нехта сказаў ад другой павозкі.
— Каб жа толькі ў вашых, але і ў нашай Стралы,— раздражнёна буркнуў Колька Перцаў.— I дзе яны ўлезлі ў гэтыя ніткі? Хоць, якія ніткі, хутчэй — пяньковыя вяроўкі. Вось дык зараза.
— У каго ёсць нож? — падаў голас Сашка Трыфановіч.— Пашукайце, бо голымі рукамі нічога не зробіш.
Парыўшыся па кішэнях, знайшлі складанчык. Яго перадалі Сашку, а самі ўсе пасталі купкай, воддаль ад павозак.
— Панакідаюць на дарогах розных вяровак ды нiтак, і блытайся ў іх. Добра, хоць коні не паваліліся, ног не паламалі. А то б хоць на плячах нясі да вёскі,— тэта адным дыхам прастрачыла невядомая мне дзяўчына.— Цяпер людзі сталі абы-якімі, я, здаецца...
— Памаўчала б хоць ты, Ганька,— Валя цыкнула на гаманлівую сяброўку.
— Кашаль замучыў, курыць хачу. У каго ёсць махорка? Ну не жміцеся, мне на адну круцёлку,— Колька Перцаў палапаў па кішэнях пінжакоў у хлопцаў, што стаялі бліжэй да яго.
— От, Пятрок, халера б на цябе, маеш з кілаграм самасаду, а маўчыш, калі-небудзь прыгадаю...
— Чаго вы там пасталі! Хлопцы, хадзіце сюды, аднаму мне не ўправіцца. Колькі я ні рэжу гэтыя ніткі-путы, а іх усё больш і больш бярэцца.— Сашка нягучна мацюкнуўся.
Усе зноў прыціхлі, нават не адганялі ад твараў надакучлівых камароў. Хлопцы паразыходзіліся да павозак.
Мы з Колем схіліліся каля пярэдніх ног Стралы. Кабылка апусціла галаву і мызай ленавата адпіхвала нас ад сябе. Я паспеў намацаць каўтун нітак на яе капытах. Ніткі былі таўставатыя і гладка-халодныя, як гадзюкі. Адхапіўшы руку, я адчуў халодныя пісягі на спіне, а ў пальцах лёгкае паколванне, як усё роўна пасля марозу.
Нечакана затрашчэла сухое голле ў кустах. 3 боку былога шклянога завода князя цьмянымі палоскамі з іскаркамі нешта бліснула. Сцішаныя коні рвануліся ўперад, але путы моцна трымалі іх. На першай павозцы храснула аглобля. Гук глухаватым стрэлам пранёсся над цёмнымі сасонкамі і елкамі, над нашымі галовамі і бясследна растаў.
Мы яшчэ не паспелі ачомкацца ад незразумелага ўнутранага жаху, як заўважылі, што з усіх бакоў насоўваюцца на нас вялізныя чорныя здані. Павольна, няспешкі яны ўзялі павозкі ў цеснае кола. Здавалася, што мы адгароджаныя ад усяго свету вялізнай бочкай, у якой нельга знайсці ніводнай шчыліны. Вольным засталося толькі неба са жменяй зорак і скупым водбліскам месячыка.
Мы збіліся купкай, ціснуліся адно да аднаго, як бы хочучы зліцца ў нешта суцэльнае і моцнае, каб прабіць цёмную сцяну зданяў.
Толькі цяпер я ўбачыў прасветы вачэй у зданяў. Гэтыя цьмяныя пробліскі замыкаліся круглым ланцужком. Але вось адна вялікая пачвара аддзялілася ад астатніх і прасунулася на нейкі крок, два да нас.
— Мамачка мая! — усклікнула Валька. Я мацней сціснуў яе халодную руку.
— 3 вас нам патрэбны два чалавекі,— прахрыпеў Чорны прывід.