— Чаго калом стаў, ідзі ў хату! — Яўхім піхнуў ў плечы, і я выцяўся скроняй аб вушак дзвярэй.
«Хай цябе, гарбун кляны, на Здзьвігі гадаўкі і цмокі аплятуць»,— сам сабе вылаяўся я і зайшоў у прапахлыя кісляцінай сцены сянец. Яны былі вялізныя, не хапала вачэй, каб ахапіць усе закуткі, па якіх хаваўся абрыўкамі змрок. Паўсюль віднеліся ўбітыя ў сцяну драўляныя клямкі-вешальні, на якіх мясціліся невядомыя мне рэчы. Але адзін пучок я добра разгледзеў, гэта былі высушаныя і звязаныя за лапкі земляныя і вадзяныя жабы, побач вісела ці не каціная шкурка з бязвокім чэрапам.
— Хопіць выпячваць зенкі, яшчэ нагледзішся,— прыкрыкнуў гарбун,— заходзь у хату, там мы з табою пагаворым і абмазгуем тое-сёе.
Я не верыў сваім вачам — жылы пакой хаты быў яшчэ болыпы за сенцы. Падлога з чырванаватым адлівам гарачая, як чэрань грубачкі, на якой так добра грэлася ў дзеда Гардзея. Паўз глухую сцяну стаяла з тузін вялізных бліскучых місак, цэбраў на пяць кожная. 3 некаторых ішла пара, ружовая, шэрая, крывавая, з адценнем зеляніны. На вокнах, а іх усяго два — тоўстае палатно з плямамі і пацёкамі. Шэсць пугачоў з гарачымі вачыма сядзела на покуце, пад самай столлю. Пры нашым з’яўленні птушкі заварушыліся, залопалі крыламі. Падалося, што зараз яны накінуцца на мяне, як раз’юшаныя ваўкалакі.
— Сціхніце, погані,— буркнуў Яўхім.— А ты сядай на лаўку, за стол. Памяркуем, як жыць мусім і чаму вучыцца пачнем. Гардзей гаварыў, што хлопец ты не дурны. Гэта ўжо не так і мала. Цяпер скажы, ці ўмееш лічыць і хоць зболыпага чытаць?
— He-а, ня ўмею...
— За тыдзень навучышся, Варка падсобіць. Гэй, лярва, дзе ты там?! Выходзь на святло, да маіх вачэй! — гукнуў, здавалася, у пустую хату Яўхім-гарбун.
3 нейкага закутка выпаўзла дзяўчынка, мая пагодка з перапэцканым тварам і рукамі. Пудліва зірнуўшы на Яўхіма, яна ўгледзелася ў мяне.
Праз неверагодны лабірынт памяці, усплёскі нейкага, а мо і нейчага мінулага я ўспомніў, што дзесьці ўжо бачыў яе. А мо і няпраўда. Хваравітае трызненне мазгоў, стомленасць. Але, няўжо гэта думкі мае? Адкуль яны плывуць, як прабіраюцца ў маю нішчымную і нікчэмную істоту? Фу!
— Варка, навучыш гэтага бейбуса хоць трохі чытаць і добра лічыць. Праз тыдзень праверу. Кніжкі ж, ты ведаеш, дзе ляжаць. 3 верхняй шуфляды не бяры, вучы па новых.
— Так, Уладар,— пісканула дзяўчынка і незаўважна знікла.
— Учора вечарам прывёў яе адзін з пасланнікаў, а, бачыш, як абвыклася,— Яўхім ад задавальнення пстрыкнуў пальцамі.— I ты во так хутчэй абжывайся. А зараз ты абавязаны памыцца ў кожнай з міс, што паўз сцяну стаяць. Распранайся і залазь у першую. Апратку выкінь у кут, дам другую, нязменную, на ўсё жыццё.
— Яна будзе тваім целам. Не бойся, цяпер ты тут свой, часціна ўся, што перад вачамі і чаго пакуль не бачыш.
— Пайшлі да міс спазнання.— Яўхім падняўся сам і падштурхнуў мяне.
— О, Уладар над уладарамі зямнымі і падземнымі, над людзьмі і нячыстымі сіламі, над цемрай і ноччу, над згубай і згубіцелямі, над сілай моцнай, нячыстай! Я клічу цябе быць сведкам і галавой прыёму ў нашае кодла яшчэ аднаго пасланца, хто пранясе тваю моц да апошняга ўздыху. Праз рукі якога будзеш правіць ты, Уладар! Дай згоду! Запалі агонь Нячыстай сілы! — Гарбун пляснуў тры разы ў ладкі, крутнуўся на месцы і з усёй моцы прытупнуў нагою.
Я чакаў, што зараз адбудзецца нешта страшнае, пагражальнае, але ў хаце нічагусенькі не змянілася. Толькі працяжна рыпнулі масніцы на покуце.
— Ыгы,— буркнуў Яўхім сабе пад нос,— знацца, рана цябе прымаць... рана. Нехта перашкоду чыніць, адгароджвае душу тваю ад Бацькоўскай рукі. Пакуль што я не ведаю, хто гэты вораг. Пакуль што... Але праз хвіліну ён выплыве. Зараз з’явіцца над місамі-катламі. Заплюшчы вочы і стой перад а мною,— Гарбун паклаў рукі на мае плечы, кашлянуў і высокім басам закрычаў на ўсю хату: — Нядзеля з панядзелкам, аўторак з серадою, чацвер з пятніцаю, а субота ад на, як гэта дзіцё малада. Ночка цёмная, зоры згаслыя, вятры буйныя адначасныя, дзе б ні быў вораг хрышчаны, хай ён выплыве над катламі, стане яваю перад намі. Ды не сам я бачу, і не сам прашу, нясуць чэрці нам усю яго душу. Першы бачыць, другі чуе, трэці скажа!
На нейкую хвілінку ўсталявалася цішыня.
Глядзі! — Яўхім Гарбун з усяе сілы страсянуў мяне.
Над місамі-катламі з рознакаляровай парай вымалявалася схуднелая постаць жанчыны. Лахманы яе апраткі шкуматаліся ветрам, бялюткія босыя ногі стаялі ў лужыне бруднай вады. Яна да некага цягнула трапяткія рукі, усім целам парывалася ўперад, толькі ж нешта ці нехта нябачны не пускаў яе, трымаў на месцы. Я бачыў, як з вачэй у жанчыны каціліся буйныя слёзы, яны бобам сыпаліся ў лужыну.