Сцежка ўжо ледзь праглядвалася паміж дрэў. Схопленыя худзенькім лядком лужыны, дзе-нідзе зусім вы-мерзлыя, гулка трашчалі пад нагамі. Паветра наскрозь праціналася пругкімі прутамі-жылкамі марозу. 3 кожным крокам я мацней і мацней адчуваў востры пах серы. Ен наплываў аднекуль спераду, перабіваў хваёвую стыласць і глыбока асядаў у маіх грудзях.
— Нешта брыдка пахне, ты не адчуваеш. Варка? — здушана папытаўся я ў дзяўчыны.— Забівае дыхавіду смурод.
— Не пужайся. Зараз міне гэта. I я, калі першы раз ішла да ямін, то галава кружылася ад паху. А цяпер во і нічога. Ледзь-ледзь адчуваю. Ты ўдыхай ротам, тады не так забівае ён грудзі. Ну як, паспрабаваў?
— Ыгы.
— Цяпер засталося ісці нядоўга. На нейкі мірг вока.
Варка змоўкла. Цішыня. Глыбокая і бяздонная цішыня. Не чуваць і нашых крокаў па ўмёрзлай зямлі. Зоркі, якія выплылі на небе, з-за вэлюму аблокаў падаюцца падслепаватымі. Як ні дзіўна, але ўжо не адчуваецца той халадэчы, якая напачатку працінала цела, дабіралася да кожнай жылкі і пажылкі.
— Во і мінулі Асіннікаву грыву. Зараз добра глядзі пад ногі. Тут шмат накідана жалезных рагацін-прапорак. Яўхім гаварыў, што людзі з навакольных вёсак так абараняюць жытло ад беспрытульных душ самагубцаў. Смешныя людзі, праўда, душы ж бесцялесныя, а яны прапорак панаставілі.
Толькі Варка дагаварыла, як аднекуль збоку, па правую ад нас руку, нясмела завыў воўк. А з-пад ног, у тое ж імгненне, юлой узнялося ў паветра адубелае лісце, яно праржавелай бляхай грымнулася аб сухастоіну і цяжкавата абрынулася на дол.
У мяне ад страху, як авечы хвост, затрапятала сэрца, ссутуліліся плечы, і я спыніўся. Варка азірнулася:
— Не бойся. Гэта нас пужаюць душы самагубцаў. Дужа любяць яны тое, што засталося ад іхніх целаў, не хочуць расстання са сваімі косткамі, берагуць іх, як
крумкачы адкладзеныя ў гняздо яйкі. Я зараз сыпану попелам ад крыжа, і супакояцца яны, стануць цішэйшыя за кураня ў гаршку з капустай.
Варка выцягнула з кішэні ў адзежках худы кулачок і з размаху, як насеннае зерне, сыпанула на дарогу.
— Цяпер будзе зусім ціха. Пахаваюцца яны да наступнай ночы.
Мы прайшлі яшчэ з сотню метраў. Навокал ніводнага сполаху. Дзіўна, але падалося мне, што вось зараз іду не я. Ну, не я. I ўсё гэта нейкі далёкі, глухі і забыты сон. У які не можа ўварвацца ніякі гук. I я знаходжуся ў сне, з якога хачу вырвацца, толькі ж сон мяне не адпускае. Ен усмактаў мяне ў сваё ўладанне, як ненажэрная дрыгва.
— Ты што, спіш ідучы? — нарэшце далятае да вушэй Варчын голас.— Тры разы аклікнула, а ты як нямко.
— Ды задумаўся.
— Няма калі думаць. Вось за гэтай палоскай сасонніку пачынаюцца яліны. Перакідвай на грудзі рэшата. Глядзі, як раблю гэта я.
Варка спрытным рухам шмарганула пачопку, і рэшата імгненна перасунулася з-за спіны.
— Ай, нічога ў цябе не атрымліваецца. Ды не так. Давай я дапамагу. Ты, Марк, як уломак. Яўхім дужа не любіць маруднасці. Прыйдзецца табе вучыцца ўсяму.
Неглыбокім, як я пазней зразумеў, ямінам ноч надавала абрысы прорвы. Густа раскіданыя адна каля адной, яны стваралі абрысы фантастычнага малюнка, які нагадваў незямную пачвару. Так, я бачыў гэты малюнак не сваім зрокам, і нават не ўнутраным, а нейкім знешнім, не належачым мне, але які працінаў мяне. Даваў магчымасць, як птушцы з вышыні палёту, накрыць вачыма могілкі няшчасных самагубцаў.
— Давай руку, я першая спушчуся ў яміну. Затым спаўзеш і ты.Косткі былі халодныя. як лёд. Варка паклала ў сваё рэшата чэрап, назбірала рассыпаных рэбраў. I я, пераадольваючы гідлівасць, укінуў у рэшата некалькі прадаўгаватых костак. Тут, у яміне, зямля надзіва была мяккая і пульхная. Пясок так і прасыпаўся праз пальцы.
***
Ганна подбегам шыбавала па дарозе. Збоку здавалася, што яна пераломіцца ад натугі. Ноч ціснула на плечы жанчыны, гнала яе так, што не патрэбен быў і бізун.
— А божачкі мае, а думалася ж, што светлым дзяньком дайду да Яўхіма. Дык во не, ноч заспела, спаўзла, як чума нябачная. Але не вернешся ўжо ж. Нямнога засталося, зусім нямнога. А калі на тое, дык чаго баяцца? Тут ніякага чалавека не стрэнеш. Адны кажаны ўлетку сноўдаюць, цяперака ж усё ўледзянела, усё марозам схоплена.— Жанчына гаманіла сама сабе, не прыцішваючы хады, раз-пораз асцярожна перакладваючы з рукі ў руку ладны вузельчык.
— Упарылася, ой, упарылася. Можа, стаць ды перадыхнуць... Не. Яшчэ захварэю. За плечы хапане сцюдзёным ветрам, во і зляжаш. А мне гэтага ніяк нельга. Лёнік тады зусім і ад мяне, і ад дзяцей адрачэцца. Яму толькі дай зачэпку. Гэта ж трэба так стацца: выракся дзяцей і мяне, чужаніцамі сталі, горш, чым ворагі заклятыя. А ўсё праз Ермачышыну Таццяну. Каб яна, гадаўка, за вячэрай папярхнулася. Няхай страва колам у яе ў горле застране. I чым яна Лёніка прыгаварыла ды прычаравала. Можа, кабыла гэта ласістая, нашэптанага зелля падзупырыла. Таму ён, дурань, так і вар’яцее. Адзін уратунак — Яўхім. Толькі ён зможа яшчэ ў нечым падсабіць. Сіла ў яго вялікая, хоць і перагаворваюцца, што нячыстая. А мне ўжо без розніцы, абы ў сям і зноўку ўсё ладам ды мірам пайшло. Не так балюча за сябе, як за дзяцей. Віны іхняй ні на макавае зернейка нямашака ў тым, што скруціўся, звярцеўся бацька з Ермаковай поганню. I Наталля, і Антон як ваўчаняты сталі. Усе вечары па кутках сядзяць, баяцца вочы ад падлогі ўзняць, толькі б не сустрэцца позіркамі з бацькам. Вось як яно здараецца. Нечакана, негадана, а зваліцца бяда-гора на сям’ю і клуміся, ратуйся, шукай выйсця на ўсіх чатырох баках. А ці знойдзеш? Хто яго ведае.