Выбрать главу

Пасьля, у нячастыя вiзыты ў братнюю Расею было намешана ўсяго: некалькi дзён у шыкоўным гатэлi “Масква”, дзе забiлi Янку Купалу; прыбiральшчыца на Казанскiм вакзале, што ўначы будзiла пасажыраў, “падмятаючы” мокрым брудным венiкам iхныя твары; сустрэчы з разумнымi й адукаванымi калегамi-лiтаратарамi, якiя ня верылi, што ў Менску няма беларускiх школаў, але, урэшце, ня надта засмучалiся, бо расейскiя школы ў Менску былi; бязьмежная расейская гасьцiннасьць i абванiтаваныя сьцены ўладзiмiрскага Ўсьпенскага сабору, якi размалёўваў генiяльны Андрэй Рублёў... Але толькi цяпер, пасьля невялiкай, утульнай, ужо амаль эўрапейскай Эстонii, у час нялюдзкiх гекатомбаў богу iмпэрыi ў Iчкерыi, у разгар якiх была падпiсаная гэтак званая саюзная дамова Беларусі з Расеяй, толькi цяпер, на самым ускрайку тысячагодзьдзя, гэтая выснова легла ў ляпiдарную формулу: КРАIНА БЯЗ БУДУЧЫНI.

У нас ёсьць i застаецца Вялiкая мара — невялiкая ўтульная эўрапейская Беларусь, iдэальны вобраз якой пачне ўвасабляцца ў XXI стагодзьдзi. У iх мары пра такую краiну няма ўжо хаця б з тае прычыны, што няма адпаведнай тэрыторыi, ня кажучы ўжо пра традыцыю цi мэнтальнасьць. Узарваная, расстраляная, разбамбаваная, раскрадзеная, замочаная ў сарцiрах i мара iншая. Колькi б крамлёўскiя дачасьнiкi з прыдворнымi нi паўтаралi заклёнаў пра Вялiкую Расею (што сёньня мае бюджэт, роўны бэльгiйскаму), кожны зь iх i сам з болем цi безнадзейнай абыякавасьцю разумее: наперадзе толькi дэфолты, палiтычныя забойствы, войны, галеча, бунты, “ликующая бессознательность” (М. Салтыкоў-Шчадрын), сэпаратызм, як па-расейску завецца iмкненьне народаў да незалежнасьцi, i ўрэшце — канчатковы распад iмпэрыi, у крывавых канвульсiях якой, магчыма, i здолее нарадзiцца новая руская iдэя. Iдэя свабоднай нацыi. Бо ня можа быць свабодным народ, што панявольвае iншыя народы.

15.

Фары высьвецiлi iх зь цемры ў лесе перад Апочкай. Пасярод бязьлюднай шашы, шырока растапырыўшы рукi, стаялi двое. Двухмэтровы “качок” з шырокiм тварам-маскаю i ягоны трохi нiжэйшы хаўрусьнiк у гэткiм самым “адзiдасе”. Нэрвы ў Сашы, Марынiнага мужа, якi быў за рулём, аказалiся мацнейшыя: у апошнi момант “качок”, здаецца, пасьпеў адскочыць у кювэт.

16.

“Как сильно чувствуется разница между Россией и Белоруссией тотчас за межою, которая отделяет Псковскую губернию от Витебской! Другой воздух, другая жизнь в моих жилах!” (Аляксандар Адоеўскi)

Сьнежань, 1999

Адкусі галаву вароне

Ніда і ваколіцы

Гатэль

Няхай у тваiм гатэлi батарэi яшчэ савецкага ўзору, затое, магчыма, якраз у гэтым нумары прызначаў таемныя спатканьні Томас Ман, а дзьвесьце гадоў таму ў адну зь зiмовых начэй, ратуючыся ад напалеонаўскiх жаўнераў, грэлася ля камiну каралева Прусii Люiза. Перш чым легчы ў нацепленую грэлкамi пасьцель, яна падышла да марознага вакна i дыямэнтам свайго пярсьцёнку накрэсьлiла на шкле радок Гётэ.

У цябе таксама ёсьць каралева, якой даспадобы некаторыя твае радкi, i якой ты, напэўна, менавiта з гэтае прычыны, падараваў пярсьцёнак з дыямэнтам i аднойчы сказаў, што ў сапраўдную каралеву яна ператвараецца тады, калi на ёй застаецца толькi гэты пярсьцёнак.

Бог

Будынкі й дрэвы, кветнікі і лавачкі, людзі й чайкі — усе жывыя істоты і рэчы тут выпраменьваюць спакой і небудзённую значнасьць.

Няблага атрымліваецца нават у людзей і сьметніцаў.

Пасьля першых келіхаў сухенькага чырвонага ты згадваеш старажытную вэрсію, паводле якой выгнаньня з раю насамрэч не адбылося, ці, дакладней, яно зьдзейсьнілася адно ў мэтафізычным сэнсе: Бог проста пазбавіў людзей разуменьня, дзе яны жывуць.

Асабіста табе бліжэй меркаваньне, што наш сьвет — усяго толькі чысьцец. Але нават калі гэта і так, наведаць ягоны куток, які завецца Нідаю, відаць, усё роўна варта. Хаця б дзеля таго, каб, седзячы ў кавярні на беразе затокі і гледзячы на незварушную чаплю, неспадзявана ўзьбіцца на думку пра тое, што ў Бога, магчыма, значна меней, чым табе ўяўлялася, спагады, затое значна болей гумару ды іншых, зусім чалавечых схільнасьцяў і слабасьцяў.

А за здароўе такога Бога трэба абавязкова выпіць.

Цішыня

Сюды ўжо прыйшла эўрапейская цішыня, не азмрочаная і ценем небясьпекі таго, што на вячэру табе прапануюць трохгадзінны тэлевізійны амлет з нармальных чалавечаскіх яіц з вусамі, ушывымі блохамі й труднасьцямі на пасяўной.