Могілкі каля Нідзкае кірхі, нягледзячы на перадзел Эўропы, засталіся пераважна ўва Ўсходняй Прусіі. Нямецкая мова. Нямецкія імёны і прозьвішчы. Часам нямецкая мова, нямецкія імёны, але літоўскія прозьвішчы.
Напрыканцы 1950-х, калі апошнія немцы зьехалі ў Vaterland, распачалася пасьпяховая летувізацыя цьвінтару. Табе трапіцца і адзіны, здаецца, рэцыдыў — апошні зямны прыстанак чалавека, народжанага ў Нідзе, памерлага ў Мюнхэне і пахаванага ў зямлі дзяцінства.
Трывогаю адгукнецца надмагільле нейкага Міхаіла Максімавіча Сабакіна. Які вецер закінуў расейца Сабакіна пасьля Другой сусьветнай на Куршаўскую касу? Можа, каб гэтага ня здарылася, помнікаў пры кірсе было б меней?
Нядаўна ты ўжо адчуваў падобную трывогу. Дзе гэта было? У міністэрстве замежных справаў Літвы, калі цябе не заўважылі ў глыбокім фатэлі й ты стаў сьведкам таго, як шафападобныя ахоўнікі, што нязьменна зьвярталіся да цябе і ўсіх астатніх па-літоўску, застаўшыся сам-насам, раптам дружна загаварылі на “великом и могучем”.
Дэльфіны — жывёліны, якіх ты ненавідзіш мацней за любых іншых, найпачварнейшых і найагіднейшых прадстаўнікоў фаўны. Бо да пітонаў, алігатараў або гіенаў ты неляяльны абстрактна, а вось з дэльфінам сустрэўся аднойчы ў цалкам натуральных умовах, заплыўшы ў Кактэбелі мэтраў на васямсот у мора.
Тваёй мэтаю быў адзін зь вялізных буёў, за якія не дазвалялася заходзіць цеплаходам. Калі паміж табою і пляскатым памаранчавым балёнам засталася хвіліна шляху, тады і зьявілася, усьцешана падскочыўшы над вадою, гэтая незаслужана апетая ў літаратуры “разумная жывёліна”. Праз колькі сэкундаў ты быў амаль бездапаможны ад жаху, а яшчэ болей ад невыказнае агіды пасьля імгненнага дотыку жывое сьлізкае тарпэды. Дзякаваць Богу, табе хапіла змогі на роспачны лямант і на тое, каб, захлынаючыся вадой, адолець пару дзясяткаў мэтраў да буя. Ужо лежачы на ягонай шырокай, цёплай, як чарэнь, сьпіне, ты ўзгадаў, што ў хвалях брыдка лаяўся, пасылаў дэльфіна на, клікаў маму і проста прасіўся: “Пусьці!”
Чалавека заўсёды цягне перажыць утульнае бясьпечнае водгульле колішняга жаху. Таму ты наведаеш клайпедзкі дэльфінар і на спэктаклі будзеш нават зрэдку пляскаць у ладкі, асабліва калі “разумная жывёліна” ў нейкім нумары дасьць пудла.
Вялікая, параўнаўча зь мініятурнай Нідаю, Паланга ў параўнаньні зь ёю ж выглядае досыць правінцыйна.
Сытуацыю ратуе маляўнічы парк з палацам графаў Тышкевічаў. У палацы — музэй бурштыну, відаць, сапраўды найбагацейшы ў сьвеце. Ты пашыраеш свой кругагляд, чытаючы подпісы да экспанатаў, адкуль, у прыватнасьці, даведваесься, што навечна закутымі ў бурштын знойдзеныя 683 віды камароў, 396 відаў мухаў, 36 — прусакоў, адна яшчарка і аніводнага, нават самага дробнага чалавека.
Калі ты кахаў жанчыну, але яна ўжо належыць іншаму і тваёй аніколі ня будзе, то лічыш ніжэй свайго гонару захоўваць да яе ранейшыя пачуцьці й выхоўваеш у сабе новае стаўленьне. У ім два асноўныя кампанэнты: незабыўныя ўспаміны і сёньняшняя ветлівая адстароненасьць.
Тое самае — зь Вільняй.
Зь Нідаю — іначай.
Чэрвень, 2000
Задніца Эўропы
Вас прыкладна шасьцёра.
Вы стаіце на вышыні кілямэтра над роўнем мора. Далёка ўнізе — белыя дамы й чырвоныя дахі вёскі Леўкара, дзе некалі жлукціў віно і займаўся любоўю зь мясцовымі юнакамі Мікелянджэлё Буанароці, што вандраваў тут у пошуках знакамітых кіпрыйскіх карункаў.
Вы — гэта:
ты сам, натхнёны горнымі краявідамі і літрам чырвоненькага;
прафэсар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Яша, які мае пэўныя праблемы з вэстыбулярным апаратам;
адстаўны цыркавы артыст, а цяпер філёзаф Віктар, муж маскоўскай пісьменьніцы, дзякуючы якой ён у часы СССР аб’езьдзіў Піцунду, Кактэбель і ўсе астатнія гэтак званыя дамы творчасьці, дзе амаль заўсёды меў магчымасьць выпіць зь беларускім пісьменьнікам Алесем Асташонкам, што колькі гадоў таму зьнік зь Беларусі, але не з айчыннай літаратуры;
Дзіма, маладая акулярыстая асоба неакрэсьленае прафэсіі, таксама з Масквы, падобная, зрэшты, да галоўнага героя аповесьці братоў Стругацкіх “Панядзелак пачынаецца ў суботу”;
Дзімаў прыяцель пецярбуржац Саша, мядзьведзяватае дабрадушнае стварэньне, якое ведае пра нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю Мікелянджэлё (як і пра тое, што генію эпохі Рэнэсансу надаралася наймаць кілераў, каб атрымаць выгадную замову), якое пяшчотна абдымае Дзіму і чамусьці лічыць патрэбным паведаміць нам, як учора яны хадзілі здымаць “девочку” (аповед гучыць абсалютна непераканаўча; гэтаксама паэт Анатоль Сыс, прыкладам, мог бы сьцьвярджаць, што гідзіцца гарэлкі);