Ты прысядзеш на адбітую капітэль, заплюшчыўшы вочы, прыслухаесься да ветру, і мудры антычны вецер, які памятае велічны поступ сланоў Ганібала, пашле табе сапраўднае суцяшэньне. Ты раптам зразумееш, што Картаген прайграў Рыму і ўрэшце загінуў менавіта таму, што ня меў такой дробязі, як картагенскія пісьменьнікі.
Значыцца, яшчэ ня ўсё страчана.
Асабліва калі ўлічыць, што тыя пэрыяды айчыннае гісторыі, якія потым называюць “залатым векам”, у тваёй краіне маюць уласьцівасьць праз кожныя пяцьсот гадоў паўтарацца. Бо апошні “залаты век” скончыўся ў ХVI стагодзьдзі, а табе наканавана яшчэ нейкі час пабадзяцца па сьвеце і пасядзець за пісьмовым сталом у ХХI-м.
Травень, 2001
Па сьлядах князя Жыгiмонта
Апынуўшыся ў Чэхii, сярэднестатыстычны падарожнiк зь Беларусi, якi меў у школе станоўчую адзнаку па гiсторыi, напэўна згадае, што нашу першую друкаваную кнiгу Францiшак Скарына выдаў якраз тут, у Празе. На тое, каб ведаць, што ў чэскай сталiцы выпусьцiла сваю першую кнiгу і пражыла лепшыя гады Ларыса Генiюш, багажу школьных урокаў можа не хапiць. Як, дарэчы, i на тое, каб не забыцца, што на Альшанскiх могiлках у Празе спачываюць прэзыдэнты Рады БНР Пётра Крэчэўскi ды Васiль Захарка.
Што да героя, якому прысьвечанае тваё сёньняшняе падарожжа ў чэскую глыбiнку, дык ён i наагул вядомы нават ня кожнаму з айчынных дактароў гiстарычных навук.
Чаго ня скажаш пра iхніх калегаў з Чэхii.
Чэская ўнiвэрсальная энцыкляпэдыя паведамляе пра нашага суайчыньнiка князя Жыгiмонта Карыбута на некалькiх старонках, а спэцыялiзаваная Энцыкляпэдыя гiсторыi Беларусi адшкадавала яму ўсяго дзесяць невыразных радкоў.
Але гiстарычныя даведнiкi й манаграфii засталiся адпачываць у Менску, а ты едзеш зь сябрам сярод засьнежаных пагоркаў у бок Кутнай Горы. Цябе цiкавяць жывыя ўражаньнi, зьвязаныя з iмем беларускага князя, што на колькi гадоў заняў чэскi пасад.
Князь Жыгiмонт Карыбут быў пляменьнiкам гаспадара Вiтаўта. Яшчэ ў зусiм юным веку ён браў удзел у сьмяротна небясьпечнай экспэдыцыi з мэтаю лiквiдацыi беларускага кузэна лох-нэскае пачвары, што здавён атабарыўся ў Лепельскiм возеры i штогод спажываў ня менш як тузiн грамадзянаў Вялiкага Княства Лiтоўскага.
У 1410 годзе Жыгiмонт мужна ваяваў на чале ўласнае харугвы пад Грунвальдам, а падчас гусiцкiх войнаў зьявiўся зь пяцітысячным беларускiм войскам у Чэхii.
Рэч у тым, што запрошаны гусiтамi на каралеўскi пасад Вiтаўт выявiў уласьцiвую яму абачлiвасьць i паслаў на выведку блiзкага сваяка, якога чэхi, каб ня блытаць з сваiм нялюбым каралём, таксама Жыгiмонтам, ляпiдарна называлi проста “князем К.”.
Тым часам ты зь сябрам ужо кружляеш пакручастымi брукаванымi вулачкамi старажытнага гарадку Часлаў, дзе твой далёкi продак Жыгiмонт Карыбут, ён жа князь К., склiкаў увесну 1422 году чэскi сойм.
У мясцовым рэстаранчыку, што насупраць абжытага галубамi помнiка слыннаму правадыру гусiтаў аднавокаму Яну Жыжку, адбываецца чаканая сустрэча з часлаўскiмi гiсторыкамi й краязнаўцамi. Як i ўсе аматары старасьвеччыны, гэта досыць адметныя асобы, што моцна нагадваюць сваiх калегаў з славутых “Лябiрынтаў” Вацлава Ластоўскага. Пададзеныя на прыкуску размаiтыя сальцiсоны й каўбаскi непазьбежна наводзяць на думку пра славянскае адзiнства. Славянскую разнастайнасьць падкрэсьлiвае тая акалiчнасьць, што заместа замшэлае пляшкi “Старкi”, як у Ластоўскага, стол аздабляе колькi бутэлек густой чырвонай “Франкоўкi”.
Банальнае для гэтых мясьцiнаў, не раўнуючы як кампот для заводзкiх сталовак тваёй радзiмы, віно “Франкоўка” разам з расповедамi чэскiх калегаў дапамагае больш выяўна i яскрава ўявiць, як у чаканьнi соймавых паслоў князь Жыгiмонт бавiў час. У прыватнасьцi, ты даведваесься пра ягоны ўлюбёны тост, што сустракаецца, дарэчы, у Мэтрыцы Вялiкага Княства. Уздымаючы кубак з тагачаснай “Франкоўкай”, князь К. пiў за тое, “каб дзеўка кахала, каб куля мiнала, каб шабля ня брала!”
Адной дзеўкi князю катастрафiчна не хапала нават на адну ноч. Мясцовыя паданьнi, падмацаваныя маладаступнымi пiсьмовымi крынiцамi, сьведчаць, што Жыгiмонт быў вялiкiм мiлосьнiкам жаночых вабнотаў. Апанаваны нечалавечай тугою па жанчынах сваёй пакiнутай зь пiльнай палiтычнай патрэбы Бацькаўшчыны, знатны беларусiн ад поўначы да сьвiтаньня залагоджваў ня меней як пяць часлаўскiх прыгажуняў. Затым ён зазвычай выпiваў лiтровы кубак “Франкоўкi” i, сьвежы, як ранiшняя маргарытка, браўся займацца дзяржаўнымi справамi.