Тым часам за вокнамі цягніка актуалізуецца “расейская” частка раскладу. У горадзе Несьцераве табе спрабуюць загнаць за пяць даляраў палову курыцы і тры бульбіны. Прыкладна гэткія ж цэны трымаюцца ў Чарняхоўску, Знаменску і Гвардзейску.
У Калінінградзе дзьме моцны ўсходні вецер. Пацепваючыся ад холаду, ты выходзіш на пэрон, па якім ступала нага Штырліца й Бормана, і напружана ўглядаесься ў туманлівую далеч.
Не, паўз вагон ідзе не пахорцісты гітлераўскі афіцэр — валачэ ногі мізэрны мужычок, сапраўды падобны да “ўсесаюзнага старасты”. Цябе наведвае думка, што імя праграмуе лёс — і чалавеку, і гораду. Але расслабляцца рана: у тваім Менску ты таксама ў любы момант можаш прыйсьці на плошчу імя Калініна і ў маўклівым захапленьні пастаяць каля помніка падлаватаму бальшавічку з 4-кляснай адукацыяй, што адмовіўся і ад уласнага прозьвішча, і ад жонкі, якую начальнік лягеру любіў выклікаць з бараку ў афіцэрскую лазьню, каб пацерла яму сьпіну.
Да помніка Скарыну ў тваім Менску ты ня прыйдзеш. Адрозна ад “усесаюзнага старасты”, Скарына скончыў не чатыры клясы вясковае школы, а замежны ўнівэрсытэт, а такія гістарычныя пэрсанажы знаходзяцца ў тваёй роднай улады на заслужаным вечным падазрэньні. Нельга нават выключыць, што помнік беларускаму першадрукару раней, чым у Менску, зьявіцца ў горадзе, куды прывяла цябе твая вандроўная цыганская душа. А вінаваты ў гэтым будзе тутэйшы герцаг Альбрэхт.
Блізу двух стагодзьдзяў у Караляўцы гаспадарылі рыцары-тэўтонцы. Альбрэхту Брандэнбурскаму суровыя рыцарскія статуты надакучылі, як рэдзька з поснага мэню, і ў 1525 годзе ён конча пастанавіў, што застанецца ў гісторыі апошнім вялікім магістрам Тэўтонскага ордэну і першым манархам новай сьвецкай краіны. Падмахнуўшы паперу пра скасаваньне Ордэнскай дзяржавы, Альбэрт турнуў з Прусіі тэўтонскую адміністрацыю, але тая, дарэчы, не разгубілася і ў Вене, дзе няблага пачуваецца й цяпер, маючы вельмі прыстойны офіс зь ня менш прыстойным барам.
Герцаг быў чалавек адукаваны. У Нямеччыне выпіваў з Марцінам Лютарам і Філіпам Мэлянгтанам. Прачытаў тузін кніжак і заснаваў у Кёнігсбэргу славутую “Срэбную бібліятэку”. Паклікаў да сябе эўрапейскіх навукоўцаў і асьветнікаў. На адмысловае сардэчнае запрашэньне Альбрэхта Брандэнбурскага на пачатку 1530 году адгукнуўся доктар вольных мастацтваў і мэдыцыны Францішак Скарына. А нікому не вядомы малады Марцін Мажвідас тады яшчэ ціскаў па сваім жмудзкім завугольлі дзевак і ня сьніў, што дзякуючы Скарыну патрапіць у энцыкляпэдычныя даведнікі.
У Караляўцы знакаміты друкар доктар Францыскус мог з прыемнасьцю сустракацца зь іншым славутым гадаванцам Ягелёнскага ўнівэрсытэту Мікалаем Капэрнікам. Пагатоў абодва прывезьлі ня толькі сьветлыя згадкі пра Кракаў, але і набытую ў Італіі схільнасьць да к’янці ды іншых карысных славянскай душы чырвоных вінаў: адзін студыяваў там мэдыцыну, а другі зь першага заходу атрымаў ступень доктара ў лекарскіх навуках.
Аднак задушэўнага сяброўства паміж Капэрнікам і Скарынам не атрымалася. Аднойчы першы (вядома ж, з таемным спадзевам на друкаваньне) падсунуў другому свой пульхны манускрыпт пад назваю “Пра абарачэньне нябесных сфэраў”. Але Скарына прагарнуў колькі старонак ды кажа: “Не дуры, ты, Мікола, людзям паспалітым галавы, а напішы лепей што-небудзь на пахвалу Богу ў Тройцы адзінаму і прачыстай яго мацеры Марыі”. Вось тады, маўляў, твой трактат у нашыя выдавецкія пляны і ўключым, а магчыма, урвем і дзяржаўную датацыю на сацыяльна значную літаратуру.
Карацей, Капэрнік пакрыўдзіўся і зьехаў у Фромбарк. Аднак ты зрабіў бы недаравальную памылку, палічыўшы з гэтае прычыны Скарыну абскурантыстам. Проста той быў якраз не ў гуморы, бо пасварыўся з самім Альбрэхтам. Па-першае, герцаг загабызіўся пераймяноўваць Маскоўскую залю свайго замку ў Літоўскую, быццам бы й не даваў васальнае прысягі вялікаму князю і каралю Жыгімонту Старому. Па-другое, ідучы ўчора да манарха, Скарына завярнуў на хвіліну ў катэдральны сабор і з болем у сэрцы ўбачыў, як нейкія мікрацэфалы зафарбоўвалі на сьценах старажытныя фрэскі, прычым яшчэ й вычвараліся: пакінулі наастачу грудзі Марыі Магдалены ды мужчынскую годнасьць сьвятога першапакутніка Стэфана. “Што ж гэта вы, мудакі, чыніце?” — ня вытрымаў беларускі гуманіст. А мікрацэфалы скаляцца: нам, маўляў, сам герцаг зь лютаранскім біскупам загадалі гэтую цяжкую спадчыну каталіцызму на х... замаляваць.