Наастачу калега вырашае прасьвяціць цябе ў тым сэнсе, што сапраўднае прозьвішча Геркуса Мантаса — Манто, а летувісы самачынна, відаць, не параіўшыся з таварышамі з агульнарускай прасторы, дадалі свой канчатак. Ясна, што тут, як і з Касьцюшкам, ня ўсё чыста.
Ты не дыскутуеш, табе проста пацешна ўяўляць, што адказаў бы гэтаму зацятаму служку Кліё адзін вядомы ўсім уладальнік дыплёму пра гістарычную адукацыю.
Супрацоўнік нэрвуецца: “Вы хотите сказать, что Ваша Беларусь была в Европе, а потом пришла российская орда?” Ты пагаджаесься: “арда” — дакладнае слова.
Сёньня раніцай у цябе ўзьнікла было адчуваньне, што трапіў у нейкі сёмы абласны цэнтар Беларусі. Прыкладна такая самая архітэктура мікрараёнаў і выспы недаруйнаванага гістарычнага асяродзьдзя. Прыкладна такая ж колькасьць беларускамоўных. Гэткая ж беларуская гасьціннасьць тваіх гаспадароў…
Увечары ты ўжо канчаткова і ўсьцешана перакананы, што знаходзісься ў іншай краіне.
І рэч ня ў тым, што ў цябе дома такіх супэрмаркетаў яшчэ няма нават у сталіцы. І ня ў тым, што на выхадзе з гэтай цалкам эўрапейскай паводле маштабу ды асартымэнту крамы можна трапіць у калюжыну паўмэтровай глыбіні, бо дарогаў калінінградзкага кшталту ў вас няма, здаецца, ужо і ў райцэнтрах.
Рэч у тым, што дома любая, няхай і тройчы расейскамоўная аўдыторыя цябе выдатна разумее, і калі ты кажаш, што першае беларускае слова, якое зачаравала прывезенага ў Гомель расейскага хлопчыка Дзіму Бартосіка, было пачутае з радыёпрадуктара слова “ўгнаеньні”, публіка імгненна адгукаецца ўсьмешкамі і настройвае сваё ўспрыманьне на адпаведную хвалю. А тут таму, хто цябе разумее, часу на ўсьмешку ды “настройку” проста бракуе: скубуць дапытлівыя суседзі, для якіх што “ўгнаеньні”, што “fertilіzer”, — аднолькавая тарабаршчына.
Наяўнасьць у шматстайных беларуска-расейскіх стасунках таямніцы “ўгнаеньняў” безумоўна суцяшае. І пакуль Дзіма Б. тлумачыць, што ўгнаеньні бываюць арганічныя і неарганічныя, ты аддаесься развагам пра тое, да якога з гэтых відаў належыць пахкі прадукт, што дзень пры дні выдаюць “на горá” ідэалягічныя транспартэры тваіх родных радыё і тэлебачаньня.
Гэта быў зьбіральны назоў. “Ванямі зь піларамы” твой тата менаваў навалач, што спаўзлася ў Полацак з усяго Савецкага Саюзу. Калі ты вучыўся ў першай клясе, улады зноў зачынілі адноўлены за немцамі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр, і “ваняў” сялілі ў былых кельлях.
У манастырскім саборы “вані” нарабілі перабоек і трымалі сьвіней ды трусоў. Сабор сьмярдзеў, рохкаў, пішчэў. Калі гаспадары кідалі згаладалым трусам абярэмак вецьця, тыя ўсчыналі такі жудасны вэрхал, што здаваліся ня мірнымі траваяднымі, а гіенамі ды каётамі. А сьвіньні ўяўляліся вам, навакольнай блазноце, наагул пачварамі, гатовымі ўмомант схрумстаць ня толькі цябе, малога беларускага (дзякуючы тав. Панамарэнку) хлопчыка Вову, але і самога дзядзьку Калістрата, што прыехаў зь Сібіры, дзе нястомна мачыў зьвяроў і людзей.
Ды насамрэч сьвіньні ў “ваняў зь піларамы” вырасталі зусім дробныя. “Сёньня звалілі, а заўтра зьелі”, — казаў твой тата. Затое дзеці ў іх гадаваліся спраўныя: учэпістыя й злыя, як ваўчаняты, яны пачыналі з суседзкіх садоў, потым нешта кралі на гарадзкім рынку, траплялі на ўлік у міліцыю і поўным ходам рыхтаваліся трапіць на нейкую абжытую дзядзькам Калістратам “зону”…
Сьветлыя згадкі дзяцінства апаноўваюць цябе ў цёплым і ўтульным купэ цягніка “Калінінград—Гомель”, дзе грэе нават індывідуальны пакунак зь бялізнай, на якім напісана: “Беларуская чыгунка”. За шклом зьяўляюцца і адплываюць у невараць гарадкі з убогімі хрушчобамі й сьпічакамі гатычных кірхаў або вырастаюць у зьдзірванелых палях сьляпыя панэльныя шматпавярховікі, пад якімі хаваюцца ад амэрыканскіх спадарожнікаў армейскія камандныя пункты.
Ты пяшчотна разьвітваесься зь Верай Б. і Сьветай Б. Ты думаеш: яны — найлепшае з таго, што можа даць цывілізацыі гэтая тэрыторыя, якая не нарадзіла ніводнага, хоць крыху вядомага расейскага пісьменьніка ці мастака, і нават мясцовы бэстсэлер — гістарычны даведнік “Дорогами Ульмеригии. Путешествие по прусским землям” — напісаў маскоўскі гісторык.
Учора ты чуў, што раней ці пазьней сюды абавязкова вернуцца спрадвечныя гаспадары — немцы. (А хто ў такім разе прусы?) Яшчэ цябе пераконвалі, што празь нейкія дзесяць гадоў тут будзе незалежная Балтыйская рэспубліка.