Выбрать главу

Тваю душу мала абыходзяць праблемы гэтай тэрыторыі, як і ейнае мэтраполіі, асуджанай, як і любая імпэрыя, на канвульсіі й канчатковы развал. Ты хочаш, каб празь нейкія дзесяць гадоў там, дзе ты жывеш, была незалежная Беларусь. Але і прыхільнік вяртаньня немцаў, і балтыйскі незалежнік, і абласны чыноўнік, што бароніць тут агульнарускую прастору, — усе разам мірна сядзелі з табой за адным сталом, чакаючы адказу. І ты пранікся і даў ім адну параду.

Магчыма, яны нават скарыстаюцца зь яе і сапраўды прачытаюць апавяданьне Рэя Брэдбэры “Былі яны смуглыя і залатавокія” — пра тое, як зямныя перасяленцы атабарыліся на берагах марсіянскіх каналаў і што з гэтага атрымалася.

Сакавік, 2002

Ці бываюць чарвівыя мандарыны

Каталёнскі дзёньнік

Каталёнія, хоць у ейных жыхароў гішпанскае грамадзянства, — зусім не Гішпанія. І рэч не ў аўтаноміі зь яе атрыбутамі (усё адно гэта не дзяржаўнасьць, і тут каталёнцы могуць табе адно пазайздросьціць). Рэч у тым, што каталёнцы — не гішпанцы. Яны, усе шэсьць мільёнаў (тут твая чарга для зайздрасьці) пачуваюцца каталёнцамі з калыскі, у якой ужо чуюць сваю мову, да надмагільля, дзе пакідаюць на гэтай мове апошнія зьвесткі пра сябе, падкрэсьліваючы, што ў раі, чыстцы і пекле таксама застануцца каталёнцамі.

Адрозна ад баскаў каталёнцы не ўзрываюць бомбаў. У іх стаўка на іншую, больш магутную зброю.

Напрыклад, каталёнцы ставяць помнікі ня толькі паэтам і палітыкам, але і свайму нацыянальнаму танцу — сардане.

У кнігарні ты адразу апынаесься ў вялізным аддзеле літаратуры на каталёнскай мове, дзе знойдзеш усё — ад Дзюма й Стывэна Кінга да апошніх раманаў Мішэля Ўэльбэка й сэксуальных энцыкляпэдыяў. Толькі потым вока заўважыць значна сьціплейшы куток з кнігамі па-кастыльску.

Праз пару дзён ты пачынаеш адрозьніваць каталёнскую ад кастыльскай на слых. Адначасова адбываецца сустрэчны працэс, і на пляжы ў Лярэце-дэ-Мары немаладая, але налітая, як верасьнёўская антонаўка, каталёнка (усе яны, ад 15 да 75, у выдатнай форме), пачуўшы тваю беларускую мову, па-ангельску тлумачыць табе, што ты — не расеец. Беларус? У такім разе ты мусіш адказаць, навошта беларусы, маючы дзяржаву, займаюцца гэтымі дурнотамі з Расеяй. Гледзячы на цябе, ня скажаш, што вы ўсе — “crazy”.

Ты дзякуеш. Прыхільніца тваёй незалежнасьці тэмпэрамэнтна сьціскае смуглыя кулакі і паказвае, як трэба інтэгравацца з усходнім суседам: спачатку, каб ня лезьлі ў ваш гарод, вось так (кулак б’е ў кулак), а затым вось так — кулакі разьлятаюцца так далёка, што станік кармінавага купальніка напінаецца, як цеціва, і твае думкі пра інтэграцыйныя працэсы адступаюць на другі плян.

Раніцай ты бачыш, як насупраць твайго гатэлю два маладзёны ў форме муніцыпальных рабочых цэлую гадзіну зафарбоўваюць сьвежы надпіс на будынку. Тым, хто забыўся, дзе жыве, надпіс паведамляе, што тут — Каталёнія. Сьледам ідзе ўдакладненьне, што Каталёнія павінна быць незалежнай. Мяркуючы па імпэце, зь якім працуюць маладзёны, ня выключана, што якраз яны і шчыравалі ўчора каля поўначы на гэтым самым месцы.

Магчыма, яны будуць і сярод тых, хто праз два дні, на гульні “Барсэлёны” з мадрыдзкім “Рэалам”, уздыме над трыбунамі стадыёну-статысячніка “Камп Ноў” 50-мэтровы транспарант “Cataluña is not Spain” і будзе трымаць яго, пакуль не надакучыць, пасьля чаго ты канчаткова пераканаесься, што ў ХХІ стагодзьдзі канфігурацыя палітычных межаў у гэтай частцы Эўропы зьменіцца.

Мора

Займаючыся параўнаўчым аналізам лёсаў Каталёніі й Беларусі, ты ўзьбіваесься на думку пра ролю мора ў гісторыі народаў.

Калі не лічыць сувэнірных міні-дзяржаваў, выйсьця да мора сярод сучасных эўрапейскіх краінаў ня маюць (апрача Беларусі) Чэхія, Славакія, Вугоршчына, Аўстрыя, Македонія, Босьнія і Герцагавіна, Швайцарыя. Практычна ўсе згаданыя краіны, дакладней іхнія народы, за выняткам (які толькі пацьвярджае правіла) Швайцарскай канфэдэрацыі мелі або маюць цяпер сур’ёзныя праблемы з гістарычнай пэрспэктывай. Чэхаў пасьпяхова анямечвалі і на пачатку ХХ стагодзьдзя Прага была нямецкамоўным горадам. Славакі дзяржаўную незалежнасьць атрымалі дзякуючы Гітлеру. Вугорцы паўставалі, каб вырвацца з імпэрыі Габсбургаў. Аўстрыя перажыла аншлюс… Разважаньні, відаць, небездакорныя, але, але… Асабліва калі засяродзіцца на Беларусі. Кожны можа сам прапанаваць пералік рысаў нацыянальнага характару, на якія ўплывае наяўнасьць у краіны ўласнага марскога ўзьбярэжжа.