Выбрать главу

Навукоўцы даводзяць, што ў нацыянальным арганізьме непазьбежна ўзьнікаюць мэнтальныя перакосы, калі яму бракуе багатых на ёд марскіх прадуктаў. А хіба не бракуе гэтаму арганізму прыліваў і адліваў, штормаў і штыляў, партовых корчмаў і бардэляў?

Асабіста ты ведаеш, прынамсі, тузін былых маракоў, на якіх у іхніх гарадах і мястэчках трымаецца ці ня ўся беларушчына. Адзін знайшоў магілу Віктара Каліноўскага, брата паўстанцкага правадыра. Другі кіруе скаўтамі, што складаюць прысягу на Аршанскім полі. Трэці паставіў помнік Янку Скрыгану ў эстонскім гарадку, куды быў высланы пісьменьнік… Помнік табе самому, магчыма, таксама паставяць маракі.

Барсэлёна

Дагэтуль Барсэлёна была для цябе адно кропкаю на мапе і месцам, дзе нарадзіўся сябар Манюшкі й аднадумца Каліноўскага, беларускі інсургент Ахіл Банольдзі, лёс якога яшчэ чакае таленавітага пяра.

“Поздравляю Вас с экскурсией по Барселоне!” Гэтая фраза атрымліваецца ў твайго расейскамоўнага гіда найлепш, што ён, відавочна, ведае й сам, бо ледзь ня кожную хвіліну паўтарае сваё віншаваньне. Тым ня менш, сёе-тое, апрача зьвестак з турыстычных даведнікаў, табе ўдаецца пачуць. Да прыкладу, тое, што Каталёнія мае свайго прэзыдэнта, які ў барсэлёнскай рэзыдэнцыі прымае прэзыдэнтаў іншых краінаў. Твой гід ніколі ня дасьць веры, што ў прыродзе існуе прэзыдэнт, які за роўных прымае ў дзяржаўнай рэзыдэнцыі чужых губэрнскіх начальнікаў, а там, можа стацца, пачне прымаць і раённых.

Уражаньні пра горад табе заманецца асэнсаваць не на бульвары Рамбляс і не на Пляса дэ Каталюнья, а каля хмарачоснай калёны з масянжовым Калюмбам на прыморскай эсплянадзе.

Твая галоўная выснова: Барсэлёна вартая стаць сталіцаю эўрапейскай дзяржавы.

Ня выключана, што гэта здарыцца, калі будзе збудаваны сабор Саграда Фамілія, спраектаваны геніяльным Гаўдзі.

Гаўдзі

Бяз твораў Антоніё Гаўдзі Барсэлёна нагадвала б Кракаў бяз Вавэлю або Полацак без Сафійскага сабору.

Найбольш дасканалай формай Гаўдзі лічыў яйка і заўжды насіў свой архітэктурны ідэал (мабыць, усё ж у звараным нацьвёрда выглядзе) у кішэні. Але зь ягонага яйка вылупляліся зусім неспадзяваныя птушаняты.

У спарудах Гаўдзі прысутнічае нешта бархэсіянскае — Укбар, Тлён, Orbis Tertius... Не, вядома ж, наадварот — у Борхэса безьліч гаўдзіянскага, бо ён любіў блукаць гэтымі вуліцамі на яве і ў сьне, нястомна шукаючы тут свой Буэнас-Айрэс.

У доме-музэі Гаўдзі ўражвае спартанскі ложак на адну пэрсону. Сіратліва і непрыкаяна глядзіцца за шкляной сьцяною спальні і ўнітаз зь лякаваным драўляным седалам. Цябе не пакідае думка, што тут жыў няшчасны самотны чалавек, які ў 1926 годзе ўзяў ды трапіў пад трамвай. Насамрэч апошнія дванаццаць гадоў дойлід дняваў і начаваў проста на будоўлі ягонай архітэктурнай Бібліі — храму Саграда Фамілія.

Бясспрэчная геніяльнасьць Гаўдзі і ў тым, што ён замысьліў свой шэдэўр такім чынам, каб яго будавалі бясконца. (Меркаваная дата завяршэньня — 2022 год — выклікае ў барсэлёнцаў іранічную ўсьмешку.) Да такога не дадумаўся нават яшчэ адзін геніяльны каталёнец — Далі.

Затое Далі песьціў думку зьнесьці частку барсэлёнскага цэнтру, узьвёўшы на ягоным месцы “горад будучыні”. Праўда, абаронцы мастака падкрэсьліваюць, што гэтая мара датычыла ўсяго толькі Гатычнага кварталу. Гаворка як быццам не ішла пра створаныя Гаўдзі архітэктурныя дэкарацыі, у якіх Далі рызыкаваў выглядаць акторам другога пляну.

Далі

“Вытанчаны труп будзе піць маладое віно”. Згаданая лягічна-гастранамічная фраза, атрыманая маладымі сюррэалістамі ў выніку гульні кшталту складаньня бурымэ, выклікала ў Далі шалёнае захапленьне.

Ты пакуль што ня труп. Радуючыся гэтаму, ты п’еш усякае віно: і маладое, і, калі хапае грошай, зусім немаладое. Ты п’еш яго й думаеш, што ў крыві ў беларусаў занадта шмат гарэлкі й піва і катастрафічна мала добрага віна. Магчыма, гэтая акалічнасьць уплывае на гістарычны лёс нацыі ня менш за адсутнасьць выйсьця да мора.

Але ключавое слова ў фразе, якую некалі ўпадабаў Далі, не віно, а — труп. Напэўна, таму ты ўспамінаеш, што сярод мараў твайго маленства была й гэтая — стаць патолягаанатамам, як твой сусед, вясёлы габрэй дзядзя Жэня.

Думаць пра той час, калі за цябе возьмецца ўвасабленьне тваей дзіцячай мроі, ня хочацца. Пагатоў, сёньня ты п’еш віно ў Фігейрасе, дзе калісьці тое самае рабіў Далі, а, дацадзіўшы келіх, наведаеш тутэйшы тэатар-музэй мастака, найбуйнейшы, як сьцьвярджае турыстычны праспэкт, сюррэалістычны комплекс у сьвеце.