Выбрать главу

Паводле тастамэнту Далі, экскурсаводы павінны тут маўчаць, бо сюррэалізм немагчыма вытлумачыць. Як і большасьць тастамэнтаў, гэты не выконваецца: гіды ўзахапы верашчаць на самых розных мовах. Сярод усяго іншага ты можаш пачуць, як аднойчы на гасьціны да Сальвадора Далі набіўся савецкі паэт Яўгені Еўтушэнка, і падчас абеду гаспадар прапанаваў тост за выдатных людзей XX стагодзьдзя, кароткі пералік якіх пачынаўся з Гітлера. Еўтушэнка дэманстратыўна плюнуў у сваё віно і паставіў яго на стол. Далі ветліва заўважыў, што тост прагучаў і трэба выпіць, пасьля чаго зь мілай усьмешкаю асушыў келіх пераборлівага госьця з СССР.

Адольфа Шыкльгрубэра, якому не пашчасьціла рэалізавацца як мастаку ў клясычным разуменьні гэтага слова, чамусьці колькі разоў згадвае і перакладчыца-“ангелька”. Ты не зьдзіўляесься. Ты чытаў “Дзёньнік аднаго генія”, і для цябе не навіна, што Далі пісаў, нібыта Адольф Гітлер у ягоным уяўленьні — “ідэал жаноцкасьці”, і публічна прызнаваўся, што быў закаханы ў “зваблівую плоць фюрэра”. Праўда, ты ня згодны, што такія прызнаньні — крайняе сьведчаньне ўласьцівага каталёнцам “ібэрыйскага шаленства”. Гэта, натуральна, усяго толькі водгульле гомасэксуальнай арыентацыі Далі, якой ён трымаўся да сустрэчы з Галой.

Ты, цалкам талерантны да якіх заўгодна сэксуальных меншасьцяў, ціхамірна бласкуняесься па залях, дзе бавіў жыцьцё стваральнік “Вялікага мастурбатара” (тут міжволі згадваецца паэт-рэваншыст С. Адамовіч), “Успамінаў пра Леніна” (гронка чырвоных ягадаў заўсёды асацыюецца з крывёю) і “Дзяўчынкі, якую разбэшчваюць рогі ўласнай цнатлівасьці” (на памяць прыходзіць адна знаёмая часоў юнацтва, якая пакутліва й ахвярна прагнула спасьцігнуць тонкую розьніцу паміж пэнісам і фаласам).

Дзесьці тут Далі марыў стварыць анкляў свайго сюррэалістычнага сьвету — выпісаць з трапічных шыротаў тысячу слановых чарапоў і шчодрай рукою пасыпаць імі дол. Шкада, што ня ўсе мары геніяў зьдзяйсьняюцца; з другога боку, шкада было б і слонікаў.

А вось тут, на чатырох- ці пяціспальным ложку-каўчэгу, Далі любіў сваю верную і адданую Галу. Безумоўна, гэта таксама адбывалася геніяльна і сюррэалістычна. Нездарма каля ложка цябе наведваюць дзіўныя фантазіі. Напрыклад, што атрымаецца, калі павесіць птушку? Яна, відавочна, не памрэ, а будзе лётаць і глядзець на цябе зь пятлі чалавечымі вачыма. А дзе птушкі знаходзяць апошні спачын? Можа, недзе існуюць птушыныя могілкі — да самага далягляду цягнуцца тысячы белых мармуровых надмагільляў з крылатымі скульптурнымі выявамі.

Над птушыным нэкропалем і над тэатрам-музэем Далі нізка вісіць шыпшынавая ягадзіна каталёнскага сонца. У пераходах гусьцее прыцемак, гатовы ўвасобіць любую дрымотную пачвару тваёй падсьвядомасьці.

Ты ўяўляеш, як застаесься ў музэйных залях на ноч, і ад адной гэтае думкі халаднееш. Табе здаецца, што Далі таксама марыў стаць, калі вырасьце, патолягаанатамам, але, адрозна ад тваёй, яго мара ажыцьцявілася, і ягоны тэатар-музэй стаўся найбуйнейшым у сьвеце сюррэалістычным моргам.

Гала

Калі вы знаходзіцеся ў рамантычным тумане гісторыі пра вечнае каханьне Далі і Галы, вам трэба неадкладна ўцякаць ад экскурсавода Сымоны або выцягваць валідол.

Гала, народжаная ў Казані як Алена Іванаўна Дзяканава, аказваецца, пралічыла ўсё зь бязьлітаснай бізантыйскай хітрасьцю. Зразумеўшы, што зь першага мужа, паэта Поля Элюара, ужо шмат ня выцягнеш, яна падслалася пад пэрспэктыўнага й маладзейшага за яе на дзесяць гадоў гомасэксуаліста Далі. Між тым, на ўсялякі выпадак фармальна засталася жонкай Элюара, а замуж за Сальвадора выйшла толькі пасьля сьмерці Поля ў 1953 годзе.

Сымона, якая толькі й чакала ў тваіх вачах нязгоды з такой трактоўкай, імгненна выцягвае з кішэні сваёй, далікатна кажучы, нелюбові да Галы новы аргумэнт. Мадам Дзяканава змусіла Далі падпісаць тысячу чыстых аркушаў. Нанятыя ёю барсэлёнскія мастакі ператваралі аркушы ў геніяльныя (дзякуючы подпісу) творы, а сама муза рупліва кавала таньгу.

Ты пярэчыш Сымоне: муза генія мае права на маленькія чалавечыя слабасьці. Але экскурсаводка гатовая да тваёй атакі. А хто вымагаў ад Далі купіць ёй сярэднявечны замак, у які вы зараз кіруецеся? Замак патрэбны быў гэтай бэстыі выключна дзеля таго, каб пасяліцца асобна й нарэшце цалкам аддацца сваім прыроджаным німфаманскім схільнасьцям. Адзінымі экспэдыцыямі ў рэальнасьць з гэтай бясконцай эратычнай фэерыі з удзелам сьціжмы незьлічоных амарантаў заставаліся для Галы штодзённыя паездкі на кадыляку да каханага Сальвадора — ня дзеля разнастайнасьці пасьля юных целаў, а дзеля вымаганьня грошай на працяг сьвята сваёй не да канца завялай плоці.