Выбрать главу

Пакуль жа яны шчыльнымі радамі адпачываюць на ўзьбярэжжы Коста-Брава. Але зануды-эўрапейцы ўжо цяпер не даюць сваім стрыечным эўразійскім братам і сёстрам канчаткова расслабіцца. Пазаўчора паліцыя злавіла ўмельцаў, якія тэлефанавалі з дапамогаю дроціка. Учора на пляжы з шкадобаю казалі пра Сярогу, якога сыгналізацыя засекла на парозе з маркету зь дзьвюма пляшкамі віскі.

А сёньня гэтая публіка расхваляваная наагул жудаснай навіной. Выяўляецца, што ў гатэлі ўжо не пасікаеш, як раней, за мілую душу проста ў басэйн. Трэба не па-савецку вылазіць і цягнуцца ў WC, бо ў ваду дадаюць падступны хімічны рэактыў і вакол сікуна ўмомант разыходзіцца фіялетавае воблака ды яшчэ аўтаматычна пачынае граць музыка Вівальдзі.

“Вы только подумайте, сама Алла Борисовна... А им всё равно: плати штраф. Это ж тихий ужас!” — “Ну, пидоры! — салідарызуецца з сымпатызанткамі Алы Барысаўны абгарэлы на сонцы бамбіза. — У них точно мозги не в ту сторону крутятся. Скоро и в море не отольёшь! Тоже какая-нибудь х…я заиграет!”

Уплыў расейскай культуры на тваю творчую асобу значна разнастайнейшы, чым табе мроілася. Перад вячэрай ты плаваеш у басэйне на даху гатэлю, і ў тваю галаву дае нырца спакусьлівая думка: можа, хоць тут цывілізацыя яшчэ не сказала свайго апошняга слова? Вядома, лепей, каб пераканацца ў гэтым паспрабаваў хто-небудзь іншы. Але ты плаваеш на самоце і можаш разьлічваць толькі на сябе.

Ты ўважліва глядзіш на ваду і прыслухоўваесься да арганізму. Ніякія рэактывы цябе ні ў якіх месцах не казычуць. Стэрэакалёнак, адкуль пальецца музыка Вівальдзі, нідзе не відаць…

Вырвацца з плыні магутнай культурнай традыцыі братняга народу табе ўдаецца толькі нечалавечым намаганьнем волі, паклікаўшы на дапамогу цэлую галерэю выбітных продкаў і сучасьнікаў.

“Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!” — усьцешана галёкаеш ты, бегаючы вакол басэйну пад вечаровым, падазрона фіялетавым каталёнскім небам.

Кастрычнік, 2002

Канцэрт для мілянскіх катоў

Фрагмэнты адной вандроўкі

Амстэрдам

Ты плывеш на катэры па амстэрдамскiх каналах i думаеш пра вострага на вока i розум францускага маркiза дэ Кюстына. Ягоную кнiгу “Расея ў 1839 годзе” ў краiне, якой яна прысьвечаная, шмат разоў забаранялi, канфiскоўвалi або друкавалi зь вялiзнымi купюрамi — ажно да нашых дзён, калi нарэшце пабачыў сьвет першы поўны пераклад, што ляжыць у тваiм дарожным наплечнiку. Ты можаш разгарнуць маркiзаву кнiгу i прачытаць: “З борту карабля пецярбурскiя набярэжныя здаюцца велiчнымi i раскошнымi, але, ступiўшы на сушу, вы iмгненна выяўляеце, што гэтыя самыя набярэжныя брукаваныя дрэннымi камянямi, няроўнымi, гiдкiмi, гэткiмi ж непрыемнымi для позiрку, як i небясьпечнымi для мiнакоў i экiпажаў...”

Ты згадваеш, як калiсьцi сядаў у сваiм Полацку на начны суботнi аўтобус, каб у нядзелю пабыць у Пецярбургу-Ленiнградзе, якi мроiўся табе эўрапейскiм горадам. Вiльню, Рыгу i Талiн ты любiў нязьмерна больш, але ўспрымаць iх як “эўрапейцаў” табе замiнала iхняя, няхай сабе й iстотна дазаваная параўнаўча зь Беларусьсю, але ўсё адно вiдавочная залежнасьць ад мэтраполii. А Пiцер здаваўся наiўнаму i невыязному табе вольным i вальнадумным горадам-мiтам, блукаючы па якiм можна было ўяўляць сябе то ў Лёндане, то ў Парыжы, то ў Амстэрдаме.

Але з кожнай новай вандроўкаю ў “горад на Няве” ты пачынаў усё больш сумнявацца. Ты ўжо ня памятаеш, калi з тваёй сьвядомасьцi выплыла слова “дэкарацыi”, i калi ты ўпершыню падумаў пра схаваныя за iмi вусьцiшныя двары, задворкi ды памыйкi, дзе нараджаюцца раскольнiкавы… Ты зразумеў (хоць i не адразу адважыўся сфармуляваць сваю выснову), што Пецярбург — толькi пародыя на эўрапейскi горад.

Кюстын ведаў гэта за 150 гадоў да цябе: “...антычныя статуi, чые рысы, стыль i аблiчча так жудасна супярэчаць тутэйшай глебе, колеру неба i клiмату, як i тварам, адзеньню i звычкам тубыльцаў, што статуi гэтыя нагадваюць палонных герояў у стане ворага; будынкi, якiя стаяць не на сваiм месцы; храмы, немаведама навошта перанесеныя зь вяршыняў грэцкiх гораў у ляпляндзкiя балоты, дзе страцiлi ўсю велiч… Пецярбург заснаваны і пабудаваны людзьмi, надзеленымi густам да безгустоўнасьцi. Бязглузьдзiца, на мой погляд, галоўная адметная рыса гэтага велiчэзнага гораду, што нагадвае мне недарэчны павiльён, узьведзены пасярод парку; парк гэты, аднак, займае трэцюю частку сьвету...”

У тваёй памяцi аднаўляецца апошняя паездка — ужо ў Санкт-Пецярбург — i змрочны нумар у акадэмiчным гатэлi, дзе хацелася забiць каго-небудзь буйнейшага за тамтэйшага тлустага прусака на палiчцы ў ванным пакоі...