* * *
Жыцьцё ў Амстэрдаме, як i ўва ўсёй Галяндыi, некаму падасца сумнаватым. У тым сэнсе, што няма за што змагацца: апроч усiх магчымых традыцыйных правоў, дэмакратыя забясьпечвае тут i ня самыя традыцыйныя.
Напрыклад, на кожным кроку ты можаш зайсьцi ў “coffeeshop” i абсалютна легальна курнуць траўкi або гашышу. Знаёмы менскi студэнт апавядаў табе, як пасьля вiзыту ў такую ўстанову перажыў неверагоднае захапленьне, пачуўшы, што на амстэрдамскай вулiцы ўсе загаварылi па-беларуску.
Калi савецкiя хворыя былi самымi здаровымi хворымi ў сьвеце, дык галяндзкiя — самыя шчасьлiвыя, бо маюць права на эўтаназiю.
Галяндзкiя гомасэксуалiсты і аматаркi лесьбiйскага каханьня карыстаюцца правам ня толькi на грамадзянскi шлюб, але і на вянчаньне. Безь вялiкiх праблемаў можна зарэгiстраваць надзейны i моцны шлюб з самiм сабою, як зрабiла нядаўна вядомая мастачка, бязьмежна шчасьлiвая, што не застанецца ўдавой.
Табе добра й сьветла думаецца пра шанец рэiнкарнавацца ў жанчыну і жыцьцярадасна далучыцца да лесьбiянак або выйсьцi замуж за самога сябе.
Ты — ня самы здаровы грамадзянiн сваёй краiны, i часам цябе вельмi нават займае праблема эўтаназii.
Зьлёгку пагойдваючыся разам з столiкам у бары-катамаране, ты марыш пра “coffeeshop” на праспэкце Ф. Скарыны ў Менску — каб у хвiлiну самоты цалкам афiцыйна зрабiць там пару зацяжак, выйсьцi на сталiчны брук i пачуць, як усе вакол гавораць па-беларуску.
Сьцяну каралеўскага палацу на Аўгустусштрасэ аздабляе стомэтровы фрыз з размаляванай мэйсэнскай парцаляны: даўжэзным цугам едуць у смугу гiсторыi ўсе саксонскiя курфюрсты. Сярод іх гербаў твой позiрк адразу схоплiвае досыць нядбайную выяву “Пагонi”.
Курфюрст Аўгуст II Моцны адначасна быў i манархам тваiх продкаў. Адрозна ад папярэднiка, вялiкага князя й караля Яна Сабескага, што на чале лiцьвiнскiх i польскiх палкоў разьбiў туркаў пад Венай, Аўгуст выславiўся тым, што, уцягнуўшы Вялiкае Княства й Карону ў Паўночную вайну на баку Расеi, прайграў усё, што мог, i нават мусiў адмовiцца ад кароны.
На трон Аўгуста вярнула перамога расейцаў пад Палтавай. Удзячны саксонец разьлiчваўся ўсё жыцьцё. Ад таго часу расейскiя войскi ўжо фактычна не пакiдалi тваёй краiны. Надавалi, як пiсаў адзiн iхні генэрал, “соответствующее направление мыслям здешних жителей”. I, трэба прызнаць, — надалi.
Выдатна разумеючы сваё месца, Аўгуст II засяродзiўся на клопатах, якiя ўрэшце й прынесьлi яго каралеўскае мосьцi ганаровае найменьне Моцны. Толькi паводле дакумэнтаваных зьвестак, ён меў 365 дзяцей. Названую лiчбу трэба памножыць, прынамсi, на 10.
Цiкава было б зьвесьцi Аўгуста з пацыентам твайго знаёмага лекара. Гэтага пацыента хтосьцi пераканаў, што мужчына здольны зьдзейсьнiць ня болей за тры тысячы палавых актаў, падзеленых на трыццаць гадоў, i што пасьля перасягненьня крытычнага паказчыка, не ўважаючы нават на самую цудоўную эрэкцыю, трэба неадкладна iсьцi ў завязку, iначай у арганiзьме пачнуцца незваротныя згубныя зьмены. Напэўна, бяздарны палiтык i палкаводзец, але выбiтны каханак Аўгуст здолеў бы пахiснуць дакладную матэматычную канструкцыю твайго сучасьнiка. Нездарма жыхары саксонскае сталiцы кажуць, што сэрца шчадралюбнага манарха, якое знайшло апошнi прыстанак у дрэздэнскай катэдры, дагэтуль не прапускае нiводнай прывабнай турысткі ці верніцы, пачынаючы калацiцца ў пахавальнай срэбнай урне.
Тваё ўласнае, жорстае й непрыхiльнае да Аўгуста II сэрца раптам на iмгненьне мякчэе, i ты, зладзеявата азiрнуўшыся на бакi, пасылаеш ягонаму, закансэрваванаму, тры па-мужчынску салiдарныя ўдары.
* * *
Захапляючыся калекцыяй Дрэздэнскай галерэi, не забудзьце ўспомнiць, што цi ня большая частка ейных шэдэўраў набытая за грошы вашых продкаў у трыццацiгадовае ўладараньне ў Рэчы Паспалiтай Аўгуста III, абсалютна законнага сына Аўгуста Моцнага. Ну, хоць засiлься, не шанцавала тваёй радзiме з манархамi цэлае XVIII стагодзьдзе. Адзiн толькi і ўмеў, што псаваць лiцьвiнскiх дзевак. Другi ня мог зьвязаць на мове падданых i пяцi слоў, затое па ўсёй Эўропе купляў карцiны за сабраныя з тваiх прадзедаў падаткi. (На добры лад, усiм нашчадкам жыхароў Вялiкага Княства Лiтоўскага трэба зрабiць уваход у Дрэздэнскую галерэю дармавым.) Трэцi, Станiслаў Аўгуст, немцам, здаецца, ня быў, i па-беларуску ўмеў гаварыць лепей за каторага народнага пiсьменьнiка, ды вось наогул стаў апошнiм каралём i вялiкiм князем...