Выбрать главу
Буслы

У твой перадапошні баўгарскі дзень у высокім небе над морам праплывае велічэзная чарада буслоў. Сотні, а можа і тысячы птушак лятуць адтуль, дзе калісьці цябе падвозіў ад Полацку да Менску спадарожны кіроўца з-пад Тулы. Убачыўшы ў небе бусла, ты даверліва сказаў расейцу, што гэта лічыцца ў беларусаў шчасьлівай прыкметай. У адказ старэйшы брат зазначыў, што ў буслоў смачнае «сладкое» мяса.

Палкоўнік-ІV

Палкоўніка ты сустракаеш амаль як сябра, што аздобіць бясконцую дарогу дадому. Аднак сьветлыя надзеі ня спраўджваюцца. Палкоўнік худы і цьвярозы, як маласольны гурок. На пяты дзень адпачынку з гатэльнага нумару ў Палкоўніка вынесьлі ўсё, апроч Мышкі і шляхетна пакінутых на астатняе шчасьлівае жыцьцё дваццаці даляраў.

Табе Палкоўнік адказвае па-беларуску. Яшчэ лепей гэта атрымліваецца ў Мышкі. Ты разважаеш пра складаную залежнасьць дабрабыту і нацыянальнай сьвядомасьці.

Румынія-ІІ

Румынія сустракае сатэлітавымі антэнамі на вясковых мураванках і нядошлай кабылкаю, што на скрыжаваньні ў сучасным цэнтры Канстанцы цярпліва чакае зялёнага сьвятла, каб цягнуць далей дабітыя калёсы.

З дунайскай стромы глядзіць на далягляд зь велічнай пэрспэктывай Карпатаў масянжовы Стэфан Вялікі на кані. Некалі над Нёманам у Горадні будзе стаяць такі помнік Вітаўту, а над Дзьвіной у Полацку — Усяславу Чарадзею.

Украіна

Твой аўтобус спыняе ўкормлены міліцыянт, у якога менавіта сёньня дзень нараджэньня. Пакуль доўжацца перамовы наконт падарунку, ты маеш магчымасьць пачаць адаптацыю да расейскае папсы, якую зь нейкай паталягічнай асалодаю круцяць ва ўсіх без вынятку навакольных крамках і шапіках.

Тост

Вып’ем за вялікі расейскі народ у ягоных этнаграфічных межах!

Сон

Закалыханы аўтобусам, ты засынаеш. Табе сьніцца родная беларуская рэчаіснасьць.

Прачынаесься з палёгкаю.

Цябе разбудзіў беларускі памежнік.

Жнiвень, 1999

Два дні ў нязьдзейсьненай сталіцы

Замiж таго, каб напярэдаднi сустрэчаў з чытацкаю публiкай праiнвэнтарызаваць свае веды пра ейны родны горад (легендарная Магiла льва; паўстаньне 1661 году, калi месьцiчы мэтадычна перарэзалi ўвесь расейскi гарнiзон; Пётар I i Карл ХII; царская стаўка ў Першую сусьветную вайну; зьнiкненьне крыжа Эўфрасiньнi Полацкай у 1941-м etc.), ты, камфортна ўладкаваўшыся ў аўтамабiлi, неабачлiва разгорнеш сьвежую кнiжку Стаха Дзедзiча «Эпiлёг».

Аўтар гэтае навукова-папулярнае «спробы ўбачыць наш шлях», як i ты сам, будзе зусiм ня схiльны разглядаць чарнобыльскi чыньнiк найноўшае гiсторыi Беларусi як адназначна дэструктыўны: гiсторыя плянэты (Тыбэт, высакагорнае возера Тытыкака як адзiн з цэнтраў культуры iнкаў) сьведчыць, што малыя дозы прыроднае радыяцыi станоўча ўплываюць на пасiянарнасьць этнасу. Такiм чынам, Чарнобыль спрыяе падзелу беларусаў на дзьве часткi: «большую, якая iмклiва дэградуе, няздатная пераадолець генэтычны цяжар тысячагадовае гiсторыi ды апошнiх удараў цывiлiзацыi, i значна меншую, напоўненую новай энэргiяй стварэньня». Пытаньне, да якой часткi ты адносiш сябе, будзе выглядаць, далiкатна кажучы, нетактоўным.

Эпiлёг «Эпiлёгу» прагучыць ужо цалкам жыцьцесьцьвярджальна. Сапраўды, «на могiльнiку бляшанак можа выгадавацца толькi аматар старых бляшанак... I калi мы хочам, каб ён добрым словам прыгадаў колiшняе балота i людзей, што на iм жылi, неабходна, каб ён зразумеў, што бляшанкам папярэднiчала балота (каб не яно, дык i бляшанак не было б) i што гэтыя людзi ёсьць ягонымі продкамi».

Карацей, ты будзеш пад’яжджаць да Магiлева, калi i не з удзячнасьцю да стваральнiкаў Чарнобыльскай АЭС, дык, прынамсi,  фiзычна адчуваючы, як цябе перапаўняе й плешча ў берагi новая энэргiя стварэньня.

* * *

Першыя вiзуальныя ўражаньнi ад гораду, дзе ты мусiш выявiць свае пасiянарныя здольнасьцi, толькi пацьвердзяць, што якраз цябе тут даўно й прагна чакаюць.

Чакаюць у краме «Аллигатор».

Чакаюць у кнiгарнi «Мысль» (для тых, хто пазбаўлены згаданай вышэй стваральнай энэргii, дробненькiмi лiтаркамi зроблены пераклад: «думка»).

Чакаюць у прэзэнтабэльнай камянiцы з задрапiраваным чырвона-зялёным сьцягам гаўбцом, дзе ў траўнi 1780 году, агледзеўшы iнтэграваныя пасьля першага падзелу Рэчы Паспалiтай беларускiя землi, iмпэратрыца Кацярына II пiла каву, а магчыма, займалася і яшчэ чым-небудзь з калегам Іосiфам, iмпэратарам аўстрыйскiм.