Чакаюць у безыменнай сталоўцы, дзе ты iмгненна адчуеш сябе памаладзелым на дваццаць пераважна змарнаваных гадоў: цябе агорне сваёй утульнай аўраю абвестка «Ждите отстоя пива»; хрыпаты рэпрадуктар прывiтае цябе расейскiмi прыпеўкамi; ты зможаш паставiць на залiтую лiпучым кiсялём тацу «общепитовскую» талерку з тузiнам хударлявых кiлек; на касе табе прапануюць гарэлку пяцi гатункаў i вiно «Гранат», а зiрнуўшы праз заседжаную мухамi вiтрыну на вулiцу, ты ўбачыш насупраць сталоўкi кiнатэатар «Чырвоная зорка», дзе сёньня паказваюць фiльм, назва якога мае з гэтым травеньскiм днём несумнеўную мэтафiзычную лучнасьць — «Всё, о чем мы так долго мечтали».
У офiсе мясцовага аддзяленьня «Маладога фронту» хтосьцi з тваiх менскiх сяброў-лiтаратараў згадае, што ў выдавецтва, дзе рыхтуецца да друку фундамэнтальная «Археалёгiя Беларусi», днямi прыйшоў афiцыйны лiст з катэгарычным патрабаваньнем: вядомага ўсiм са школьных падручнiкаў i энцыкляпэдыяў паганскага «Шклоўскага iдала» надалей менаваць выключна «Магiлеўскiм божышчам». Пэўна, не адзiн ты адчуеш унутраны пратэст, бо палiчыш падвышэньне статусу дагiстарычнага стоду да ўзроўню ўсяго толькi вобласьцi яўна неадэкватным.
На сьцяне офiсу ты заўважыш паведамленьне пра магчымасьць замовiць навiнкi беларускае лiтаратуры. У сьпiсе тых, каго цiкавяць выданьнi «Беларускага кнiгазбору» i «Нашае Нiвы», будзе фiгураваць зацяты беларускi нацыяналiст Аванэс Мурадзян, якi нядаўна быў затрыманы мiлiцыянтамi за пашырэньне маладафронтаўскiх улётак.
Аванэса пакуль што выпусьцiлi, i ў вольны час ён любуецца блакiтна-зялёнай дняпроўскаю абалоньню i дасканалiць сваю беларускую мову. Ягонаму знаёмцу Ясю Абадоўскаму пашчасьцiла меней: пару дзён таму, пасьля выключэньня з Магiлеўскага машынабудаўнiчага iнстытуту ды iншых прыгодаў ён папрасіў палiтычнага прытулку ў польскiх уладаў.
Адрозна ад Берасьця, дзе ў часе папярэдняй пiсьменьнiцкай экспэдыцыi на кожную сустрэчу заяўлялiся вiцэ-мэр (выклiкаючы ў аўдыторыi вясёлы сьмех, ён спрабаваў даваць на аўтографы 30 сэкундаў або патрабаваў не пiсаць у кнiгах нiякiх пажаданьняў) або ягоная супрацоўнiца (пачуўшы небясьпечнае пытаньне, яна ўскоквала й верашчала: «Наши гости голодны. Их ждет обед!»), тутэйшая вэртыкаль абярэ, на першы погляд, больш надзейную тактыку. У некаторых асабліва небясьпечных месцах лiтаратурныя спатканьнi альбо будуць безь якiх-небудзь вычварэнстваў проста забараняцца (як на гiстарычным факультэце Магiлеўскае альма-матэр, дзе некалi Клiё не адказала ўзаемнасьцю студэнту Сашу з-пад Копысі), альбо зрывацца пад маркаю адсутнасьцi пiсьмовага дазволу гарадзкога ўпраўленьня культуры. Адбудзецца таксама апрабацыя найноўшай вынаходкi: у абвестках пра лiтсустрэчы будзе пазначаны адзiн час, а ў атрыманым табою раскладзе — iншы, прычым першы будзе адрозьнiвацца ад другога, як сярэднеэўрапейскi час ад беларускага.
Аднак сярод пэдагогаў знойдзецца прыстойны адсотак рызыкантаў, а сустрэчаў будзе заплянаваная гэткая фантастычная колькасьць, што i ва ўмовах пэрманэнтных перашкодаў табе давядзецца лётаць з школы ў лiцэй, зь лiцэю ў iнстытут, а адтуль у каледж у такiм шалёным рытме, што на два днi ты будзеш цалкам пазбаўлены магчымасьцi хоць раз дачакацца адстою пiва цi патэлефанаваць жанчыне тваёй мары.
Твой голад i тваю смагу будуць наталяць адно чытацкiя пытаньнi.
«Вам нiколi не казалi, што Вы падобны да старажытнага чалавека часоў сваiх твораў? Выбачайце, але гэта першае ўражаньне, калi я Вас убачыла».
«Цi згадзiлiся б Вы зьехаць за мяжу, калi б Вам прапанавалi за добрую зарплату пiсаць там вершы на той мове (не на беларускай)?»
«Будьте так любезны, скажите, пожалуйста, в Вашей жизни было много женщин?»
«Ці трэба сучаснай беларускай дзяўчыне-падпольшчыцы ведаць гісторыю Беларусі?»
«Дзе з вамi можна сустрэцца?»
Сустрэцца можна будзе хiба што ў касьцёле сьвятога Станiслава, тым самым, дзе вянчаўся Зянон Пазьняк i дзе на вечаровай беларускай iмшы ты не налiчыш сярод дзьвюх сотняў вернікаў нават трох немаладых кабетаў, у сувязi з чым табе захочацца прывесьцi сюды на экскурсiю дэлегацыю барадатых служкаў iншае канфэсii.
«Як Вы лiчыце, калi Ваша эсэ пра незалежнасьць страцiць сваю актуальнасьць?»
«Вам пiша бацька вучня былой беларускай гiмназii. Аднойчы настаўнiца зайшла ў сынаву клясу i сказала: «Ребята, с сегодняшнего дня мы будем учиться на русском языке. Русский язык — это язык умных и добрых людей...»