«Каково Ваше семейное положение?»
Пра сямейнае становiшча можна было б пагаварыць у кнiгарнi «Букiнiст», але там ты здымеш з палiцы толькi што выдадзены за празрыстай усходняй мяжою падручнiк для ВНУ «История России», напiсаны Шамiлем Магамедавiчам Мунчаевым i Вiктарам Мiхайлавiчам Усьцiнавым. Здымеш i не пашкадуеш, бо ўжо з другога параграфу — «Русь и сопредельные народы» — даведаесься, што «Литовское государство возникло в ХIII в.», прычым «его основателем был Мондог», а «русский язык стал там государственным»...
«Мы чулi пра гiсторыю з Вашай дзiцячай кнiгай «Адкуль наш род». А Вам ня страшна цяпер пiсаць? Арыштаваць жа могуць ня толькi кнiгу».
«Як бы Вы ахарактарызавалi лад, якi ўсталяваўся ў Беларусi? Мой знаёмы хлопец, напрыклад, кажа, што гэта нiякая не дыктатура, а проста краiна, ператвораная ў вялiзны калгас».
Ты даведаесься, што ў Магiлеве сем помнiкаў Ленiну i безьлiч партрэтаў правадыра пралетараў. Адзiн з самых адмысловых — з пачварна вялiкiмi i вострымi, як у кажана, вушамi — ты ўбачыш за дзьвярыма, над якiмi вiсiць шыльда: «Министерство просвещения БССР. Средняя школа №32».
Межы гэтага анкляву бээсэсэрыi пададуцца табе вусьцiшна шырокiмi, але ўжо за рогам школы цябе падпiльнуе графiцi: «Не здадзiм маньякам-iнтэгратарам нашу Мацi-Беларусь!», i ты супакоена падумаеш, што дажывеш да тае пары, калi сталiчнае выдавецтва выпусьцiць альбом беларускiх графiцi канца ХХ стагодзьдзя.
«Правда ли, что Вы — цыган? Я ужасть как люблю мужчинок-цыганов. Что Вы мне посоветуете?»
«Займаючыся гiсторыяй, цi не даводзiлася Вам сутыкацца зь нечым невытлумачальным i загадкавым, як, напрыклад, эгiптолягам з «помстаю фараонаў»? Цi былi ў Вашым жыцьцi такiя выпадкi?»
Пра выпадкi, якiя сапраўды былi, ты будзеш гутарыць зь дзяўчынаю, адоранай рэдкiм у нашых шыротах iмем — Сабiна — i прозьвiшчам Квятко, якое ты, здаецца, пераканаеш яе вымаўляць i пiсаць праз нацiскное «е» i з канчаткам «а», што, магчыма, станецца найiстотнейшым вынiкам тваiх дзесяцi магілеўскіх лiтарацкіх сустрэчаў.
Калi ты ўпершыню хадзiў па гэтых вулiцах напрыканцы 1970-х, увесь горад быў абклеены афiшкамi: «Могилевчане, будьте культурны! Мусор бросайте только в урны!» З таго часу зьмянiлася ў бок памяншэньня адно колькасьць урнаў.
Ты пашкадуеш, што з табой не прыехаў твой суаўтар гiсторык Генадзь Сагановiч. Асаблiва востра табе будзе не хапаць яго на вечарыне ў гарадзкiм Доме культуры, дзе ты атрымаеш з залi наступны лiст:
«Арлов! Не знаю, как вас лучше называть: спадарь или, может, сэр? Нам известно, что вы с еще одним таким самым писаком с еврейской фамилией по типу Каганович написали книжку будто бы про нашу историю «10 вякоў бел. гiсторыi», где собрали всякие собственные измышления типа того, что наше молодое бел. государство древнее и дряхлое, потому что образовалось тысяча лет назад во времена Рогволода, который, как известно, был совершенно не нашим предком, а варягом, а Полоцкое княжество ничего общего с современной Белоруссией не имеет. К счастью, нашлись в Академии Наук настоящие историки, которые вашу книженцию запретили. Надеемся, что не последнюю».
Iгуменьня магiлеўскага Сьвята-Мiкольскага манастыра Яўгенiя распавядзе табе пра безьлiч чалавечых костак, якiя знайшлi рэстаўратары пад Мiкалаеўскiм саборам, дзе ў 1930-я месьцiлася перасыльная турма НКВД. Сярод сотняў перазахаваных пад манастырскаю каплiцаю шкiлетаў мацi Яўгенiя наймацней запомніць два: вялiкi i маленькi, дзiцячы, костачкi якога навечна пераплялiся з матчынымi.
«Як Вы ацэньваеце шанцы Васiля Быкава на Нобэлеўскую прэмiю?»
«Не сакрэт, што жонкi, дзецi i ўнукi многiх (большасьцi?) беларускiх пiсьменьнiкаў (членаў Саюзу пiсьменьнiкаў) ня ўмеюць цi ня хочуць гаварыць па-беларуску. А на якой мове гаворыць Вашая сям’я?»
«На пытаньне, што ён будзе рабiць, даведаўшыся, што заўтра — канец сьвету, Марцiн Лютар адказаў, што будзе садзiць яблынi. А што рабiлi б Вы?»
Сядаючы ў начны менскi цягнiк, ты па-ранейшаму будзеш няздольны даць адказ на пытаньне, ці шкадуеш ты, што меркаваны напрыканцы 1920-х гадоў перанос сталiцы БССР у Магiлеў (настрашаная мiжнародным iмпэрыялiзмам улада пасьпела пабудаваць нават кропля ў кроплю гэткi самы, як у Менску, Дом ураду) так i не адбыўся.