Выбрать главу

На мокрым ад дажджу пэроне ня будзе нi натоўпу прыхiльнiкаў, нi задуменнай дзяўчыны Сабiны, якая верыць у помсту фараонаў.

Травень, 1998

Краiна бяз будучынi

Чатыры днi ў Эстонii транзытам праз Расею

1.

Перасячэньне межаў, асаблiва ў нашых шыротах, заўсёды абяцае яўную перавагу адмоўных эмоцыяў. Прыемнае выключэньне — мяжа з Расеяй.

Па-першае, нягледзячы на ўсю прапагандысцкую туфту з выкопваньнем памежных слупоў, гэтая мяжа — са слупамi, шлягбаўмамi, чэргамi, мытнiкамi, праверкамi грузаў ды iншымi малапрыемнымi ў iншай сытуацыi працэдурамi — ёсьць.

Па-другое, заўважаюцца прыкметы разбудоўваньня iнфраструктуры.

Вядома, воку бракуе кантрольнай паласы й дроту з дастатковай колькасьцю вольтаў. Мiлiцыянтаў трэба было б замянiць на памежнiкаў. Сьцяг таксама не такі. Але затое адбываецца пашпартны кантроль. Беларускi мытнiк прапануе нам адчынiць багажнiк, наладаваны творамi мастацтва, i цiкавiцца дазволам на вываз.

Мы з мытнiкам — грамадзяне адной краiны, i памiж намi нельга ўявiць размовы, пачутай на першай расейскай аўтазапраўцы: пра тое, што з Чачэнii прывезьлi Сярогу, што цынкавая труна была гэткая ж, як некалi з Аўгану — намёртва залiтаваная, i маманя так i не даведалася, Сярога там цi шматкі якога-небудзь “духа”. I гэта да кiраўнiцтва Сярогавай, а не маёй дзяржавы зьвяртаўся на схiле дзён чачэнец Махмуд Эсамбаеў з просьбаю зноў дэпартаваць ягоны народ, каб уратаваць яго ад генацыду.

2.

Вёска Даласцы, дзе сёньня стаiць расейская мяжа, некалi ўваходзiла ў Полацкае намесьнiцтва. У 1780 годзе, выправiўшыся аглядаць нядаўна далучаныя “искони русские земли”, iмпэратрыца Кацярына II на тутэйшай паштовай станцыi “изволила откушать” i села пiсаць лiст сыну Паўлу: “Сего утра выехала я из Опочки и на 18-й версте въехала в Белоруссию; с самого Острова тянутся все холмы да холмики, между которыми множество озер, что очень красиво; здесь население самое разнообразное, сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы, словом, не увидишь двух крестьян одинаково одетых и говорящих правильно на одном наречии; смешение племен и наречий напоминает Вавилонское столпотворение”.

Праз два стагодзьдзi расейскай улады гэтая дзiвосная размаiтасьць моваў, нацыяў, канфэсiяў i строяў трансфармавалася ў правiльны расейскi мат, брудныя боты i ватнiкi п’яных мужыкоў ды ў жывёльны страх. (Калi нам спатрэбiлася ўдакладнiць маршрут, дзьверы ў прыдарожнай вёсцы не адчынiў нiхто, хоць была толькi чацьвертая гадзiна дня.)

3.

Зрэшты, зьнiшчыць або прывесьцi да адной роўнiцы ўдалося ня ўсё. Пакуль што ацалелi азёры і тапанiмiя. Амаль да самай Апочкi, дзе на аўтастанцыi некалі вiсеў загаджаны галубамi ды варонамi адметны лёзунг “Слава советскому народу — творцу строительства коммунизма!”, назвы вёсак лашчаць душу сваёй наскасьцю: Гута, Лiцьвiнаўка, Рудня... За Апочкаю пачынаюць усё часьцей трапляцца тапонiмы, народжаныя мэнтальнасьцю братняга народу: “р. Зарезница”, “Колотиловка”, “Крадино”... I зьнячэўку, ужо пад самым Псковам, як глыток азону — Дупаўка.

Едзеш сабе i ўяўляеш мясцовага настаўнiка-краязнаўцу, якi выводзiць назоў роднай дзеравенькi ад дуплаў, якiх, маўляў, шмат у навакольных лясах. I няўцям яму, небараку, што ягоная малая радзiма атрымала найменьне не ад расейскiх дуплаў, а ад нашых лiцьвiнскiх дупаў, якiя спраўна рабiлi тут сваю справу ў гады Iнфлянцкае вайны, калi вялiкi князь Сьцяпан Батура трымаў у аблозе Пскоў.

4.

Усходнiя славяне мелi тры дзяржаўныя i народаўтваральныя цэнтры: Полацак, Кiеў i Ноўгарад. Драмай для ўсiх трох народаў (бо трэба казаць i пра самастойны ноўгарадзкi этнас) сталася ўзьнiкненьне пад эгiдаю Залатой Арды чацьвертага цэнтру — Масквы, якая атрымала ў спадчыну ад мангола-татараў усю iх дзяржаўную і вайсковую пабудову. Зрабiўшыся, па сутнасьцi, адлюстраваньнем Арды, Масковiя зь неверагоднай жорсткасьцю зьнiшчыла Ноўгарадзкую рэспублiку. У гады апрычнiны слугi Iвана IV, выбiваючы зь месьцiчаў вальналюбны дух, цэлы месяц, як сьвiней, рэзалi ў Ноўгарадзе штодня па колькі сотняў жыхароў. Тады Масковiя канчаткова зрабiла свой выбар, назаўсёды зачынiўшы сабе шлях у Эўропу.

Гэткiя перадкалядныя думкi мiжволi апаноўваюць на вулiцах Пскова, якi колькi стагодзьдзяў жыў у арбiце Ноўгарадзкай рэспублiкi, захаваўшы з таго часу ўласную старажытную архiтэктуру — напамін пра спляжаныя Iванам Жахлiвым магчымасьцi. Дарэчы, i Жахлiвым, i царом-Сабакам назвалi яго не беларускiя нацыяналiсты кшталту Чаропкi, Арлова ды Сагановiча, а — чатырыста пяцьдзясят гадоў таму — недарэзаныя ноўгарадцы ды псковiчы.