Выбрать главу

Адзiн з нашчадкаў гэтых недарэзаных сьпiць п’яны з мокрымi памiж ног штанамi пад сьцяною бялюткага храму XII стагодзьдзя. Цяжка сказаць, што ён глядзіць у шчасьлiвым сьне, затое, калi расплюшчыць вочы, убачыць на плоце плякат з заклiкам галасаваць за камунiстаў. Цiкава, што перадвыбарчая агiтка прымацаваная на ўзроўнi вачэй заснулага жлукталя. Гэта дазваляе высунуць адразу тры вэрсii: а) што плякат прыладкавалi адмыслова для макраштаннага выбаршчыка; б) што актывiст КПРФ, якi разьвешваў плякаты, ужо не трымаўся на нагах, поўзаючы ад плоту да плоту; в) што гэтым актывiстам быў сам засцанец, якi пасьпеў прыляпiць агітку i ўжо з усьведамленьнем выкананага парцейнага абавязку абрынуўся ў сваю расейскую нiрвану.

5.

Праз гадзiну пачынаецца ня толькi iншая краiна, але iншы культурны кантынэнт. На пляцах перамiргваюцца калядныя ялiнкi, у цёмных вокнах гараць сьвяточныя пiрамiдкi зь сямi лямпачак, у начных крамах прыдарожных вёсак за паўтара даляра можна купiць пляшку баўгарскай “Мядзьведжай крывi”, якая ў нас каштуе блiзу пяцi, а за 2$ — неблагога чырвонага, вырабленага на радзiме Борхэса й Картасара, што ў нас зусiм нiчога не каштуе, бо нам шкодна ня толькі яго піць, але і бачыць на паліцы.

Да прызабытай за гады незалежнасьцi й вiзавага рэжыму Эстонii хутка прасякаесься гэткай павагаю, што адчуваеш нiякаватасьць, зрабiўшы ў лесе адмысловы прыпынак, назва якога гучыць падазрона падобна да найменьня вядомай арганізацыі “Greenpeace”.

6.

Найцiкавейшая гiстарычная адметнасьць Нарвы — заснаваная яшчэ крыжакамі магутная фартэцыя, ператвораная ў велiчэзны музэй з выставачнымi й лекцыйнымi залямi, з сувэнiрнымi крамамi й пляцоўкамi агляду, зь якiх на тым баку ракi вiдаць ужо расейскi Iван-горад, таксама з аграмаднай фартэцыяй — напалову разбуранай, неасьветленай i ператворанай няцяжка здагадацца ў што.

Аднаго разу ў сярэднявеччы большая частка гарнiзону фартэцыi неабачлiва пакiнула горад, выправiўшыся ўгамоўваць неспакойных эстаў. Расейцы перайшлi па лёдзе раку, узялi замак, згвалцiлi i забiлi маладую жонку камэнданта, а ягонага маленькага сына забралi з сабой. Вярнуўшыся з паходу, камэндант умомант вока пасiвеў, колькi дзён, зачынiўшыся ў вежы, тапiў гора ў вiне, а потым загадаў капаць пад ракою лёху.

Праз гадоў пятнаццаць лёха ў Iван-горад была гатовая. Уварваўшыся ў варожы фарпост, камэндант першым чынам вырашыў адпомсьцiць за жонку, пазбавiўшы захопленых расейцаў мужчынскае годнасьцi ў яе першасным сэнсе. У разгар крывавае экзэкуцыi прыцягнулi яшчэ аднаго палоннага. “Сынок! Аўгуст!” — крыкнуў камэндант, кiнуўшыся да юнака з знаёмай радзiмкаю. “Мяне завуць Ваня, а сынок табе — тамбоўскi воўк”, — адказаў маладзён i, выхапiўшы ў бацькi корд, вызвалiў камэндантаву душу ад яе зямное абалонкi.

Прамiнула яшчэ сто гадоў, i Нарву захапiў Пётар I. Ён пачаў з таго, што 1700 з 2000 жыхароў гораду дэпартаваў у Расею.

Цяпер душы камэнданта ды iншых забiтых i дэпартаваных расейцамi нарвiчанаў знаходзяць суцеху ў тым, што сёньняшнiя маладыя нашчадкi пятроўскiх салдатаў старанна вывучаюць эстонскую мову, i, калi ня iх дзецi, дык унукi ўжо будуць эстонцамi.

7.

Ёсьць прозьвiшчы, якiмi, здаецца, сам Бог пазначае неардынарнасьць iхніх уладальнiкаў. Згадайце, напрыклад, сваiх знаёмых Караткевiчаў.

Беларуска-эстонскiм культурным таварыствам “Спадчына” ў Нарве кiруе Тацяна Караткевiч. Тры яе родныя сястры таксама жывуць у Нарве i пасьпяхова займаюцца бiзнэсам, пра што сьведчыць i чатырохпавярховы ўласны дом, у якiм жыве адна сястра, i прыморскi пансіянат “Валянцiна”, дзе паводле цалкам эўрапейскiх стандартаў гаспадарыць другая, i дзе пад пошум прыбою я нарэшце дачытваю пачаты яшчэ дваццаць гадоў таму з фрагмэнту ў самвыдаце “Палёвы вызначальнiк эстонскiх русалак” Эна Вэтэмаа. “Русалкi сапраўды апынуліся тады ў незаслужанай нямiласьцi, iм выставілі суровае абвiнавачаньне ў небыцьцi, прычым адначасна было палiчана магчымым iнкрымiнаваць iм паразытычны modus vivendi i ўхiленьне ад карыснае грамадзтву працы. Вартым асуджэньня быў прызнаны i той факт, што ўдзел русалак у гiстарычнай барацьбе працоўных за свабоду быў мiнiмальны (на жаль, гэта так); iндыфэрэнтнасьць выявiлi русалкi i пры стварэньнi калгасаў”.

Трэба прызнаць, што, адрозна ад эстонскiх каляжанак, беларускiя русалкi выявiлi ўва ўсiх пералiчаных сфэрах непараўнальна вышэйшую грамадзянскую сьвядомасьць ды актыўнасьць. Апрача iншага, яны ў значна меншай ступенi супрацоўнiчалi зь нямецка-фашыстоўскiмi захопнiкамi i ў значна большай — з КГБ. Але, вiдаць, усё ж ня гэтыя ўсьцешлiвыя акалiчнасьцi робяць нас непапраўнымi прыхiльнiкамi “русалкабагацьцяў” шматпакутнай Бацькаўшчыны.