Васіль Быкаў
Адна ноч
1
«Юнкерсы» з'явіліся раптоўна.
Іх крыжастыя імклівыя цені нечакана выслізнулі з-за стромкіх, разбітых мінамі чарапічных дахаў і абрынулі на горад імпэтны грымотны рэў. Запаволіўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамі неба і, заўважыўшы, што ад бліжэйшага самалёта ўжо адваліліся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вуліцы. Некалькі доўгіх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы і рукаты баец у шапцы і цеснай старой гімнасцёрцы, сціснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулі ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спіну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка і звонка бразнула побач, і затым вуліца, шэрыя дамы і сквер патанулі ў віхуры шызага пылу.
«Паўтонная, не меней», — падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола лапацела — ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкі асфальту; у паветры пыльнымі струменямі церушыла зямля; паволі асядаючы, доўга матляліся дробныя лісткі акацый, шматкі паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму і рэву матораў прагрукацеў кулямёт — ад пашкрэбанага з балконамі дома насупраць сыпнула жарствой, і вялікая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях, шалёна закруцілася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлі пікіроўшчыкі.
Трэба было бегчы далей.
У скверы між тоненькіх дрэўцаў ужо замільгалі прыгнутыя спіны, нехта выскачыў з-за агароджы і адразу кінуўся на другі бок вуліцы. Па цёмнаму лапіку на спіне Валока пазнаў сяржанта, аддзялённага з іхняга ўзвода. Узрадаваўшыся, што наперадзе чалавек, баец ускочыў і, прыгнуўшыся, падаўся следам.
Сяржант у некалькі скачкоў перабег вуліцу і пад новы скогат бомбаў шаснуў убок, у падваротню. Валока ж трошкі адстаў, ззаду рванула, і калі, задыханы, ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасці аж спаткнуўся: з двара на яго выскачылі два немцы. Валока ажно прысеў, але і немцы тут, відаць, не чакалі яго, пярэдні нешта гергетаў задняму, на імгненне ў яго расшыраных вачах бліснуў спалох і здзіўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, ціскануў на спуск — аўтамат тузануўся, немец выпусціў з рук карабін і ляпнуўся тварам на брук. Яго новенькая блішчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацілася на тратуар.
Куды знік задні, Валока не згледзеў.
Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад'езд шуганулі клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкінутую немцаву руку, на якой яшчэ торгаліся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, і кінуўся ў нейкія расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хілілася столь, і некуды ад парога ўніз беглі прыступкі; спяшаючыся, Валока не патрапіў на іх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз ірванула, і, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру.
Тут было ціха і цёмна. Засень і халодны бетон падлогі прыемна студзілі яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцішыўся, услухаўся, ступіў раз, другі, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамі і знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулі па нечых пыльных і яшчэ цёплых ад надворнае гарачыні ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузануліся з-пад яго рук, і ў той жа момант нешта тупое і цяжкае гахнула яго ў спіну. Валока войкнуў, ухапіў ротам паветра і з усяе сілы рвануў у цемру тыя ногі. Свядомасць разанула здагадка — немец!
Вораг не ўтрымаўся, хіснуўся, але яго рукі паспелі ўхапіць Валоку за галаву і сашчапіліся на шыі. Баец напружыўся, ірвануўся, ды марна. Вораг, сагнуўшы яго, гнуў голаў уніз і, шкрэбаючы па падлозе падкутымі ботамі, намагаўся апынуцца наверсе. Валока, крыху супакоіўшыся, ухапіўся за вопратку немца, напяўся і са злосцю падумаў, што лёгка яму не паддасца. Сам намацаўшы падэшвамі апору, ён усім целам рынуў на ворага.
— Ы-ых!
Валока, задыхаючыся ад болю ў шыі, адчуў, як грукнулі аб бетон варожыя косці. Ён цяпер апынуўся наверсе і кідаў туды-сюды свае ногі — шукаў апору. Рукамі ж ён учапіўся ў варожыя рукі, што сціскалі яго шыю, і пачаў выдзіраць з іх галаву.
Праз хвіліну ці меней, натужваючыся, як толькі можна было, і ледзьве адольваючы варожую сілу, ён вызваліў галаву, дужа падаўся наперад плячом і з натугай распластаў немца ў доле. Няпэўна яшчэ, але Валока адчуў, што сам дужэйшы за яго, цяжэйшы; толькі, відаць, той быў больш спрытны, бо не паспеў баец саўладаць з пругкасцю яго ўчэпістых рук, як тыя зноў ухапілі яго за горла.
Немец гэта зрабіў нечакана і хвацка. Валока толькі крэкнуў ад неспадзеўкі і болю, на момант абвяў і разгубіўся, а немец крутнуўся пад ім, брыкнуў у бок нагамі і рвануўся наверх.