Чаргі ён, невядома чаму, не пачуў, у нейкую долю секунды згледзеў толькі, як апруцянела хіснуўся Фрыц Хагеман, і ў той жа час вышэй ад Валокі, ударыўшыся ў прасценак, аглушальна рванула граната. Гарачы імпэтны ўдар сцебануў яго па плячы, і зараз жа ўсё патанула ў пыле, які ўдушлівым воблакам накрыў байца.
Пыл яго і выратаваў.
Валока адчуў, як немцы ўдарылі з аўтаматаў, некалькі куль раскрышыла цагліны побач, але ён, прыгнуўшыся, з раптоўным спрытам ірвануўся назад, упаў, ускочыў зноў, перакаціўся цераз вялікі зломак, аббег глыбокую варонку, з якой яны толькі што вылезлі, і, запаволіўшы хаду, выбраўся з руін на закіданы друзам падворак. Па дарожцы, вымашчанай бетоннымі пліткамі, дабег да шнурка нейкай калючай загарадзі, прадраўся праз яе гушчар і, падлезшы пад прадраную драцяную сетку, апынуўся ў нейкім вузенькім незнаемым правулку.
Яго адразу ледзьве не збілі з ног хлопцы-аўтаматчыкі. Гучна ляскаючы падэшвамі, яны шалёна беглі некуды, — мабыць, напярэймы тым немцам, што адступалі ля сквера. Задні страхавіта зірнуў на яго скрываўленую галаву, але змоўчаў, не сказаў нічога. Ён быў знаёмы, гэты хлапец з рабацінкамі на пераноссі і яснымі насцярожанымі вачмі, але Валока не здолеў прыпамятаць, дзе ён бачыў яго, і адчуў, як забалела параненае плячо.
Правулак быў вузенькі і зусім пусты. Валока паглядзеў у адзін канец яго, у другі і, сцяўшы пад пагонам рассечанае асколкам плячо, хістаючыся, пайшоў туды, адкуль беглі аўтаматчыкі. Угары, у ясным вясновым небе, бахала, сіпела, калацілася гулкае рэха бойкі.
«Што ж гэта? Як жа гэта?» — толькі цяпер акрэслілася ў яго галаве яшчэ няўцямная думка-здзіўленне. Узрушаны і змардаваны, ён нечага ніяк не мог сцяміць ці, можа, не мог чагосьці ўспомніць — разгарачаным нутром ён толькі адчуваў, што сталася вялікая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлівасць, перад магутнаю сілай якой і ён, і Фрыц Хагеман былі бездапаможнымі. I яму было вельмі пакутна ад таго і хацелася завыць ад крыўды, якая ашчаперыла і душыла яго.
1961 г.