Выбрать главу

Трэба было шукаць нейкае выйсце.

3

Шчыліны на зломах у бетоне былі дзе-нідзе шырокія, у іх можна прасунуць пальцы, але ўхапіцца не было як. Задраўшы ў падстолле твар, Валока як-колечы спрабаваў расхістаць абломак, ля якога цадзіўся промень, штурхнуў яго ўгору і пацягнуў на сябе. З шчыліны пасыпаўся пясок і жарства, баец адхінуў убок твар і яшчэ больш напяўся, каб як-небудзь разварушыць пліту.

Увесь час ён не забываўся пра немца ўнізе і, ледзьве скасіўшы вочы, адчуваў і бачыў кожны яго рух на прыступках. Немец спачатку цікаўна глядзеў на марныя байцовы спробы, затым не дужа ўпэўнена ўстаў. Валока адразу кінуў пліту і ўзяўся за аўтамат. Але вораг у другі раз амаль добразычліва ўсміхнуўся і трахнуў на рамяні кабуру.

— Найн, найн, — заспакоена прагаварыў ён, махнуўшы прытым рукой. Здаецца, кабура ў яго сапраўды была пустая. Валока з недаверам, аднак, апусціў аўтамат і вылаяўся ў душы. У яго зноў заварушылася непадуладная яму насцярожанасць да гэтага чалавека-ворага. А немец тым часам, узмахваючы рукамі і кульгаючы, узлез на кучу, задраў голаў, агледзеў шчыліны і ў адным месцы прасунуў у злом пальцы.

Дзве пары рук уперліся ў адзін кавалак бетону.

Дзіўна гэта было Валоку! Каб хто расказаў — не паверыў бы, але цяпер неяк усё выходзіла само сабой, і баец, здаецца, ні ў чым не мог папракнуць сябе. Толькі якую гадзіну назад, не бачачы і ніколі не ведаючы адзін аднаго, яны душыліся, біліся ў гэтым склепе, поўныя злосці і лютае прагі знішчэння, а зараз, нібы нічога між імі і не здарылася, суладна рвалі са столі кавалак бетону, каб выкараскацца з агульнай бяды.

Пліта краталася — трошкі ўгору, трошкі ўніз, жарства са шчылін усе сыпалася, і Валоку здавалася, што можна расхістаць і выдраць яе. Час ад часу крадком ён пазіраў на немца, які, выцягшы з шырокіх рукавоў валасатыя, загарэлыя рукі, стараўся трапляць у лад з яго намаганнямі. Загарэлы шчаціністы твар немца з добра развітай ніжняй сківіцай крывіўся ад пяску і натугі, а таксама, напэўна, ад слабасці; на пераноссі густа высыпалі дробныя кропелькі поту. Зрэдку ён выціраў іх рукавом, размазваючы па замурзаных шчоках. Бінт на галаве, зашмальцаваны ад поту каўнер і плячо з адарваным пагонам неўзабаве густа абсыпаў пыл. Валока чуў блізкае няроўнае немцава дыханне, тупанне яго ботаў побач са сваімі, і ад гэтае блізкасці ці ад суладнасці агульных намаганняў тое варожае, што ўвесь час жыло ў ім да гэтага немца, начало меншаць, раставаць і прападаць. Невыразна яшчэ адчуваючы ў сабе тую змену, Валока бянтэжыўся і чагосьці не мог зразумець у сабе.

Так яны варушылі тую зломіну хвілін дзесяць, але яна ўсё ж не паддавалася. Немец зморана дыхаў, ды і Валока прымлеў і нарэшце апусціў рукі. Запылены тонкі праменьчык струнка ўпёрся ў запарушаны пяском немцаў бот.

— Халера, — сказаў баец, з прыкрасцю паглядзеўшы ў столь. — Сілы мала.

— Я, я, — зараз жа ціха адгукнуўся немец. Ён таксама з клопатам агледзеў столь і зусім нечакана, з марудлівым няўмелым намаганнем, вымавіў: — Малё сілы.

Валока варухнуў запарушанымі пяском бровамі, здзіўлена паглядзеў на немца — разумее, чмур!

— Што, фарштэй па-руску?

— Малё, малё, — сказаў немец і ўсміхнуўся. — Вітэбск руска фрау… гражданка малё-малё ўчыль.

— Глядзі ты! Ось дык фокус!

Баец злез з цаглянае кучы, стомлена апусціўся на канец пагнутай бэлькі і палез у кішэню — як заўжды ў цяжкім клопатным стане захацелася закурыць, «праясніць мазгі». Аўтамат ён прыткнуў між калень. Немец, нібы чакаючы гэтай перадышкі, таксама з гатоўнасцю сеў, дзе стаяў, — пад самым промнем на цэгле. Параненую нагу беражна выцягнуў перад сабой.

— Фокус, фокус… Не знай, што то ест, — казаў ён, крывячы твар ад болю.

— Ге! — упершыню ўсміхнуўся і Валока. — Гэта, брат, не адразу і зразумееш…

Заскарузлымі пальцамі баец развязаў вышыты пеўнямі кісет, дастаў складзены кавалак газеты, насыпаў і разраўняў махорку. Пасля крутнуў разы два матузком-завязкаю, але спыніўся, спадылба зірнуў на немца, трохі разважыў і махнуў кісетам.