Выбрать главу

Зінаіда ДУДЗЮК

АДНАРОГ

Аповесць

1

Уладзік ехаў у дзіцячай калясцы, круцячы рукамі высокія колы, і яна паціху пхалася па пясчанай дарозе. Найбольш ён баяўся загрузнуць у пяску, старанна аб’язджаў небяспечныя мясціны, а на ўсялякі выпадак меў пры сабе моцны кій, каб можна было скрануць сваю таратайку з месца, як човен, які сеў на мель. Вецер задзіраў угору ягоную выбеленую за лета грыўку, казытаў у носе насеннем травы і пылам, шкуматаў майку. Хлопчык зірнуў на таполі, што ўсхвалявана шумелі пры дарозе, на неба, дзе сабраліся шэрыя хмаркі, і падумаў, што, мусіць, будзе дождж. Хутка пачнецца восень, ягоныя равеснікі пойдуць у другі клас, а яму давядзецца сядзець дома. Асабліва было горка, калі пачыналася непагадзь ці навальвала снегу, тады нават на вуліцу не выйдзеш. Добра, што былая настаўніца, а цяпер пенсіянерка, Леакадзія Максімаўна, зімой навучыла яго чытаць і пісаць. Цяпер Уладзік чытаў усё, што толькі трапляла ў рукі, а пісаў неахайна і не любіў гэты занятак.

Зараз ён спяшаўся. Хацеў паспець да прыходу аўталаўкі, бо ў хаце не засталося ані крошкі хлеба. Грошай у хлопчыка таксама не было, але ён спадзяваўся пазычыць у каго з вяскоўцаў, каб потым з пенсіі аддаць. Гэтак ён рабіў і раней, калі мама некуды сыходзіла. Ён атрымліваў дапамогу па інваліднасці і пры сваіх нерухомых нагах адчуваў сябе даволі самастойным чалавекам. Хвароба ягоная была не безнадзейная. Дактары браліся лячыць, але ўсё нешта замінала гэтаму. Двойчы мама здабывала недзе грошы, везла сына ў сталіцу, але так і не магла давезці. Першы раз яна сказала, што грошы ў яе ўкралі, другі раз, што сама згубіла. Што і гаварыць, не шанцуе Уладзіку. Учора захварэла маленькая сястрычка, пасінела ўся, зрабілася непрытомная. Маці павезла яе ў райцэнтр, і да гэтага часу не вярнулася. А Уладзіку думай і рабі, што хочаш, а дома ж сякая-такая гаспадарка: парсючок, куры, кот. І ўсе есці хочуць. Ён нарваў парсючку травы і ўкінуў у карыта. А куры з катом няхай самі якую ежу шукаюць. Сабе ён назбіраў недаспелых яблыкаў і ўсе паеў да абеду, але ж яблыкамі сыты не будзеш. Хочацца хлеба...

Над вуліцаю нізка і хутка, як стрэлы, снавалі ластаўкі, і Уладзік прыйшоў да канчатковай высновы, што будзе дождж. Пра такую прыкмету казала бабуля Маня, калі была жывая. Зноў яму давядзецца падстаўляць вялікую міску пад дзірку, дзе працякае страха. Гэтая старая хата дасталася маме ад бабулі, якая летась памерла, а раней, гадоў колькі таму, Уладзік жыў у горадзе. А потым тата паехаў некуды на заробкі і знік, не адгукаўся ні лістом, ні званком. Мама засталася з хворым сынам, вось і мусіла вяртацца ў вёску. Эх, каб пасяліцца хоць бы ў аграгарадку! Там школа блізка, хлопцаў-равеснікаў шмат, а тут адны старыя, як яны самі кажуць, дажываюць век. А яшчэ лепш было б, каб Уладзік умеў лётаць, як ластаўкі. Адна хвіліна — і ты ўжо ў тым канцы вуліцы, другая — назад вярнуўся. Гойсай куды хочаш, хоць за возера, хоць за балота, хоць за лес з ранку да вечара. І ніякае табе перашкоды!

На імгненне страціў Уладзік пільнасць — і ягоная таратайка забуксавала, па самыя восі ўлезла ў пясок. Ах, каб ты спрахла! Як жа гэта можна так варон лавіць! Уладзік узяў кій, упёрся ім у зямлю, спрабуючы зрушыць каляску з месца. І так налёг на левы борцік, што каляска наогул перакулілася, а яздок вываліўся з яе про­ста ў пясок. Ён сеў, абтрос пыл з майкі і трусоў, паставіў каляску на колы, выпхнуў на цвярдзейшае месца, але ўзлезці ў яе з зямлі не ўдавалася. Таратайка была старая, няўстойлівая, на высокіх колах. Яна ці перакульвалася, ці, нібы здзекваючыся, ад’язджала ўперад. Уладзік раззлаваўся, пачаў апантана накідвацца на каляску, але яна зрабілася яшчэ больш непаслухмянай.

Звычайна ягоная карэта стаяла ў двары каля ганку. Уладзік выпаўзаў з сянец і без цяжкасці зверху ўвальваўся ў сярэдзіну. А цяпер паспрабуй асядлай яе знізу. З дакукаю хлопчык думаў, што пакуль ён тут валаводзіцца, аўталаўка паедзе і яму давядзецца жыць без хлеба. Вернецца мама, а ў яго і на раз няма чаго ўкусіць. Ад гэтых думак яму зрабілася крыўдна, ад уласнай бездапаможнасці, на вочы нагарнуліся слёзы, ён выцер іх брудным кулачком і стомлена сцішыўся. Заставалася чакаць, што нехта з вяскоўцаў заўважыць яго і дапаможа. У такіх выпадках у яго заўсёды ўзнікала адно пытанне: чаму ўсе дзеці здаровыя, бегаюць па вуліцы, сябруюць, ходзяць у школу, а ён не можа? Адказу не было, замест яго з’яўлялася адчуванне страшэннай несправядлівасці, з якой ён вымушаны мірыцца.

— Што, брат, аварыя здарылася? — пачуў за спінай Уладзік голас дзеда Карнея Лесняка і ўзрадавана азірнуўся.