Ён сам памкнуўся ўхапіць жарабя за грыву, але тое ўхілілася і пабегла ў кустоўе, Платонавіч рушыў за ім. Карней пастаяў, раздумваючы, што рабіць далей. Аднойчы ён ужо пайшоў гэтак жа безразважна за жарабяткам, а апынуўся невядома дзе. Добра, што пашанцавала назад вярнуцца... Трэба было засцерагчы Платонавіча ад памылкі, якую зрабіў нядаўна сам.
— Пакінь, Платонавіч, Косю, няхай ідзе. Як яму спатрэбіцца, само прыйдзе. Ніхто не любіць няволю, тым больш, калі гэта фантастычная жывёла, у чым ты мяне толькі што горача пераконваў...
— Паслухай, Ляснік, ты проста цёмны чалавек, далёкі ад навукі! Ты ведаеш што мы можам зрабіць адкрыццё ў біялогіі! Казку зрабіць яваю! Праславіцца на ўвесь свет!
— Зжыў я ўсё жыццё без тае славы і далей буду жыць, — абыякава адказаў Карней. — Няхай наша чароўнае жарабя скача, куды хоча...
Платонавіч працягваў абурацца недальнабачнасцю свайго суседа, які акрамя трактара нічога ў жыцці не бачыў, і цяпер, калі ёсць магчымасць дапамагчы айчыннай навуцы, ён не хоча і пальцам варухнуць. У гэты час пачулася тонкае прарэзлівае ржанне Косі, быццам крык падлетка, у якога ламаецца голас. Мужчыны рушылі ў той бок, адкуль пачуўся покліч. Хутка ў кустоўі ўбачылі Косю, які схіліўся над жанчынай. Падышлі бліжэй і з цяжкасцю пазналі Інку. Твар яе быў азызлы, жоўта-сінягаколеру, галава разбітая, чорная кроў запяклася на русых валасах, сукенка брудная і падраная.
— Гэта ж Інка, — усклікнуў Карней. — Ці жывая хоць?
Платонавіч прысеў каля маладзіцы, узяў яе руку, стаў слухаць пульс, потым прыклаў пальцы да соннай артэрыі.
— Пульс не праслухоўваецца, — усхвалявана прамовіў ён.
— Трэба несці дамоў, — прапанаваў Карней.
— А раптам у яе пазваночнік пашкоджаны, тады нельга з месца кранаць...
— Які пазваночнік, вунь на галаве рана...
Пакуль мужчыны разважалі над Інкай, Кося наблізіўся да жанчыны, апусціў галаву ёй на грудзі — жанчына расплюшчыла вочы і няўцямна зірнула на мужчын.
— Ажыла! — узрадавана сказаў Платонавіч. — Я ж табе казаў, што гэта сапраўдны аднарог!
Карней не звярнуў увагі на словы суседа, схіліўся над Інкай, спытаў:
— Як ты? Што ў цябе баліць?
— Галава...
— Устаць і ісці зможаш?
Інка варухнулася, села і заплюшчыла вочы:
— Галава кружыцца, свет пераварочваецца дагары нагамі...
— Нічога, гэта пройдзе, — запэўніў Карней, памагаючы жанчыне падняцца. Платонавіч падхапіў Інку з другога боку, і мужчыны памалу павялі яе ў вёску.
— Што з табою здарылася? — спытаў Карней.
— Не памятаю...
— Нехта цябе змалаціў на горкі яблык...
— Ты яшчэ пытаеш? — з сарказмам адказаў Платонавіч. — Іванава работа. Хто каго любіць, той таго чубіць.
— Дзе Іван? Гэта ён цябе пабіў? — спытаў Карней у маладзіцы.
— Не ведаю, не помню, — адказала яна. — Завядзіце мяне да яго. Трэба з ім пагутарыць.
— Няўжо яшчэ не нагаманіліся? — насмешліва спытаў Платонавіч.
Інка нічога не адказала, плялася, звесіўшы галаву, валасы затулялі азызлы ссінелы твар, на якім замест вачэй засталіся толькі дзве вузкія шчылінкі.
9
Ля Іванавай хаты валяліся нейкія паперы, абрыўкі цэлафану, жалезнае ламачча.
— Развёў антысанітарыю, ператварыў двор у сметнік, — абурыўся Платонавіч, спыняючыся каля весніц.
У гэты час з суседняга двара, дзе ніхто даўно не жыў, выйшаў Іван з мехам на плячы (нёс нешта цяжкае), насцярожана зірнуў на вяскоўцаў, але не спыніўся, наблізіўся, зірнуў на Інку, злосна выдыхнуў:
— З’явілася, не запылілася! З двума хахалямі!
— Ваня, я хачу табе сказаць...
— Ідзі дамоў і больш ніколі не прыходзь, — гаркнуў Іван і пашыбаваў у свой двор не азіраючыся...
— Ванечка, Ванечка... — бездапаможна прашаптала Інка, хацела пайсці за ім следам, але Платонавіч спыніў яе.
— Не губляй галаву, маладзіца, табе ў доктара трэба зняць пабоі. Цябе сын дома чакае, а ты...
Інка раптам страціла прытомнасць і асунулася на зямлю.
— Ну, вось дагуляліся... Пайду патэлефаную ад Вольгі і выклікаю хуткую дапамогу, заадно скажу, што Іван аб’явіўся, мо гэта зацікавіць участковага, — прагаварыў Платонавіч і хуценька пайшоў уздоўж вуліцы.
Карней бездапаможна азірнуўся, не ведаючы, як дапамагчы распластанай Інцы, але убачыў Косю, папрасіў яго:
— Ратуй Інку.
Кося наблізіўся да жанчыны, лізнуў лоб, яна расплюшчыла вочы і спытала:
— Дзядзька Карней, што са мною?
— Захварэла ты. Хутка доктар прыедзе і палечыць, а пакуль паляжы.