Вароны звягліва і няспынна каркалі, быццам нешта важнае вырашалі. Жанчына зірнула праз вузкія шчылінкі заплылых вачэй і спытала:
— Чаго яны тут сабраліся? Ці не на маю смерць?
— Табе трэба жыць, Інка, у цябе двое дзетак малых. Хто ж іх на ногі паставіць?
Інка ціха ўсхліпнула, з вачэй яе выкаціліся дзве слязіны і скаціліся ажно да падбародка.
— Ангелінку шкода, зусім малая... І Уладзік бездапаможны, — прашаптала яна.
— Годзе, не плач... Усё будзе добра... Табе нельга хвалявацца, — супакоіў яе Карней.
Хутка вярнуліся Вольга з Платонавічам, прынеслі вады, адпаілі Інку. Яна села, абапіраючыся на плот. Вольга разглядвала Інку, божкала ды войкала:
— Як жа можна гэтак змалаціць прыгожы тварык? Нелюдзем трэба быць, зверам, каб вось так здзекавацца з чалавека! — казала яна голасна, падпершы бакі рукамі, каб пачуў Іван у хаце. — Як такіх вылюдкаў зямля носіць! Жылі мы сабе і гора не ведалі, дык на табе, маеш! Навалач нейкая прыпаўзла і свет каламуціць! Каб ты сваёй крыві напіўся! Усё ліха на цябе! Каб табе рукі паадсыхалі! — сыпала Вольга праклёны.
З хаты выйшаў Іван, моцна грукнуў дзвярамі, крыкнуў:
— Чаго тут сабраліся, прэч пайшлі! Зараз як вазьму дручка, дык мала не будзе!
Ён брудна вылаяўся, падышоў да плота і пачаў адломваць штыкеціну! Вольга адышла ад Іванавага двара колькі крокаў і крыкнула:
— Я вось зараз участковаму патэлефаную. Гэта наша вуліца, нашы хаты! А ты, набрыдзь, выбірайся адсюль!
Іван выйшаў з двара, змрочна зірнуў на людзей. Вольга кінулася бягом да сваёй хаты.
— Гэта ты Інку збіў? — спытаў Карней у Івана.
— Навошта мне гэтая самадайка здалася, рукі пэцкаць аб яе...
— Ваня, Ваня, як ты можаш? — прашаптала Інка.
— Ідзіце адсюль! — загадаў Іван.
— Не можам мы ісці, — з’едліва прамовіў Платонавіч. — Ножкі нас не носяць. Зараз хуткая прыедзе і павязе нашу красуню на ногі ставіць. А некаму давядзецца пасядзець за тое, што рукі распускае...
— Не палохай мяне, стары, я сам каго хочаш магу напалохаць...
— Мы не з баязлівых, — адказаў Карней. — Удвох неяк справімся з табою, так што ідзі ў хату і патрывай трохі нашу прысутнасць...
Вароны на таполі зноў пачалі каркаць. Іван злосна зірнуў на іх, вылаяўся, адкінуў штыкеціну і падаўся ў двор.Белая машына з чырвонымі палоскамі і лічбай «103» з’явілася на дзіва хутка. Аказваецца, была яна ў суседняй вёсцы. Доктар агледзеў Інку і канстатаваў:
— Чэрапна-мазгавая траўма.
Паклалі на насілкі і занеслі ў машыну. Прыбегла Вольга, якая цікавала за Іванавай хатаю з-за плоту, сабраліся іншыя жанчыны, абмяркоўвалі, пракліналі Прыблуднага, які прынёс у вёску адны няшчасці. Платонавіч адвёў Карнея ўбок і сказаў, што няма часу стаяць тут і часаць языкі, трэба вырашаць сваю неадкладную справу.
— Што тут доўга вырашаць? Згодны я... Тэлефануй у сваю акадэмію, — адказаў Карней.
— Даўно б так, — прамовіў задаволена Платонавіч. — Адыдзем убок, я хачу ўпэўніцца яшчэ раз, што ў жарабяці ёсць рог.
Карней паклікаў Косю, адвёў убок, прытрымаў за грыву, пакуль Платонавіч абмацваў і аглядаў рог.
— Глядзі ты, усё, як было напісана: рог, як перліна, а самы кончык чырвоны. Па-мойму, ён расце! — узрадавана засведчыў Платонавіч. — Слухай, давай да мяне ў хлеў жарабя паставім. Так будзе надзейней.
— Эх, Платонавіч, калі гэтая жывёла чароўная, дык яе ніякія замкі і хлявы не ўтрымаюць. Кося да мяне прывязаўся, я яму найлепшы ахоўнік, а цябе ён не вельмі любіць, бачыш, як касавурыцца. Не пойдзе ён да цябе, — адказаў Карней.
Сусед ніякавата перасмыкнуў вуснамі. Пэўна, пачутае пакрыўдзіла яго, аднак ён махнуў рукою на развітанне і выгукнуў:
— Пайду тэлефанаваць...
Як жанчыны ні крычалі, Іван з двара не выйшаў. Паступова людзі разышліся. На тое месца, дзе яны стаялі, зляцеліся вароны, селі на дол, пачалі шукаць пад нагамі якую пажыву. Белае жарабя спудзіла птушак, яны імкліва ўзняліся ў паветра, зачапілі электрычны дрот — сноп агністых іскраў пырснуў на хату, у якой жыў Іван. Імгненна загарэўся дах, праз колькі хвілін увесь будынак ахапіла полымя. Агонь рваўся ўвышкі, агонь трашчаў і роў, як галодны звер. Наляцеў вецер, закруціў, пусціў дым па вёсцы, каб усё ведалі, што вось ён, яго вялікасць пажар. Пачалі збягацца людзі з вёдрамі. Некаторыя вырашылі, што злачынец наўмысна падпаліў хату і ўцёк. Вольга, якая адчувала, што недзе ў памяшканні могуць быць схаваныя яе грошы, хутка выклікала пажарнікаў, сама насіла вёдрамі ваду і ўсё прыгаворвала:
— Ратуйце, людцы мае добрыя! Ратуйце, людцы мае ласкавыя!
Баба Тэкля загаласіла:
— Ай-бо, гэта ж там чалавек гарыць! А хто ж яго выратуе-е-е! А хто ж яго вынесе-е-е!