Выбрать главу

Карней змоўк і за некалькі хвілін пранеслася перад ім усё яго жыццё: ад галоднага пасляваеннага маленства да цяперашняй сталасці. Нарадзіўся ён у час вайны, яшчэ нічога не цяміў, калі бацьку забралі на фронт. А праз колькі месяцаў прыйшоў ліст са шпіталя, што бацька цяжка паранены, калі яго не забяруць родзічы, дык ён будзе дажываць век у прытулку для інвалідаў. Маці паехала па мужа, а малы Карней застаўся нецярпліва чакаць бацьку. Праз тыдзень прыкаціўся з чыгуначнай станцыі воз, а на ім сядзелі два незнаёмыя мужчыны і мама. Карней дарэмна спрабаваў здагадацца, каторы з іх бацька, каб кінуцца да яго ў абдымкі. Маці замітусілася, не звяртаючы ўвагі на сына, быццам ён тут чужы і непатрэбны, кінулася расчыняць сенцы. Адзін мужчына саскочыў з воза, падняў другога, бязногага, і, як дзіця, панёс у хату. Сэрца ў Карнея скаланулася ад страшнай здагадкі. Ён схаваўся за хату і заплакаў, не верачы самому сабе...

Калі чужы дзядзька паехаў з двара, толькі тады Карней выцер слёзы, апаласнуў у сенцах твар з вядра, выцерся і пайшоў вітацца з бацькам. У гэты момант ён пакляўся сабе, што хутка вырасце і сам будзе насіць тату на руках.

Бацька зрабіў сабе возік на чатырох колах, у ім ездзіў па двары, дапамагаў сыну дзе парадаю, дзе рукамі, прывучаў да спрадвечнай сялянскай працы. Майстравіты быў чалавек! Кожны раз, калі Карней бачыў Уладзіка на калясцы, яму згадваўся бязногі бацька, пачынала балець сэрца і розныя горкія думкі лезлі ў галаву. Ён праклінаў вайну, якая знішчыла і пакалечыла мільёны маладых прыгожых мужчын, падрэзала пад корань шмат сем’яў, не дала расквітнець талентам.

Карней пасля дзесяцігодкі не паехаў вучыцца ў горад, а застаўся дома, бо трэба было дапамагаць бацькам. Выдатніца Васіліса пакахала Карнея. Так яны і пражылі век разам — адно дзеля аднаго, жонка і цяпер жыла б, каб не сын, які невядома куды паехаў і сем гадоў не адгукаўся. Не вытрымала яна невядомасці, слабае мела сэрца... А зрэшты, Карней быў перакананы, што смерці няма... Не можа жывая чалавечая душа проста так знікнуць, бо існуе закон захавання энергіі. Нішто нікуды не знікае, проста мяняе форму існавання...

Карней схамянуўся, калі пачало ўжо вечарэць, аблаяў сябе старым ёлупам, развітаўся з Васілісаю, пакланіўся бацькам і шматлікім родзічам (па іхніх магілах можна было б вывучыць радавод, каб былі на іх надпісы, але ў мінулым па беднасці ставілі нябожчыкам толькі драўляныя крыжы, якія хутка згнівалі), потым падазваў Косю, які адышоў далекавата ад могілак, і накіраваўся да Уладзіка. Хлопчык сядзеў у калясцы, жаваў яблык.

— Здароў, мужык, — павітаўся з ім Карней за руку, як з роўным.

Уладзік узрадавана заўсміхаўся і сказаў:

— Вой, і Кося прыйшоў, — працягнуў далонь і пагладзіў жарабя, — а я маму чакаю...

— Не чакай сёння. Яе разам з Ангелінкаю паклалі ў бальніцу. — адказаў Карней.

— А ты хочаш вылечыцца?

— Хачу... Вось прыедзе тата, прывязе грошай і знойдзе сапраўднага доктара...

— Я ўжо знайшоў для цябе добрага доктара, — прагаварыў Карней, — збірайся.

— А што мне збірацца? Так і паеду ў калясцы...

— Не, каляска табе больш не спатрэбіцца. Сядай на Косю...

Вочы Уладзіка засвяціліся шчасцем. Карней пасадзіў хлопчыка на аднарога, і яны рушылі з двара ў бок поплава. Па дарозе ім сустрэлася Леакадзія Максімаўна, яна здзіўлена спытала:

— Куды ж ты, Уладзік, едзеш?

— Лячыцца, — адказаў хлопчык.

— Добра ты прыдумаў, Карней, я па тэлебачанні бачыла, што дзяцей, якія не ходзяць, лечаць, возячы на конях, — пахваліла яна суседа, а хлопчыку падала цэлафанавы пакет. — Вось табе піражкі з яблыкамі. Частуйся, на здароўе.

— Дзякую, Леакадзія Максімаўна, я піражкі вельмі люблю, — узрадаваўся хлопчык, адразу разгарнуў пакунак, дастаў печыва і пачаў есці, потым схамянуўся, пачаў частаваць і Карнея, але той адмовіўся ад прысмакаў.

Жанчына дакранулася да лба Косі, правярала, ці сапраўды ёсць у яго рог і сказала:

— Мой Платонавіч нібы звар’яцеў. Увесь час толькі пра аднарога і гаворыць. У Нацыянальную акадэмію навук тэлефанаваў, у Мінск, ды там сёння навукоўцы сабраліся на сход — нічога не дабіўся. Гаварыў, што заўтра з самага ранку зноў пачне...

— Няхай заўтра, перш чым тэлефанаваць, да мяне забяжыць, маю нешта цікавае сказаць, а як не заспее, дык няхай чакае, — загадкава ўсміхнуўся Карней.