Выбрать главу

— Добра, так яму ўсё і скажу, — паабяцала Максімаўна на развітанне.

Карней вывеў аднарога на поплаў. Лёгкі туман слаўся над травою. За лес скацілася сонца, але яшчэ цемра не апусцілася на зямлю.

— Што гэта ў нас пад нагамі, дым? — здзіўлена спытаў Уладзік.

— Гэта туман. Няўжо ты ніколі раней не бачыў туману? — падзівіўся Карней.

— Я ніколі не быў тут, хоць даўно хацелася паглядзець, што за вёскаю.

— Яшчэ нагледзішся.

Карней павёў Косю напрасткі да яра. Ён хваляваўся і трывожыўся, ці атрымаецца, як тады? Памарудзіў на ўскрайку і асцярожна, прытрымліваючы аднарога за грыву, пачаў спускацца ў зеленаваты морак. Туман паглынуў людзей і жарабя, быц­цам іх ніколі не было.

11

Туман развеяўся, Карней убачыў над галавою зорнае неба, а наперадзе — яскравыя агні вялікага селішча, узрадаваўся: «Здаецца, усё атрымалася!»

— Гэта горад? — спытаў Уладзік. — Я і не ведаў, што ён так блізка.

— Цяпер усё блізка, пойдзем туды, сам пабачыш.

Здавалася, зусім не шмат часу патрацілі яны на дарогу, а неўпрыкмет пачало світаць. Вядома, летняя ноч кароткая. А мо для Карнея, чалавека з іншага часу, гадзіны праляталі хутчэй? Наперадзе за прысадамі паказаліся першыя збудаванні, круглыя з высокімі дахамі.

— Я такія хаты сніў надоечы, — паведаміў Уладзік.

— Няўжо праўда?

— Праўда, дзеду. А яшчэ там вагончыкі ў паветры лёталі.

— Такія? — спытаў Карней і паказаў рукою на тутэйшы лятучы транспарт.

— Ага. Я думаў, што такія толькі ў снах бываюць...

— Мы ў будучыні, Уладзік. Тут жывуць дактары, якія цябе вылечаць...

— Гэта як у фантастычных мульціках? — спытаў Уладзік.

— Амаль так...

Яшчэ мінулым разам Карней паспеў разгледзець і монаксілы, як называўся гарадскі транспарт, і жыхароў. А былі яны тут усе маладыя і здаровыя. Гэтае паселішча вырасла на месцы ягонай вёскі Вырай. Справа цягнулася возера, за спінаю застаўся поплаў і яр. Дэкарацыі тыя ж, а дзеянне іншае...

Знаёмай дарогай Карней пакрочыў да рэабілітацыйнага цэнтра. У мінулы раз, калі ён з’явіўся на вуліцы, людзі збегліся на яго паглядзець. Ім ніколі не даводзілася бачыць такога старога чалавека. Цікаўная маладзіца спытала, ці не трыста гадоў яму? Ён падумаў, што гэта жарт. Аднак адказаў сур’ёзна, што яму яшчэ і сямідзесяці няма. А тая здзівілася і сказала, што ёй сто дваццаць, але ж яна захавалася намнога лепш. Сапраўды, жанчыне ён не даў бы і трыццаці пяці: скура свежая, вочы ззяюць, валасы густыя і бліскучыя. Тут ужо і сам ён успрыняў яе словы са смехам. Махнуў рукою і пайшоў далей, цікаўна азіраючыся па баках. Тут яго і заўважыў доктар, пачаў распытваць хто ён, адкуль. Прапаноўваў абнавіць арганізм у цэнтры, але Карней толькі пасмяяўся, маўляў, навошта тая штучная знешняя маладосць, калі душа старая?

— З вамі папрацуюць псіхолагі, і ўсё атрымаецца, — пераконваў доктар. — А для мяне гэта цікавы эксперымент. У нас людзі не чакаюць старасці, а з маладых гадоў займаюцца карэкцыяй усіх адхіленняў у арганізме. Таму няма ў нашым грамадстве старых, усе маладыя, і кожны чалавек, калі захоча, можа жыць вечна...

— Шкада, што позна я сюды прыйшоў. Сёлета ў мяне памерла жонка. Мусіць, вы змаглі б яе выратаваць...

— Бясспрэчна...

Тады Карней не згадзіўся на амаладжэнне, ды і зараз ён прыйшоў сюды толькі дзеля Уладзіка, які, мусіць, з-за Чарнобыля атрымаў сваю хваробу.

На вуліцах яшчэ было пуста, гарадок спаў. Уладзік разглядваў каляровыя будынкі і не пераставаў здзіўляцца.

— Усё, як у маім сне. Толькі я там з хлопцамі ў футбол гуляў.

— Так яно і будзе, — адказаў Карней. — Тутэйшыя дактары ўсё ўмеюць.

Дзверы рэабілітацыйнага цэнтра самі расчыніліся перад імі. Насустрач выйшаў знаёмы доктар і радасна ўсклікнуў:

— О, каго бачу! Спадар Карней вярнуўся! І менавіта ў маё дзяжурства! Гэта лёс! А хто з вамі, унук?

— Гэта сусед мой, Уладзік, у будучыні, мусіць, будзе футбалістам. А пакуль у яго хворыя ногі. Памажыце яму, калі ласка.

— Паглядзім, паглядзім, — прамармытаў доктар і пачаў абмацваць слабыя Уладзікавы ногі. — Усё будзе выдатна! Прашу ў мой кабінет.

— А куды ж мне падзець маё жарабя? — спытаў Карней, беручы Уладзіка на рукі.

— Не хвалюйцеся, пра яго паклапоцяцца.

— Яго нельга трымаць у хляве, выпусціце яго на поплаў, ён сам сябе пракорміць.Яны ўвайшлі ў пакой, абсталяваны нейкімі незразумелымі прыборамі і экрана­ми Доктар пасадзіў Уладзіка на крэсла, пачаў націскаць кнопкі, разглядваў выявы на экранах, нешта сам сабе мармытаў, пасля сказаў:

— Уладзік, ты будзеш бегаць хутчэй за ўсіх. А зараз я накірую цябе ў палату, там цябе памыюць, накормяць, а потым пачнём лячыцца. Згода?