Выбрать главу

Уладзік пагадзіўся не раздумваючы. Доктар націснуў кнопку. На экране ўзнік прыемны твар дзяўчыны. Доктар растлумачыў ёй, дзе трэба размясціць хлопчыка. Праз тры хвіліны дзяўчына была ўжо ў кабінеце, яна прыязна ўсміхнулася юнаму пацыенту і пасадзіла яго ў самаходную каляску.

— Гэта ж сапраўдная машына! — з захапленнем прамовіў хлопчык. — Я на такой мог бы і ў школу ездзіць.

— Ты хутка на сваіх нагах будзеш бегаць, — усміхнуўся доктар.

Калі дзверы зачыніліся, ён рэзка павярнуўся да Карнея і спытаў:

— А што з вамі будзем рабіць, спадар Карней? Няўжо так і збіраецеся дажываць век старым і бяззубым дзедам?

— Не я першы, не я апошні, — разважліва адказаў Карней.

— Вы апошні ў наш час, як ні сумна... Гэта старасць за вас гаворыць, ёй нічога не трэба, яна нічога не хоча. Я падару вам маладосць!

— Ведаеце, каго я найбольш баяўся ў сваім жыцці? Дактароў! З іхнімі ўколамі, скальпелямі і горкімі парашкамі! Нічога больш жахлівага я не ведаў!

— Кіньце згадваць леташні снег. Мусіць, вас бабуля напалохала такімі казкамі ў маленстве, — засмяяўся доктар. — Цяпер нічога падобнага няма! Нанатэхналогіі дазваляюць бескантактна кіраваць працэсамі аднаўлення арганізма.

— Не веру...

— Ну, вы проста як Станіслаўскі...

— Які Станіслаўскі? — перапытаў Карней.

— Быў сотні дзве гадоў таму тэатральны рэжысёр... Карацей, так, Уладзік праляжыць у нас месяцаў шэсць. Можаце вяртацца ў сваю глухамань...

— Паўгода? — засмучана спытаў Карней.

— Так. А што?

— Я ўзяў хлопчыка без дазволу маці, яна якраз захварэла, Уладзік аказаўся без догляду, вось я на свой грэх... — скрушна прагаварыў Карней.

— Не страшна. Мы яе папярэдзім...

— Не зможаце... Прабачце, доктар, я вам мінулы раз сказаў не ўсю праўду. Я зусім не з глухога лесу да вас прыблукаў. Я з гэтага селішча, з Выраю, але з мінулага... Я з іншага часу, доктар. І Уладзік адтуль...

Доктар неўразумела глядзеў на Карнея, быццам перад ім сядзеў псіхічна хворы чалавек.

— Разумею, вам цяжка мне паверыць... Але так і ёсць, — сказаў стары.

— Хіба ў мінулым людзі мелі машыну часу? — насмешліва спытаў доктар.

— Не мелі, але я выкарыстаў чароўную сілу аднарога, — прызнаўся Карней.

— Ну, гэта ўжо зусім казкі.

— Паназірайце за маім жарабяткам, праз колькі месяцаў самі ўпэўніцеся, што гэта за жывёла...

Доктар здзіўлена зірнуў на Карнея, памаўчаў, нешта вырашаючы для сябе, урэшце сказаў:

— Калі вам пашанцавала пераадолець час, дык чаму не скарыстацца новымі дасягненнямі навукі? Няўжо вам не хочацца зноў адчуць сябе маладым і здаровым? Гэта ж натуральнае жаданне! Без Уладзіка назад вы не можаце вярнуцца, вам давя­дзецца яго чакаць. Дык што вы будзеце тут рабіць столькі часу?

— Бог з вамі! Угаварылі! Што мне губляць?

— Вось і цудоўна! Сядайце ў крэсла! — прапанаваў доктар.

Ён утаропіўся ў экраны і праз некалькі хвілін паведаміў:

— Печань трэба мяняць, левую нырку таксама! Божа мой, які артроз! А што з лёгкімі? Гэта ад тытуню?

— Не, я ніколі не курыў. Ад пылу гэта... Трактарыстам працаваў... Ды і Чарнобыль усім нам нашкодзіў...

— Трактар, такая старажытная сельскагаспадарчая машына? А пра Чарнобыль ведаю... Дык з якога ж вы часу, шаноўны, прыйшлі да нас?

— З чарнобыльскага...

Доктар прысвіснуў. Потым засмяяўся:

— Мне пашанцавала, як нікому. Шаноўны спадар Карней, я зраблю ўсё, каб вам захацелася пачаць новае жыццё. І не так важна, які гэта будзе час — цяперашні ці мінулы. А чаму вы не пытаеце, у якім часе апынуліся?

— Баюся...

— Чаго?

— Страшна перажыць самога сябе. Вы мяне разумееце?

— Не зусім... Але пра гэта пагутарым пазней, у нас яшчэ будзе шмат часу. А зараз займайце свае апартаменты, пакуль не перадумалі, а я пачну вас лячыць...

12

Карней абудзіўся ад дотыку да шчакі, расплюшчыў вочы, убачыў над сабою знаёмы твар доктара, усміхнуўся. Ён помніў, што надоечы яго рыхтавалі да нейкіх працэдур, а зараз, пэўна, ён пасля іх ачомаўся.

— Як пачуваецеся? — спытаў доктар.

Карней прыслухваўся да свайго цела і адказаў:

— Дзякую, добра.

— Выдатна... Можа, есці хочаце?

Карней прыслухаўся да сябе і адказаў:

— Бадай, ад кавалачка сала з часнаком і чорным хлебам не адмовіўся б...

— Ну, хто ж есць сала? Навошта новенькую печань зноў забіваць тлушчам?

— Прабачце, доктар, звычка такая ў мяне... Пасля смерці жонкі гатаваць сабе ленаваўся, сала пажую — і сыты.

— Уставайце памалу, я вам дапамагу...