— Ці ж я такі хворы? — збянтэжыўся пацыент і лёгка сеў на ложку, а потым падняўся на ногі, прайшоўся па пакоі, адчуваючы незвычайную лёгкасць ва ўсім целе, пазгінаў правую нагу і не адчуў звыклага болю ў калене. — Ды вы проста чараўнік! А як Уладзік?
— У яго ўсё добра. Хутка сустрэнецеся. А зараз падыдзіце да люстэрка, вось сюды, — доктар паказаў рукою.
Карней зірнуў на сваё адлюстраванне і не пазнаў, падумаў, што пабачыў нейкага маладога чалавека на экране.
— Хто гэта? — спытаў ён.
— Гэта вы, спадар Карней! Вы і ніхто іншы!
— Не, гэта не я! У мяне валасы сівыя і зубы вышчарбленыя! — Карней ніякавата расцягнуў вусны і ўбачыў два рады роўных белых зубоў. — І маршчын шмат было... Гэта зманлівае люстэрка.
— Цяпер вы такі ж малады, як усе навокал, незалежна ад узросту. Можаце пачынаць новае жыццё: вучыцца, любіцца, жаніцца — што заўгодна...
Карней з цікаўнасцю агледзеў сябе. Цяпер ён выглядаў гадоў на трыццаць: прыемны твар, русыя валасы, зеленаватыя вочы, іскрыстыя і маладыя.
— Як жа я вярнуся дамоў? Мяне ніхто не пазнае! — у адчаі ўскрыкнуў ён. — Як мне цяпер новы пашпарт сабе здабываць?
— Заставайцеся тут. Ці трэба вам вяртацца ў мінулае, каб дажываць век у закінутым селішчы, калі ў гэтым часе ў вас ёсць неабмежаваныя магчымасці для сапраўднага жыцця? Вы можаце выбраць сабе новую прафесію, сустрэць каханую жанчыну, нарадзіць дзяцей! Наперадзе ў вас бясконцае жыццё. Мы вырасцілі вам новую печань, лёгкія і нырку, падправілі храшчы, ачысцілі кроў! Вы абсалютна малады чалавек па ўсіх паказчыках. Гэтыя аперацыі мы можам паўтараць колькі заўгодна!
— Калі ж вы паспелі ўсё гэта? — здзіўлена спытаў Карней.
— Зірніце ў акно...
Карней глянуў праз шыбу і ўбачыў сад у квецені, яблыні пеніліся ружовымі кветкамі, над імі лёталі руплівіцы-пчолкі. Над садам панаваў дух аднаўлення, а высокае блакітнае неба акрывала з пяшчотаю і цеплынёю гэты невыказна прыгожы свет.
— Я трапіў да вас летам, а цяпер ужо вясна? Ці я праспаў амаль цэлы год? — уражана спытаў пацыент.
— Так, — пацвердзіў доктар. — Спалі вы на незвычайным ложку. Які, колькі трэба, масіраваў кожную вашу мышцу, не дапускаючы застою крыві. Вы працягвалі насычана жыць, мы навучылі вас у сне маляваць і пісаць вершы, мы давалі вам веды па гісторыі, эканоміцы, сацыялогіі, філалогіі, псіхалогіі ды іншых навуках. Так што гэты час для вас не прайшоў дарэмна! Вы яшчэ будзеце здзіўляцца сваёй дасведчанасці...
Карней памаўчаў, спрабуючы ацаніць пачутае, не ведаючы пакуль, радавацца альбо засмучацца тым пераменам, што адбыліся з ім. Свядомасць ягоная дваілася, адзін малады і бадзёры голас казаў: «Усё выдатна»; другі, стары і стомлены, пытаўся: «Навошта мне гэта?» Раптам ён зноў згадаў пра Уладзіка і з горыччу прамовіў:
— Мяне ж Інка, Уладзікава маці, пракляне, што я звёз невядома куды яе сына...
— Калі вы вернеце ёй здаровага хлопчыка, яна вам даруе... Здароўе дзіцяці — для бацькоў галоўнае, — адказаў доктар.
— Не зусім так. Інка жыла на дапамогу па інваліднасці за сына... А цяпер ні Уладзіка, ні грошай... Працы няма...
— Няхай Уладзік застаецца тут. У вашым часе, як я разумею, недасканалая сістэ ма адукацыі, усё на зародкавым узроўні. Вы пахадзіце па гарадку, паглядзіце, як цяпер людзі апрацоўваюць зямлю, як сеюць, якія ў нас машыны, і наогул... Карацей кажучы, пераапранайцеся, касцюм ваш новы вісіць у шафе. Для вас падабралі рэтраадзенне, больш звыклае, чым цяперашняе.
— Аднекуль я ведаю, што адзенне ў вас шчыльна аблягае цела, як другая скура, і рэагуе на вонкавую тэмпературу. Калі горача, яна стварае прыемную прахалоду, калі холадна — сагравае.
— Усё так і ёсць. Пераапранайцеся, я вас чакаю на ганку.
Карней надзеў штаны, тэніску, куртку, паглядзеў на сябе ў люстэрка і зноў збянтэжыўся: свядомасць яшчэ не здатная была ўспрыняць новы вобраз. Але ён не стаў любавацца сабою, а хутка пайшоў да доктара, каб не прымушаць таго чакаць.
— Ну, як цяпер сябе адчуваеце? — доктар кінуў на пацыента зацікаўлены позірк.
— Не ведаю, што і сказаць. Старасць з маладосцю змагаюцца ўва мне. А хто пераможа?..
— Пажывём — пабачым. Зірніце, вунь дзеці гуляюць у футбол. Там Уладзік...
— Добра. А дзе ж мой аднарог?
— Знойдзеце яго на поплаве, — адказаў доктар і таропка вярнуўся ў корпус рэабілітацыйнага цэнтра.
Карней пайшоў да футбольнага поля і доўга прыглядаўся да двух дзесяткаў светлагаловых хлапчукоў у аднолькавых жоўтых і блакітных майках, пакуль нарэшце пазнаў Уладзіка. Хлопчык так быў захоплены гульнёю, што, здавалася, нічога, акрамя мяча, не бачыў, і на вачах у Карнея забіў гол. Трэнер, які вёў і судзіў гульню, пахваліў Уладзіка, маўляў, малайчына, старайся.