14
Доктар вагаўся, быццам падбіраў у думках самыя правільныя і патрэбныя ў гэты момант словы, нарэшце сказаў:
— Вымушаны прасіць у вас прабачэння, шаноўны спадар Карней, за ўсіх навукоўцаў нашай установы. Такая недарэчнасць атрымалася... Супрацоўнікаў вельмі зацікавіў ваш аднарог, яны вырашылі даследаваць яго, злавіць не змаглі, здолелі толькі загнаць у ангар і замкнуць там да раніцы... А на другі дзень знайшлі жарабя мёртвым. Мы ўсе былі ў роспачы! Не паверыце! Дзяўчаты галасілі, як па нябожчыку!
— Божа, я ж папярэджваў! Аднарогі не жывуць у няволі! — з болем і адчаем у голасе папракнуў доктара Карней. — Як можна было так здзекавацца з далікатнай жывёлы!
А сам падумаў са злосцю, што схаваў аднарога ад Платонавічавых акадэмікаў, дык гэтыя даследчыкі даканалі Косю.
— Даруйце, даруйце нам! Я гатовы стаць на калені і прасіць прабачэння! Вінаватыя мы ўсе: наіўныя і дапытлівыя людзі! Нам здаецца, што гэты свет існуе толькі для нас! А на самой справе — гэта мы жывём дзеля яго! Кожнае жыццё не больш, чым паленца ў яскравым вогнішчы жыцця! — горача прамовіў доктар. — Калі гэтае няшчасце здарылася, мы вырашылі кланіраваць аднарога. Атрымаўся цэлы статак з ягонага матэрыялу. Выкарысталі ўсё да апошняй шарсцінкі!
— Выходзіць, у майго Косі і магілы няма?
— Няма! Якая ж магіла можа быць у міфічнай жывёлы? Міфы жывуць вечна! І аднарогі цяпер будуць вечныя.
— Якія ж гэта аднарогі? — з сарказмам заўважыў Карней. — Яны дурныя, як авечкі. На чалавека ніяк не рэагуюць. Голасу быццам не чуюць...
Доктар з усмешкай зірнуў на Карнея і прамовіў:
— А нашто ім людзі, калі пашы даволі і кампанія ў іх вясёлая ды шматлікая. Вось калі аднарог застаецца адзін, тады ён шукае сабе сябра. А вы ўсё ж хочаце вярнуцца назад?
— Я не ведаю, мо застаўся б... У мяне тут знайшлася прапраўнучка ў пятым калене. Але Уладзік засумаваў па маме і сястрычцы...
— Ён дзіця і не можа вырашаць, дзе яму лепш. Калі вы вернеце яго ў мінулы час, дык пазбавіце доўгага і цікавага жыцця...— Я пакуль не ведаю, што важней: вечнае жыццё тут ці гора маці, якая згубіла свайго сына. Можа, вы мне дапаможаце вырашыць гэтую задачу, доктар?
— Вядзіце сюды ўсю вашу вёску, разам з Уладзікавай мамай і сястрой...
— А маю памерлую жонку вы мне можаце вярнуць?
— Можам кланіраваць. Яна будзе як дзве кроплі падобная да вашай палавінкі.
— А што яна будзе ведаць і помніць пра мяне! Ці здолее пакахаць так, як кахала Васіліса? Не ведаеце? Дык навошта пачынаць справу, канец якой застаецца непрадказальным? Каб асуджаць сябе на новыя пакуты? А як я магу забраць з вёскі старую Тэклю, калі ў горадзе жывуць яе дзеці, унукі і праўнукі, якіх яна любіць больш за сябе самую і штодня чакае ў госці... Ды яна гэтую сваю ціхую і рэдкую радасць ніколі не памяняе на новую маладосць! Нічога, доктар, у маёй душы не змянілася. Калі я сустрэў сваю прапраўнучку, дык яшчэ вастрэй адчуў, які я стары. Не ў свой час трапіў! Пагасцяваў трохі, дзякую за ласку, пара дамоў збірацца.
Доктар маўчаў. Карней падняўся і пайшоў у двор. На ганку яго чакаў Уладзік. Хлопчык радасна кінуўся яму насустрач і спытаў:
— Дзядзька Карней, калі да мамы паедзем?
— Хутка, Уладзік. На жаль, Кося наш загінуў...
— Як? Чаму? — устрывожыўся хлопчык.
— Так атрымалася. Але на поплаве пасецца цэлы табун белых жарабят, пойдзем, выберам аднаго, прыручым, і будзе ён нам замест Косі. Мы ж не можам без яго дамоў вярнуцца. Там нас Платонавіч чакае... І твая мама, і Ангелінка...
— Пайшлі хутчэй, — згадзіўся Уладзік, узяў Карнея за руку і пацягнуў у бок поплава.
— Паспеем яшчэ, перш давай наведаем музей. Ты быў калі-небудзь у музеі?
— Не, не быў, а што гэта такое? — спытаў Уладзік.
— Г эта такі асаблівы будынак, дзе захоўваюцца розныя старыя рэчы, дзе пануе мінулы час. А мы, якія завіталі сюды з мінулага, можам даведацца тут пра сваю будучыню...
Карней з Уладзікам увайшлі ў музей, прайшліся па прасторных залах, разглядаючы розныя рэчы: каменныя прылады працы, наканечнікі стрэл, барану, саху, прасніцу, плуг ад трактара... Трапіліся ім фотаздымкі старой вёскі, на якіх Карней пазнаў і сваю хату. Потым падышлі да стэнду славутых людзей, доўга ўчытваліся ў знаёмыя прозвішчы, узіраліся ў партрэты. Людзей гэтых Карней не ведаў. Быў тут адзін пісьменнік, два лётчыкі, некалькі дэпутатаў Дзяржаўнай Рады і навукоўцаў, а сярод іх — астраном Астаповіч Уладзіслаў Францавіч.