— Ага, перакуліўся, — азваўся хлопчык.
Карней падняў худзенькае Уладзікава цела і пасадзіў у каляску.
— Слаба ты, хлопец, расцеш. Лёгкі, як пушынка, — сказаў Карней, штурхаючы перад сабою каляску.
— Каб я хадзіў, дык і рос бы, а так сяджу, бы корч пры дарозе, ніякага руху...
— Калі цябе ўжо маці адвязе да доктара?
— Не ведаю... Учора наша Ангелінка захварэла... Мама як павезла яе ў бальніцу, дык яшчэ не вярнулася.
— Нічога, патрывай, будзеш ты бегаць. Ніхто цябе не дагоніць, — суцешыў стары малога.
З двара ўслед за Карнеем выйшла жарабя. Было яно такой чыстай белай масці, што на сонцы аж балюча на яго глядзець. Здавалася, што поўсць зіхціць і пераліваецца срэбрам. Уладзік радасна заўсміхаўся, паклікаў да сябе стрыгунка:
— Косю-косю-косю!
Але жарабя не звярнула на яго аніякае ўвагі.
— Жарэбчык да чужых не ідзе, — заўважыў хлопчык.
Карней паправіў яго:
— Гэта кабылка, Уладзік. А кабылкі заўсёды больш асцярожныя...
— Прыгожая! Пашанцавала табе, дзеду, — такога коніка сярод балота напаткаць...
— Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло...
Пра тое, што Карней заблукаў у лесе, калі хадзіў у чарніцы, ведала ўся вёска. Два дні яго шукала міліцыя, а ён з’явіўся сам з жаробкаю і здзіўляўся, чаму яго шукалі, калі ён у тым лесе мо ўсяго гадзін на пяць забавіўся... Вясковыя жанчыны вырашылі так: мусіць, у Карнея падняўся ціск (калі дзед яго мерае?), страціў чалавек прытомнасць, а пасля ачомаўся ды і прысунуўся дахаты. Не стаў ім Карней тлумачыць, што тым днём ягоны гадзіннік быццам спыніўся... Ды і ўвогуле, хіба пра ўбачанае раскажаш? Падумаюць, звар’яцеў Карней. А вінавата ў прыгодзе якраз і было гэтае самае жарабя. Пайшоў за ім следам, хацеў злавіць. А яно ўсё не давалася, вось і прывяло старога дурня невядома куды...
Уладзік абарваў Карнеевы згадкі і папрасіў:
— Дзеду, пазыч, калі ласка, мне грошай на хлеб да пенсіі.
— Пенсіянер пенсіянеру ніколі не адмовіць, — усміхнуўся Карней. — Мо да хлеба яшчэ чаго хочаш прыкупіць?
— Не, мама сварыцца будзе... Мне толькі хлеб трэба. А там яна, як вернецца, дык няхай сама купляе...
2
Жанчыны сабраліся на пляцы каля будынка школы, што стаяў з павыдзіранымі вокнамі і разбітымі дзвярамі. Сюды звычайна прыязджала аўталаўка па аўторках і пятніцах. Здалёк сялянкі заўважылі Карнея, які ішоў злёгку накульгваючы (даўно балела правае калена) і вёз Уладзіка ў калясцы, прыязна заўсміхаліся.
— Нашы кавалеры ідуць, — сказала цётка з круглым тварам.
— Акрыяў Карнейка, а я думала не выжыве пасля смерці Мальвіны. Такі ўжо хадзіў як у ваду апушчаны, — уздыхнула другая.
— Яго жарабя на свеце і трымае. Ёсць дзеля каго жыць, — заўважыла трэцяя, — А слухайце, што чула... Фельчарка наша казала, што Інка моцна напілася і дала цыцку сваёй Ангелінцы. Дзіцятка як насмакталася таго малака з гарэлкаю, дык і пасінела ўсё. Цяпер у рэанімацыі ляжыць. Інка, мусіць, зноў запіла, а Уладзік без нагляду застаўся.
— Беднае хлапчанё, — заківалі жанчыны галовамі.
— Бяда, калі няма бацькі, а калі яшчэ і маці п’яніца — дык зусім гора вялікае, — сказала старая Тэкля, што сядзела на лаўцы, абапіраючыся на кіёк.
Да гурту падышоў мужчына сталага веку, жанчыны сустрэлі яго з павагаю.
— Як маецеся, Платонавіч? — спытала бойкая кабета.
— Нічога, жыву паціху.
— А дзе ж твая Максімаўна?
— Ды зноў паехала некуды па справах. Няма ёй ні пенсіі, ні адпачынку. Ды і гэта не блага. Я вось каторую з вас абдыму...
Платонавіч абшчаперыў тую, бойкую і мажную кабеціну. Яна роблена заверашчала, потым засмяялася, але не вырывалася, а даверліва тулілася да мужчыны. Ён выпусціў яе з рук, сказаў:
— Ладная ты маладзіца, Вольга, цябе з наскоку не абдымеш, трэба спярша патрэніравацца.
— Няма на каго мне сваю ласку траціць, хіба толькі на кароў, вось і абрастаю салам. Гэта мой арганізм так сябе бароніць, — яна зноў засмяялася.
На ўсю вёску засталося толькі двое мужчын: Платонавіч, жанаты з Леакадзіяй Максімаўнай, ды аўдавелы Карней. Жанчын жа было болей як дзясятак. Праўда, год таму з’явіўся ў вёсцы яшчэ Іван, мужчына няпэўнага ўзросту, якога тутэйшы люд называў Прыблудным. Прыйшоў ён невядома адкуль, заняў адну пустую хату і пераконваў усіх, што яму гаспадар дазволіў тут жыць. Іван нідзе не працаваў, шныраў па ваколіцах, падбіраў усё, што дрэнна ляжала, тым і жыў. Часта яго бачылі моцна п’яным. Старая доўгая вёска Вырай абязлюдзела і дажывала век, як і яе апошнія жыхары, якія, прадчуваючы свой паступовы зыход, стараліся трымацца гуртам, прыязна і сціпла.
У гэты час да вяскоўцаў падышлі Карней з Уладзікам, і ўсе позіркі зацікаўлена скіраваліся да іх. Мужчыны павіталіся за руку. Платонавіч не абмінуў увагаю Уладзіка. Хлопчыка гэта вельмі парадавала. Да пенсіі Платонавіч працаваў настаўнікам, усе яго паважалі, і для малога быў вялікі гонар — павітацца з ім за руку.