— Адчапіцеся, бабы, Іван мяне кахае, а вы зайздросціце! — адрэзала Іна і зноў пачала прасіць хлопца, каб прадаў ёй дзве пляшкі.
Той не стаў адмаўляць пакупніцы. Не меў права. Інка ўзяла гарэлку, прыціснула бутэлькі да жывата і хуценька пашыбавала ўздоўж вёскі, худая, даўганогая.
Жанчыны прыняліся лаяць Прыблуднага Івана, са з’яўленнем якога ў вёсцы пачало рабіцца абы-што. Яны былі перакананы, што гэта ён павыдзіраў вокны са школы; папрадаваў у іншых вёсках усё начынне, якое знайшоў там; парты пасек і спаліў замест дроў. У вяскоўцаў таксама пачалі знікаць чыгуны, косы ды іншыя жалезныя рэчы — Іван збіраў металалом. Але рабіў свае злачынствы ён таемна, ніхто яго за руку не злавіў. Усё, што Прыблудны мог панесці на сабе, цяпер трэба было хаваць і замыкаць. Раней якая жанчына ідзе на поле, зачыніць хату на затычку, каб відно было, што яе няма дома, а цяпер усе вешаюць вялізныя замкі, бо як Іван улезе, усё выграбе са скрыні, яшчэ і гаршчкі ў печы выліжа. Апусцелыя хаты ён даўно ўжо абшнырыў і вынес усё, што толькі мог. Г эта ж не чалавек — а насланнё нейкае, кара Боская!
Аўталаўка даўно паехала, а жанчыны ўсё стаялі, не разыходзіліся, разважалі пра свае вясковыя праблемы, а іх, як звычайна, было нямала. Захопленыя гутаркаю, яны і не заўважылі, як да іх пад’ехала на веласіпедзе Леакадзія Максімаўна, былая настаўніца тутэйшай школы, павіталася, і жанчыны спачатку паведамілі, што яе Платонавіч набраў цэлы мех харчоў ды пайшоў дахаты, а потым з абурэннем пачалі расказваць ёй пра Інку, якая, аказваецца, Уладзіка не лечыць толькі таму, што жыве на ягоную пенсію.
— Вы разумная жанчына, прыдумайце, Максімаўна, як дапамагчы хлопчыку, — сказала Вольга. — Зусім сап’ецца Інка з гэтым Іванам.
— Буду ў раёне, параюся з начальствам... Хоць няма ў мяне веры... Расчаравалася я зусім... і ва ўсіх, — адказала Леакадзія Максімаўна.
— Калі ўжо і вы, дык што ж нам? — адказала Вольга і спагадліва спытала. — А вы ўсё за школу ваюеце?
— Што ўжо за школу ваяваць, калі няма дзяцей у вёсцы? Хоць бы музей стварыць... Міне колькі гадоў, нікога з нас не застанецца... Знікне, памрэ разам з намі вёска Вырай. Каб хоць якая памяць засталася. З нашага селішча выйшла шмат адукаваных людзей. Няхай бы іхнія ўнукі прыязджалі ды пра сваю радзіму і род нешта даведваліся...
Жанчыны згодна ківалі ў адказ галовамі і з гаркотаю ўяўлялі той час, калі ўсе яны пераселяцца на могілкі да продкаў, а ў вёсцы застанецца адзін Іван Прыблудны рабаваць рэшткі іхняга жытла. І зноў не стрывала Вольга і прамовіла:
— Памажыце, Максімаўна, як бы нам выгнаць гэтага Прыблуднага Івана з вёскі, ён нам усё жыццё атруціў.
— Мы выганім, а ён, як зараза, у суседняе сяло пяройдзе, — адказала Леакадзія Максімаўна.
— Ён жа Інку зводзіць! Пакуль не было яго, жыла яна маладзіца маладзіцай. А цяпер як звар’яцела ўсё роўна, — даводзіла Алена. — Ненавіджу п’яніц, так за век свой нагаравалася з гэткім жа, дзясятаму закажу...
— Трэба з участковым параіцца, мо ён што прыдумае...
4
Карней у паўвуха слухаў расповед Платонавіча пра нашых футбалістаў, якія перамаглі казахскую каманду, а сам усё думаў пра свайго Косю. Ці не Іван гэта жарабяці каменем набіў гузака? А калі сапраўды ён той самы міфічны аднарог, што завёў яго невядома ў які час, дзе ўсё інакшае... А мо, гэта сон такі быў? Прымроілася нешта, быццам на яве...
Карней з Платонавічам сядзелі на лаўцы ў цяньку пад бэзам, тут жа прымасціўся і згарнуўся клубочкам кот, быццам драмаў пад іхнюю гамонку. Між штыкецін пралезла курыца і нешта дзяўбла ў сябе пад нагамі. Жарабя скубло траву каля плота.
— Паслухай, Платонавіч, я думаю, мо гэта Іван набіў майму жарабяці шышку на лбе, а ты выдумаў, што ён аднарог.
— Давай паглядзім... Вось акуляры на нос уздзену, — з гатоўнасцю адказаў Платонавіч.
Карней паклікаў жарабя, і яно паслухмяна прыбегла да гаспадара, тыцнулася храпаю ў далонь. Платонавіч разгроб грыву, уважліва разгледзеў шышку, якая нагадвала вялікую чорную перліну, а самы канец быў чырвоны, быццам упрыгожаны рубінам, памацаў пальцам і зрабіў выснову:
— Натуральны рог! Ніякае гематомы няма... Рог, ён і ёсць рог! Дажыліся! З-за чарнобыльскай бяды ўжо коні рагатыя нараджаюцца...
— А калі ён сапраўды аднарог? — дапытваўся Карней.
— Ну, гэта ж толькі казка! — засмяяўся Платонавіч. — Хаця ў сярэднявеччы людзі ахвотна верылі ў гэтую казку. Лекі з чароўнага рога шырока прадаваліся і каштавалі дужа дорага.