Выбрать главу

— А раптам сапраўды такая жывёла жыла на свеце?

— Не думаў я, што ты, Карней, такі рамантык. Але калі ўжо на тое пайшло, дык слухай. Шмат хто паляваў на аднарога, але злавіць яго было немагчыма. Толькі ж да цнатлівай дзяўчыны ён падыходзіў сам, клаў ёй галаву на прыпол і заміраў. Разумееш, Карней, цнатлівак ён любіў! А твайму аднарогу не будзе з кім душу пацешыць. У нас адны старыя бабы. Праўда, Інка маладая, ды і тая збілася з дарогі.

Платонавіч задуменна зірнуў удоўж вуліцы і ўзрадавана сказаў:

— Мая палавіна едзе... Зараз нешта раскажа цікавейшае...

Да іх наблізілася на веласіпедзе Леакадзія Максімаўна, звыкла прытармазіла, памаладому саскочыла з двухколавай машыны, прывіталася. Па яе твары Платонавіч адразу зразумеў, што настрой у жонкі дрэнны: вусны падціснутыя, бровы ссунутыя да пераносся.

— Ну, што ты, Ліка, выездзіла? — спытаў Платонавіч у жонкі.

— Анічога, хваробу сабе на галаву, — раздражнёна адказала яна.

— Колькі разоў казаў табе: пайшла на пенсію, дык адпачывай, займайся сабою, а то ўсё шукаеш нейкіх прыгод.

— Як ты можаш так казаць, калі школа, якой ты аддаў усё жыццё, развальваецца на вачах? А з яе ж палац можна зрабіць, музей, ды ўвекавечыць нашу вёску і тысячы тых людзей, якія абраблялі гэтую зямлю ці нарадзіліся тут і шчыруюць дзеля беларускай навукі і культуры! У нас жа нават акадэмік ёсць!

— Годзе мітынгаваць, я ж заўсёды быў за адно з табою! Але супраць плыні не паплывеш! — паспрабаваў супакоіць жонку Платонавіч. — Мо дарма ты далёка ходзіш па дапамогу? Папрасі нас з Карнеем, і мы паціху пачнём ладзіць стэнды для твайго музея проста ў нас дома. Збірай матэрыялы. Раней у Вырай людзей больш прыбывала, чым выбывала. Некалі і мы, залётныя птахі, звілі тут з табою гняздо. Цяпер з нашага Выраю людзі, на жаль, адно на могілкі вылятаюць. Як ні круці, мыўжо не маладыя. Застанецца пасля нас дом-музей, падорым яго сельсавету і будзем з таго свету назіраць за ім...

Леакадзія Максімаўна горка ўсміхнулася і прамовіла:

— Люблю цябе за тваю разважлівасць, усё жыццё я гару, як агонь, а ты павольны, быццам вада ў нашым возеры.

— Эге, падчас навальніцы наша возера так можа ўсхадзіцца, што ўсялякую лодку перакуліць, — заўважыў Карней.

— Мой Платонавіч у маладосці таксама шмат пласкадонак куляў, ледзьве яго ўтаймавала, — засмяялася жанчына. — Затое цяпер ён капітан бывалы, ніякага шторму не баіцца і кіруе нашым сямейным караблём дасведчана і разумна. Пайшлі, капітан, даўно абедаць пара, годзе чужыя лаўкі праседжваць. Ну і прыгожае жарабя ў цябе, Карней, проста, як лялька, не налюбуюся...

Платонавіч нетаропка падняўся з лаўкі і пашыбаваў услед за жонкаю. Карней працягнуў руку да Косі, памацаў рог на ілбе і сказаў сабе:

— Пажывём — пабачым, што ў цябе там вырасце.

Аднекуль з другога канца вуліцы пачуўся лямант, плакала жанчына. Карней прыслухаўся, пазнаў голас Вольгі і пайшоў на яго. Здалёк пачуў, што яна ці то прасіла дапамогі, ці то праклінала каго. З двароў павыходзілі жанчыны і нетаропка пасунуліся ёй насустрач. А Вольга бегла сама, без хусткі, з распатланымі валасамі і заплаканымі вачыма.

— Людцы добрыя, ратуйце! Злодзей грошы ўкраў! Усё да капеечкі выцягнуў! А Божачка літасцівы, што ж мне цяпер рабіць?!

Вяскоўцы абступілі Вольгу, пачалі распытваць, што з ёю здарылася. Тая распавяла, што грошы, якія атрымлівала за здачу малака, хавала пад падушку, кінулася ў схованку, а яна пустая, маўляў, і сабакі не брахалі, а грошы ўкралі...

— Мо ты куды ў іншае месца паклала ды забылася? — спытала старая Тэкля. — Я часцяком гэтак, нешта абы-дзе кіну, а пасля шукаю...

— Не, цётачка, адна ў мяне схованка была....

— А ці шмат грошай? — пацікавіўся Карней.

— Не ведаю, апошнім часам і не лічыла... Атрымаю за малако ды і загарну ў хустачку...

Карней зразумеў, што яна не хоча называць лічбу. Вольга лічылася ў сяле багачкаю, трымала тры каровы, штодня здавала шмат малака.

— Трэба ўчастковага клікаць, — параіў Карней.

Жанчыны хорам пачалі крычаць, што без участковага перакананыя: гэта Іванава работа. Інку ён пасылаў да аўталаўкі па гарэлку, а раней жа сам гнаў самагонку ў лесе ды яшчэ мужчынам у суседнюю вёску прадаваў. Скуль у яго грошы? Жанчыны раілі Вользе ісці да Івана і патрабаваць украдзенае, а яны будуць сачыць, каб чаго не здарылася... Карней не стаў увязвацца ў гэтую бабскую авантуру, пашыбаваў з Косяю дамоў, бо разумеў, што ў прайдзісвета дарма пытаць праўды. Калі ён сапраўды ўкраў грошы, дык хіба аддасць па добрай волі, а пакуль факт кражы не даказаны, дык чалавека нельга злодзеем называць. Прэзумпцыя невінаватасці...