Выбрать главу

6

Уладзік чакаў маму. Ён сядзеў у калясцы і пазіраў на весніцы. Хмары, якія ўвесь дзень разгортваліся сувоямі над вёскаю, да вечара скаціліся за далягляд, неба ачысцілася, вецер аціх, і, каб не камары ды мухі, якія гэтай парою былі асабліва ўедлівыя, дык лепшага часу і нельга было жадаць. Уладзік не бачыў сонца, якое схавалася за хатаю і збіралася на начлег. Ды і сам хлопчык збіраўся ўкладвацца спаць. Як жа ён здзівіўся, калі раптам весніцы асцярожна, з рыпам, прыадчыніліся, і ў шчыліну прасунулася белая пыса. Блакітнае вока міргнула чорнымі вейкамі. Уладзік пазнаў Карнеева жарабя, працягнуў да яго руку і радасна паклікаў:

— Кося! Кося! Заходзь у двор! Тут нікога няма! Я адзін!

Жарабя быццам зразумела хлопчыка, увайшло ў двор, тыцнулася ва Уладзікаву

далонь. Хлопчык згадаў пра недаедзены батон, які ляжаў тут жа ў калясцы, адламаў ладны кавалак і працягнуў жарабяці. Яно панюхала белы мякіш і пачало нетаропка са смакам, есці.

— Ах ты, мой ласкавы! Ах ты, мой прыгожы! І ты згубіў сваю маму, а таму мусіш жыць у дзеда Карнея. Я разумею цябе... Без мамы дрэнна. Мая мама хутка вернецца з бальніцы разам з Ангелінкаю. І твая мама знойдзецца, вось пабачыш, — пераконваў Уладзік жарабя, трымаючы на далоні адной рукі кавалак батону, а дру­гою гладзячы яго па шыі.

Кося даеў хлеб, лёг побач з каляскаю, а галаву паклаў на Уладзікавы ногі. Хлопчык доўга гладзіў жарабя і незаўважна заснуў пад высокімі, здавалася, такімі блізкімі зоркамі. Ён не бачыў, як падалі знічкі, здатныя здзейсніць самае неверагоднае жаданне, не чуў, як кукарэкаў певень, спачатку склікаючы курэй на начлег, а потым будзячы іх раніцаю.

Уладзік спаў і сніў дзівосны горад, дзе цягнікі з яркімі каляровымі вагончыкамі лёталі проста ў паветры, а будынкі былі такія ж круглыя і прыгожыя, як велікодныя яйкі. Людзі хадзілі ў дзіўным лёгкім адзенні, якое шчыльна аблягала целы і пералівалася рознымі адценнямі, ад цёплых да халодных, быццам рэагавала на кожны павеў ветру. І сам Уладзік быў апрануты гэтак жа. Ён ішоў па вуліцы, такой знаёмай, быццам гэта была тая самая вясковая вуліца ў Выраі, дзе ён цяпер жыў. Звярнуў у парк, які вырас на цяперашнім поплаве. А за паркам было футбольнае поле проста на беразе возера. Там ён угледзеў хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол, далучыўся да іх. Гэтых дзяцей ён бачыў упершыню, але здавалася, што яны даўно знаёмыя. Яму крычалі:

— Уладзік, пасуй! Сюды, бі!

Ён часам слухаў каго з сяброў і даваў пас ім, іншы раз вёў мяч туды, куды хацеў, забіваў гол і бегаў, бегаў! З асалодаю! Без стомы і знямогі! Ногі ягоныя былі дужыя і спрытныя! За ім здалёку назірала белае жарабя і, здавалася, радавалася за яго.

Уладзіка абудзіла сонца. Яно пачало свяціць яму проста ў вочы. Ад гэтага сляпучага ззяння, якое прабівалася нават праз вейкі, хлопчык прачнуўся, з расчараваннем пабачыў, што жарабяці побач няма, але ён усё роўна быў удзячны гэтаму хоць і нечаканаму, але такому жаданаму вечароваму госцю.

Уладзік павярнуў каляску, каб сонца не біла ў вочы, і доўга згадваў свой шчаслівы сон, у якім ён быў здаровы і моцны. Як бы яму хацелася вось гэтак не ў сне, а на яве хоць адзін раз згуляць у футбол. За гэта ён гатовы аддаць усе свае хлапечыя скарбы: стары замок без ключа, каляровыя алоўкі і нават кніжку казак, якую яму падаравала Леакадзія Максімаўна.

«Не дарма мне прысніўся гэты сон, — падумаў Уладзік. — Аднойчы вернецца з заробкаў тата, прывязе шмат грошай, якіх хопіць на дарогу да вялікага горада і на лекі. Ён завязе мяне да тых дактароў, якія вылечаць мае ногі. І калі гэта здарыцца, я буду толькі бегаць і хадзіць, хадзіць і бегаць. Мо нават спаць буду стоячы, каб ногі не развучыліся рабіць сваю звычайную справу...»

Да Уладзіка падышоў кот, пачаў мяўкаць і прасіць есці.

— Прагаладаўся? — спытаў хлопчык. — А чаму мышэй не ловіш? Каб у мяне былі такія лапы, як у цябе, я б усіх мышэй разагнаў бы ў вёсцы.

Ён адламаў ад батона невялікі кавалак і даў кату, які сквапна накінуўся на хлеб. Уладзік агледзеў рэшту булкі і засмучана падумаў, што калі і сёння не вернецца мама, давядзецца яму галадаць да новай аўталаўкі, перабівацца яблыкамі.