— Ты думаеш, што мой канёк сапраўды чароўны?
— Я біёлаг, Карней, атэіст. У цуды ніколі не верыў. Можа, прырода вырашыла пакараць мяне за нявер’е. Калі тваё жарабя — не мутант, а сапраўды прадстаўнік невядомага віду жывёл, мусіць, я звар’яцею ад шчасця ці ад немагчымасці зразумець гэты феномен. Безумоўна, я не маю магчымасці правесці генную экспертызу, але ж, думаю, іншых навукоўцаў гэтая жывёла зможа зацікавіць, а яны ўжо зробяць высновы. Слухай, ну, чаго ты вылупіўся, як неразумнае дзіця. Пайшлі хутчэй...
8
На вуліцы было бязлюдна, толькі куры хадзілі, як сапраўдныя гаспадыні. Вёска згубілася сярод лясоў ды балот, не кожны дзень тут машына праязджала.
Карней з Платонавічам выйшлі за ваколіцу на поплаў, не надта вялікі, раней яго не хапала для пашы тутэйшага статку, а цяпер раздолле, але нікому непатрэбнае. Тут пасвіліся на прывязі толькі тры Вользіны каровы. Правы край поплава густа парос лазою, за якою хавалася вялікае возера. Яно папаўнялася вадою з глыбокага яру, за якім узвышалася лысая выспа. Старыя людзі казалі, што на гэтым пясчаным узгорку было некалі шмат курганоў, але ці нехта іх раскапаў, ці вецер развеяў пясок, але не засталося ад іх і знаку. За выспаю раскінулася балота, не надта топкае, дзе людзі штогод запасаліся журавінамі. Яно паступова пераходзіла ў вялікі лес, густы і амаль непраходны.
— Не відно твайго Косі, — занепакоіўся Платонавіч.
Карней паціснуў плячыма, маўляў, няма дык і няма.
— Я табе скажу, Карней, нельга пакідаць маладняк без нагляду, — даводзіў сусед. — Вунь Інка свайго малога пакінула і дамоў не паказваецца, а ён яе чакае. Мая Максімаўна хацела да нас яго ўзяць. Дзіця без нагляду адно, галоднае. Не пайшоу, кажа: буду маму чакаць. Ну, занесла мая яму паесці і адчапілася. Ці гэта правільна, каб дзіця пры жывой матцы жыло без догляду?
— Што тут зробіш, Платонавіч? Той Інцы ў душу не залезеш і галаву сваю не прыставіш. Разгубілася жанчына, маладая яшчэ... Сама не навучыцца, дык жыццё навучыць... Ці не чуў, як там Вользіны грошы?
— Прыязджаў участковы, але ні Івана, ні Інкі не застаў. Мо дзе ў горад падаліся баляваць... Мусіць, Вольга шмат грошай назбірала...
— Кося, Кося! — паклікаў Карней жарабя.
Між кустоўя мільганула белая постаць.
— Вунь дзе яно, ажно ля берага, — узрадаваўся Платонавіч. — Не кліч яго пакуль. Пайшлі да вады, там будзем праводзіць эксперымент.
— Які? — насцярожыўся Карней.
— Пабачыш...
Мужчыны мінулі кустоўе і выйшлі на пясчаны бераг возера. Дзве збуцвелыя лодкі дагнівалі ў вадзе. Гаспадары іхнія, заядлыя рыбакі, даўно памерлі. Раней Карней таксама любіў пасядзець з вудай на беразе, але пасля чарнобыльскай аварыі страціў цікавасць да гэтага занятку, бо разумеў, што разам з вадою, якая імкліва з палеткаў у возера сплывала, трапляла сюды і радыяцыя. Вясковыя жанчыны называлі яе па-свойму — «рацыяй». З таго часу ўсе селішчы іхняга раёна дзяліліся на тыя, якія маюць «рацыю», і тыя, якія яе не маюць. Лічылася, што ў Выраі радыяцыі няма, таму тутэйшыя жыхары ніякіх ільгот не мелі ў адрозненне ад іншых вёсак, якія акалялі іх. Той-сёй з вырайцаў нават зайздросціў суседзям. Карней раней жартаваў, што палешуку ніякая радыяцыя не страшная, ён ператворыць яе ў рацыю і будзе жыць. Аднак памыляўся. Людзі паціху, па адным паміралі. І Васіліса пайшла ў лепшы свет. Не да жартаў цяпер Карнею, сумна і самотна аднаму на свеце.
Жарабя піло ваду і гожа адлюстроўвалася ў нерухомай азёрнай паверхні. Платонавіч прыгледзеўся да берагу, азірнуўся на свае сляды і здзіўлена сказаў:
— Паглядзі, ні аднаго слядочка ад капытоў твайго Косі, быццам ён прайшоў і зямлі не крануўся. А гэта адна з прыкмет чароўнасці.
— Можа, ён з таго боку па траве ў ваду ўвайшоў, — запярэчыў Карней.
— Можа, можа... Паглядзі, якая вада каламутная, чорная, возера на тарфяністым глеі ляжыць. А цяпер зірні, што робіцца каля Косі...
Сапраўды, каля жарабяці вада зрабілася такая празрыстая, што ў ёй яскрава бачыліся касякі малькоў, якія быццам гулялі вакол ягоных ног.
— Гэта яшчэ адна прыкмета, — пераможна зазначыў Платонавіч. — Так што, Карней, гэтую рэдкую жывёлу трэба адпраўляць на даследаванне ў Нацыянальную акадэмію навук.
— Давай пачакаем, няхай жарабя вырасце, а тады падумаем, — прапанаваў Карней.
— Ты ўпэўнены, што гэтая чароўная кабылка ў цябе застанецца назаўсёды?
— А чаму б і не?
— Зразумей, чалавеча, гэта ж міфічная жывёла! Яна як цуд! Тут ёсць, тут няма! — даводзіў Платонавіч. — Раю табе, бяры жарабя, вядзі ў хлеў і замкні. Няхай біёлагі разбіраюцца з гэтакім дзівам. Глядзі, у яго і капыты крыху надрэзаныя, нешта сярэдняе паміж казлінымі і конскімі, ды і ногі занадта тонкія.