Выбрать главу

Янка Купала

Адплата каханьня

З праўдзівага здарэньня
Вы хочаце казкі? — ну, добра, ну, ладна! Садзіцеся во дзе, і слухаць прыкладна! Я ж збаю, пакуль дзень загляне ў аконца, Ды толькі не казку, а праўду, як сонца. На сьвеце на белым, пад Гайнай убогай, Жыў шляхціц багаты; меў поля ён многа, I конікаў сытых, і ўсякай скаціны, I грошы, што чуць іх не мерыў асьмінай. Не знаў ён, што голад, што холад, што праца, Еў смачна, спаў доўга, — пан істы з палаца! Шмат слуг на яго працавала у полі, Што праўда — галодных, абдзёртых найболей, А ён жа, ім плацячы марныя злоты, Стаяў, як над быдлам, ганяў да работы.
Во гэты то шляхціц, во гэты багаты, Пан новай і гонтамі выкрытай хаты, Меў некалькі сёстраў, а стройных і мілых, Прыгожых у твары, здаровых на сілах; Кроў, проста, здаецца, зьмяшаная з млекам, — Спаткаўся дзе зь імі — бяда з чалавекам: Загіне напэўна з душою прастачай, I сонца не ўгледзіць, і хаткі не ўбача! Аж так шчараваці патрапяць галубкі I іхнія грудзі, і вочы, і губкі! А надта ж адна зь іх, што звалася Зосяй, І зграбненька ходзіць, галоўку лепш носе, I лепей сьмяецца, і лепей міргае, А ўся, як малінка, як кветка жывая! Ці дзе загаворыць, ці песьню зацягне, То слухаў бы вечна, — так кожны прысягне. Ой, гэтакай песьні, ой, гэткай гаворкі Аж слухаюць птушкі, ўсьміхаюцца зоркі. Цяпер вам цікавасьць, ці гэта паненка У грудках у пышных, пад крамнай сукенкай, Ці мела там сэрца, што шчырым каханьнем Магло адазвацца хоць раз прад скананьнем? Ой, мела напэўна, ой, моцна кахала! Цяпер так сардэчна кахаюцца мала.
Пад горкай пад крутай, пры ціхай далінцы, Над вузенькай рэчкай, абапал гасьцінца, Расьселіся хаты апушчанай вёскі, Ў якое то садзік, то дзьве-тры бярозкі Ясьнейшым прыветам здаюцца для хатак, А далей — вясковы адзін недастатак. Пахілыя хаты глядзяць на староны, — На стрэхах камамі парос мох зялёны, Струхлеўшыя сьцены ў зямлю паўязджалі, А шыбы у вокнах не больш па дзьве цалі.
Цікавасьць, ці праз так малое аконца Загляне у хатку калі-небудзь сонца?
У нізкай хацінцы, ў адной з найбяднейшых Ў адной з найкрывейшых, ў адной з найцямнейшых Рос Янка Лявончык, па бацьку — Прывада; Прыгожы быў хлопец, дзяўчатак прынада; Што возьме, то зробіць, зух першы ў забаве, Не мае плям чорных на сэрцы, на славе. У вёсцы у роднай ён добрым суседам, Не крыўдзіць дзяцей, не сьмяецца над дзедам, Прыветліва з кожным спаткаўся, расстаўся. Ой, добры быў Янка, хоць з горам то знаўся. У двор на работу хадзіў ён штодзенна, Там з працай усякай спраўляўся сумленна; Дзе толькі ні стане, працуе ў ахвоту, I славы дакажа, рваць будзе да поту. Сталетнюю хвойку паваліць у боры, Корч выдзерці ў пасецы Янка не хворы; Загончык як выараў — глянуці міла, Пракосік прагоніць — то значна, дзе сіла. За рукі, за працу — і чэсьць, і пахвала! Быў Янка работнік, якіх цяпер мала! А хоць грашмі бедзен, другім чым багаты: Зайздросьцілі хлопцы, любілі дзяўчаты; Любіла і Зося, шляхецкая дочка, А гэтаму сьведкай і садзік, і ночка.
Хто пройме, прагледзіць спатканьні, гулянкі, Мірганкі і шэпты каханка, каханкі? Хто зьлічыць, паколькі друг дружку цалуе, Галубіць і туліць, пяшчотна мілуе? Ой, трудна пазнаці, ой, трудна збадаці. Здаецца, штось бачыш, ды рэшты не знаці! Бо ночка каханьню спрыяе заўсёды, Збаўляе каханкаў ад кепскай прыгоды. А шчыра ж, а міла і Зося, і Янка, — Янук, сын мужыцкі, а Зоф'я, шляхцянка, — Што ночку без сьведак адны караталі, Аб шчасьці каханьня салодка шапталі. А часам і смутныя думкі зазвоняць Да сэрц закаханых, — яны іх разгоняць, Абняўшыся шчыра, сваім цалаваньнем. Эх, добра хоць трохі пажыці каханьнем! Так смутна, так горка таму жыць на сьвеце, Каму лёс каханьня ў душы не расквеце, Хто братняй душы у жыцьці не спаткае, Зь якой бы і любасьць сплывала сьвятая, Зь якой бы і горам сваім падзяліўся, I ў жалі паплакаў, к грудзям прыхіліўся. «Эй, Зося! — так Янка гаворыць, бывала. — За што мяне шчасьце такое спаткала? А можа, няшчасьце, а можа, і сьлёзы? I сам я не знаю, ці п'ян, ці цьвярозы. Ты — панна, і любіш мужыцкага сына, Убогага хлопца — пасажна дзяўчына; Што людзі, што брат твой на гэта нам скажа, Як праўду пазнае, загадку разьвяжа? Ты ж паняй і будзеш, і выйдзеш за пана А я буду плакаць ад рана да рана Аж высахне сэрца, кроў ў жылах застыне, I ўсё з таго жалю па пекнай дзяўчыне». А Зося за шыю да сэрца прыцісьне «Ой, Янка, ой, лгун, ты пляцеш так сумысьне Ці ж Зосі не верыш, што шчыра так любіць, Што Янку праз любасьць напэўна не згубіць? Як любіць сягоньня — любіць будзе вечна. I Янка мой добры спаць можа бясьпечна». — Так Зося гаворыць, і Янка забыўся, Што з паннай з багатай так шчыра зьлюбіўся, — Цалуе, мілуе, і ночкі ім гэтак Мінутай праходзяць; аж летнія ўсе так К канцу ўжо збліжаліся; поле пусьцела, I восень падходзіла сьціха, нясьмела. I вось хоць нарэшце лёс чорны іх здрадзіў: Падгледзеў брат Зосін іх сходкі у садзе. Ноч цёмнай пасьцілкай зямлю абхінула, Жыцьцё ўсё замёрла, прырода заснула. На небе дзе-недзе забліскалі зоры, Наехалі хмараў дажджлівыя горы, I зоркі пагаслі, і ўсё сьпіць у згодзе, Адзін чалавек толькі сну не знаходзе, Не сьпіць пан Лаўчынскі, той шляхціц багаты, Агонь яшчэ сьвеціцца з панавай хаты. Страшэннаю помстай палае блюзьнерца, Як ноч на Пакровы, — сам чорны і сэрца; Не бачыць ён сьвету, ні праўды, ні Бога, Не хоча ўжо знаці нікога, нічога, Ўсё ходзіць па хаце, шалее са злосьці. «Як можна? шляхцянка — род панскі, косьць з косьці, — З мужыцкай крывёю зьмяшаціся хоча. На сьвет паказаці не будзе як вочаў. Той Янка, хамула, паненку абыме… О! Сьмерць яго ўперад зь зямлі гэтай прыме!» Так чорныя думы адна за адною Снуюцца ў тырана, як стада зімою Ваўкоў згаладалых, не сытых ніколі, Шукаючы жыру, валочацца ў полі, Валочацца, аж дзе ахвяру спаткаюць, I выдзеруць сэрца, і вочы зглытаюць. Эй, страшна, эй, жудка спаткацца з ваўкамі. Страшней жа з тым зьверам, што ходзіць між намі, Як мы, чалавекам, а сэрцам — пантэра! О, гэткі зьвергоршы за ўсякага зьвера! Снуецца Лаўчынскі па хаце, як мара.